Прыісто́башнік ’прыбудова да істопкі’ (Ян.), прысто́башнік, прысто́пчынік ’частка стопкі перад уваходам’ (рагач., пух., Сл. ПЗБ), прысто́пнік ’перад клеці; кладоўка’ (Ян.; люб., ЛА, 4). Ад істо́пка/сто́пка ’памяшканне для захавання агародніны і іншых прадуктаў’ (гл.) з узнаўленнем этымалагічнага ‑b‑.
Прыймо́ — прапанаваны Станкевічам заменнік для прыём (гл.), які лічыцца русізмам, па тыпу пераймо́ (гл.) і пад. (Станкевіч, Зб. тв., 1, 59).
Прыймя́ ’прыназоўнік’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.). Позняе прыставачна-бяссуфікснае ўтварэнне ад імя́ (гл.). Параўн. такога ж кшталту лінгвістычны тэрмін займя́ ’займеннік’. Не выключаны ўплыў польск. przyimek ’займеннік’, які, паводле Банькоўскага (2, 935), з’яўляецца “скарочаным наватворам” *przyimionek.
Прыйсці́, прыйсці́ць, прысці́, прыці ’прыйсці’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), ст.-бел. приити, прити (Сл. Скарыны). Узыходзіць да прасл. *priiti (Копечны, Zákl. zásoba, 291) < *pri‑jьti, гл. ісці. Параўн. укр. прийти́ ’тс’, рус. прийти́, придти́, польск. przyjść, каш. přinc, чэш. přijít, славац. prisť, славен. príti, серб.-харв. priíći, в.-луж. přińć, н.-луж. pśiś, ст.-слав. прити, стараж.-рус. приити (Сразн.).
Прыкаву́лак (прыкаву́лык) ’завулак’ (Бяльк.). Дэрывацыйны карэлят да закаву́лак, параўн. рус. закоу́лок, усходнеславянскае прэфіксальнае ўтварэнне ад *коулок < *улок ’вуліца’ (КЭСРЯ, 114), параўн. тут яшчэ ст.-рус. улъка, улка (Сразн.). Наяўнасць беларускага слова пацвярджае рэальнасць даволі праблематычнага раней коулок і робіць прапанаванню ужо даўно версію прымальнай. Гл. таксама Шанскі (2, 6, 40). Параўн. ву́лка (гл.).
Прыкага́лак ’яўрэйская суполка, якая ў сувязі з малалікасцю не мае свайго старшыні і таму прыпісаная да бліжэйшага вялікага таварыства, асабліва гарадскога’ (Нас.). Да кага́л (гл.).
Прыкадо́ліцца ’прыладзіцца’ (Касп.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад незафіксаванага *кадо́ліць/кадо́ліцца, параўн. рус. арханг. кодо́лить ’прывязваць каня на пашы’, якія ад кадо́л/кадо́ла ’вяроўка (рознага прызначэння)’ (гл.), што, магчыма, сведчыць пра запазычанне.
Прыкако́шыць ’прыбіць, забіць’ (карэліц., Нар. сл.; ваўк., Сл. ПЗБ). Да незафіксаванага *како́шыць, якое ўзыходзіць да прасл. *kokošiti (< *kokošь ’курыца; певень’) з шэрагам значэнняў, сярод якіх, аднак, семантыка, звязаная з ’біць’, адзначаецца толькі ў рускіх дыялектах, параўн. уладз. прикоко́шить ’пабіць, набіць’, калуж. ’забіць на мяса, зарэзаць’. Верагодна, сюды ж прыкуко́шыцца ’прыладзіцца’ (шальч., Сл. ПЗБ) з дысімілятыўнай варыятыўнасцю першага пераднаціскнога кораня і таксама да дзеясл. *како́шыць < *kokošiti, але з семантыкай (далейшым яе пашырэннем), якая адлюстравалася ў балг. коко́ша се ’ўсаджвацца, як квактуха’, славац. kokosiť sa ’надзьмуцца, натапырыцца’, што можа разглядацца як беларуска-славацка-балгарская ізалекса.
Прыкала́чваць (прыкала́чываць) ’запраўляць мукой для густаты’ (полац., Нар. сл.), прыколоці́ць ’тс’ (ТС), пры́калатка ’мачанка’ (Жд., Сл. ПЗБ), прыколо́та ’суп з бульбы, падкалочаны мукой’ (кам., Жыв. НС; ТС). Да калаці́ць (гл.). З гэтай семантыкай, відаць, уласна беларускае ўтварэнне.
Пры́камець (прі́камець) ’урокі’ (гом., ГЧ). Няясна, гл. пры́хамаць. Магчыма, звязанае з прыкме́ціць (гл.).