Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Візі́т ’наведванне’ (БРС, КТС), ст.-бел. визытъ, визит ’наведванне’; ’дакумент аб выніках праверкі’ (1521 г.) запазычана (Булыка, Запазыч., 63) з польск. wizyta < франц. vizite; гэтаму пярэчыць Крукоўскі (Уплыў, 76). Магчыма і непасрэднае запазычанне з франц. visite.

*Візітава́ць, візытава́ць ’наведваць з мэтай агляду’ (Нас.). Укр. уст. візытувати, рус. визитировать ’тс’ і г. д. Ст.-бел. визытовати, визитовати ’інспектаваць’ (1608, 1627 г.). Запазычана са ст.-польск. wizytować < лад. vizitare (Булыка, Запазыч., 63).

Візітант ’наведвальнік’ (КТС, Якуб Колас). Запазычана з польск. уст. wizytant ’тс’.

Візітацыя ’праверка ваенным суднам дакументаў і грузу на сустрэтым у адкрытым моры падазроным судне’ (КТС). Запазычана з рус. визитация ’тс’. Ст.-бел. визытацыя ’інспекцыя’ (1635 г.) паходзіць са ст.-польск. wizytacja < лац. vizitatio (Булыка, Запазыч., 63). Сюды ж ст.-бел. визытаторъ, визитаторъ (1691 г.) ’інспектар’ (Булыка, Запазыч., 62), якія паходзяць з польск.-лац. visitator.

Візітка ’візітная картка’ (КТС). Запазычана з рус. визитка, якое ўтварылася шляхам намінацыі ад визитная карточка пры дапамозе суф. ‑ка.

Візіцёр ’наведвальнік’ (БРС). Запазычана з рус. визитёр, франц. visiteur ’тс’ (Шанскі, 1, В, 95–96).

Візіянер ’чалавек, які мае схільнасць да галюцынацый’ (БРС). Запазычана з франц. visionnaire ’празорца, дзівак’ < лац. visto ’бачанне’ праз польскую мову. Сюды ж візіянерка, візіянерскі (БРС), візіянерства (КТС).

Візуальны ’які праводзіцца простым або ўзброеным вокам’ (БРС). Запазычана з рус. визуальный ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 76) < лац. visualis ’бачны’ (Шанскі, 1, В, 96).

Візурэнак, візэрунак ’узор’ (КТС), ст.-бел. визерунокъ ’малюнак, узор’ (1596 г.), укр. візерунок ’тс’. Запазычана са ст.-польск. wizerunk вобраз’ > польск. wizerunek (Булыка, Запазыч., 62) < ням. уст. Visierung ’партрэт, вобраз’ < франц. viser ’меціць’ (Мацэнаўэр, 369).