Ву́лка ’вуліца’ (Нас., Грыг.); ’вулічка’ (Гарэц.); ’завулак, правулак’ (Бяльк., Янк. I, Касп., КСТ); ’дарога, якая праходзіць папярок вёскі, прыблізна пасярэдзіне’ (Шат.); ’праход з асноўнай вуліцы’ (Жд., 3); ’вузкая дарожка, абгароджаная з двух бакоў’ (КЭС), укр. палес. ву́лка ’вулачка’, рус. у́лка ’двор, прастора па-за хатай’, ст.-рус. улъка ’завулак’. Дэмінутыўнае ўтварэнне, паралельнае да вуліца; параўн. га́лка/га́ліца і інш., суфіксацыя на ‑ъka характэрна для паўн.-слав. моў, для паўд.-слав. — ica (Слаўскі, SP, 1 94).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)