Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Віко́нт ’дваранскі тытул у Францыі, Англіі і інш. краінах’. Слова запазычана з рус. виконт < франц. vicomte < лац. vicecomes ’намеснік выхавацеля’ (КЭСРЯ, 81; Шанскі, 1, В, 97; Даза, 750).

Віко́ўя ’салома ад вікі’; ’ралля, дзе расла віка’ (КЭС, лаг.). Да віка (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ov‑ьje для абазначэння ’сцяблы і лісце’. Іншае значэнне ’ралля, дзе расла віка’ з’яўляецца другасным, пераносным. Параўн. таксама ві́каўе (гл.).

Ві́ксва ’балотная трава асака’ (гродз., вілен., Карл.). Рус. йонаўск. віксва, польск. усх. wikswa, vʼiksfa, vʼiksvʼa, vʼiksʼvas ’асака’. Запазычана з літ. viksvá ’асака’ (Развадоўскі, RS, 5, 1922, 1–25; Атрэмбскі, JP, 16, 1931, 84; Зданцэвіч, LP, 1960, 351; Вяржбоўскі, 172–173).

Вікт ’ежа, харчы’ (Гарб.), ст.-бел. виктъ ’харчы’ (1664 г.). Укр. вікт, польск. wikt, wicht ’тс’. Запазычана з польск. wikt < лац. victus ’харчаванне, ежа’ (Булыка, Запазыч., 63).

Віктары́на ’гульня ў адказы на пытанні з розных галін ведаў’ (БРС, КТС). Укр. віктори́на. Запазычана з рус. викторина ’тс’ < лац. victoria ’перамога’ з памяншальным суфіксам ‑in‑.

Вікто́рыя ’назва гатунку некаторых агародных і садовых раслін (буракоў, клубнікі)’; ’травяністая вадзяная трапічная расліна з вялікімі кветкамі і плаваючым лісцем’ (БРС, КТС) узнікла шляхам пераносу з лац. victoria ’перамога’.

Вікун’я ’капытныя жывёлы, крыху падобныя да вярблюдаў, Auchenia vicunna, Camelus vicunna’ (КТС). Запазычана з рус. вику́нья < перуанск. wikunia. Параўн. таксама вігонь (гл.).