Імя́. Рус. и́мя, укр. імʼя́, польск. imię, в.-луж. mjeno, н.-луж. mě, палаб. jeimą, чэш. jméno, славац. meno, славен. imȇ, серб.-харв. и̏ме̄, балг. ѝме, макед. име, ст.-слав., ст.-рус. имѧ, ст.-бел. имя. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнасці: ст.-прус. emmens, emnes, алб. emër, emën, ст.-ірл. ainmm. Далей, з іншым вакалізмам: ст.-інд. náma, авест. nāma, ст.-перс. nāman‑, арм. anum, грэч. ὄνομα, лац. nōmen, гоц. namo, хец. lāman. Прасл. *jьmę узыходзіць да і.-е. *ṇmen‑ з *enmen‑, якое трактуюць як утварэнне ад прыназ. *en‑ ’у, унутры’ з суф. ‑men‑. Адсюль семантычная інтэрпрэтацыя імені як таго, што ўкладваецца, ускладаецца, накладаецца. Гл. Фасмер, 2, 129–130; Слаўскі, 1, 454–455; Тапароў, 2, 28–30; Трубачоў, Эт. сл., 8, 227–228, дзе іншая літ-ра. Іначай Махэк₂ (230–231): звязвае з і.-е. *genǝ‑ ’ведаць’, што мала верагодна. Версія пра сувязь з *jęti, *jьmǫ (Шуман, AfslPh, 30, 1909, 302; Ісачанка, Studie a prace linguistické, 1, 1954, 127–129, jьm‑men ’прыняты знак’ як тэрмін радавога грамадства) таксама непераканаўчая.