Кага́л ’шумны натоўп, зборышча’ (ТСБМ; бяроз., Выг.; Др.-Падб., Касп., Нас., Шат., Янк., Яўс.), ’гурт. грамада’ (Бір. Дзярж., Нар. лекс.). Рус. зах.-бран. кагал ’шумны натоўп’. Укр. кагал ’шумнае зборышча’. Утворана ад кагал ’яўрэйскае абшчыннае самакіраванне і сама абшчына’, адкуль значэнні ’гурт’ і ’шумны натоўп’ маглі развівацца незалежна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)