Малю́ка ’аловак’ (Сцяшк.). Утварэнне ад малява́ць з суфіксам ‑ка, як ваяваць > вая́ка. Не выключана, што паходзіць з малёўка (гл.).
Малюкі́ ’маляўкі рыбы’ (ТС), рус. калін. малюк ’тс’. Да малы́ (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 129.
Малю́нак ’карціна, ілюстрацыя, рысунак’ (ТСБМ), ’усё, што намалявана’ (КЭС, лаг.). З польск. malunek, якое з malować (> малява́ць) і суфікса ‑unek (< ням. ‑ung). Сюды ж малюнковы ’каляровы’ (лід., Сцяшк. Сл.).
Малю́панькі, малюпа́ценькі, малюпа́сенькі, малюпу́ценькі, малюпу́ленькі, мале́пенечкі, мылюпа́цінькій, малюпа́сенечкій, малюпа́хенькій, малюпа́ткій, малюпа́ткі, малюпатэнькі ’вельмі, вельмі-вельмі маленькі’ (Ян., ТС, Шат., Яруш., Нас.; брасл., Сл. ПЗБ, мсцісл., Нар. словатв., хоц., Мат. Маг.), малюпа́тка, малюпа́тачка ’малютка’ (Нас.). Рус. варон. малюпонький ’вельмі маленькі’, польск. malupasieńki, maciupuleńki, серб.-харв. mȁlapacan, mȁlapašan ’тс’. Да малы́ (гл.). Суфікс з апорнай зычнай ‑n‑, даволі рэдкі ў слав. дэрыватах, відавочна, адносіцца да прасл. мовы і суадносіцца з літ. ‑opas. Элемент ‑ю‑ (‑ʼу‑) у даных лексемах з’яўляецца характэрным для паўн.-слав. тэрыторыі.
Малюпа́ціцца ’ўяўляць сябе малым, песціцца, як дзіця’ (Нас.). Утворана ад ⁺малюпа (< ⁺малёпа), як драг. галёпа ’булачка ў форме птушкі, якую, калі гукалі вясну на благавешчанне, падкідалі ўверх для птушак’ (КЭС, Сл. ПЗБ). Да малы (mal‑ъ; malʼь > malʼopa/malʼupa). Параўн. бел. малюта ’малютка’, польск. maluta ’тс’, ’дзяцінства’. Параўн. таксама ма́лець, ма́льчыцца (гл.).
Малю́ск ’беспазваночная жывёліна, мягкае цела якой накрыта ракавінкамі’ (ТСБМ) запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 88), у якой моллюск ’тс’ — з франц. mollusque < лац. molluscus ’мяккі, мяккацелы’.
Малю́та ’дробная рыба’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), малю́тка ’маленькае дзіця, хто-небудзь, што-небудзь вельмі маленькае’ (ТСБМ). Рус. малю́тка, малю́та ’тс’, ’дарослы гарэза сярод дзяцей’, укр. ’малыш’, польск. maluta ’дзіця’, ’драбяза, чарвячок’, malutka ’дзяўчына’, чэш. malutký, malitký ’маленькі’, в.-луж. małutki, н.-луж. małutučki ’вельмі маленькі’. Паўн.-слав. malʼuta. Да малы́ (гл.).
Малю́хны ’вельмі-вельмі малы’ (Нас.), мсцісл. малю́хтанечкій, малю́хтанькій ’тс’ (Нар. словатв.). Укр. малюхний, рус. арханг., перм. малю́хтенный, пск. малю́хтенький, пецярб. малю́ханный, алан., наўг. малюхо́нный ’тс’, серб.-харв. ма̏лахан, малахаст, малахноћа, ма̀лехан, mȁljahan. Да малы́ (гл.). Суфікс ‑хи‑ < ‑ux‑ і ‑ъn‑a (Слаўскі, SP, 1, 75) характэрны бел., рус., а таксама польск. мовам, ‑хт‑ у кантамініраваных лексемах malʼuxa і malʼuta.
Малю́шчы ’набожны’ (смарг., Сл. ПЗБ). Да маліць, маліцца (гл.). Аб суфіксе прыметніка гл. Бел. грам.₂, 307–308.
Малява́нец, малява́нка ’каляровы аловак’ (Сцяшк. Сл.). Беларускі рэгіяналізм. Да маляваць. Аб суфіксе ‑ец гл. Сцяцко, Афікс. наз., 39–41.