Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Абсудо́біцца ’урабіцца, запэцкацца’ (Хрэст. дыял.), параўн. рус. судобіть ’меціць, прызначаць’ да судьба, гл. Трубачоў, Дополн., 3, 796. Семантычна няясна.

Абсупо́ніваць ’абыгрываць’ (Нас.) да супоня, супоніць (гл.). Відаць, семантычна звязана з супоніць ’біць супоняй’ і ’біць (наогул)’. Параўн. «Глядзі, як вашага брата супоняць» (Нас.).

Абсу́рд (БРС). Слова запазычана праз рускую мову ў XX ст. (Крукоўскі, Уплыў, 76). У рускай з франц. absurde (другая палавіна XIX ст.). Гл. Вінаградаў, Очерки, 392.

Абсу́рыцца ’апарыцца’ (Касп.). Няясна.

Абуго́ня ’ўчастак поля, які намячаецца ўзараць’ (Юрч.), ’узараная частка гоняў’ (Гарэц.). Гл. гоні і бугоня.

Абу́за (БРС, Гарэц., Нас., Бяльк., Касп.) ’лішняя турбота, распуста, брыда, гультай’, абузны ’непрыемны, прыкры, завадны, што перашкаджае’ (Нас., Гарэц., Касп.), абузніца ’распусніца, гультайка’ (Нас. Сб.) < ob‑vǫza (параўн. абвязаць). Ст.-рус. обузъ ’завязка’, ст.-слав. обѧзъ ’тс’. Семантычны зрух у напрамку ’павязка’ > ’прывязаны груз’ > ’усё, што гняце’ (Баханькоў, Бел. мова, 163; Фасмер, 3, 109). Параўн. в.-луж. wóbuza, н.-луж. hobuza ’прыкрасць, цяжар’ (Махэк, Slavia, 28, 270).

Абуле́б ’абы, хоць’ (Янк. I) (да абы лепш?).

Абуме́рлы ’сумны, прыгнечаны’ (КТС). Супрун (Веснік БДУ, 1, 2, 68) параўноўвае з балг. умърлушва се губляць надзею, сумаваць’, омърлушвам се, умъля ’тс’, макед. омрлушува (се) ’быць прыгнечаным, заняпалым, апусціцца’. Бернар (RÉS, 41, 91) трактуе гэтыя словы як вытворныя ад прасл. mьrti ’паміраць’. Супрун бачыць у беларуска-балгарска-македонскай паралелі праславянскі рэлікт або пазнейшае паралельнае ўтварэнне. Зыходзячы з суфіксальнага разыходжання, хутчэй апошняе.

Абу́рыны ’перабітая ў час малацьбы салома’ (Арх. ГУ) да бурыць (гл.). Што датычыць словаўтварэння, параўн. амеціны (гл. амецце).

Абу́рыцца ’абваліцца’ (Арх. ГУ). Гл. бурыць.