Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ро́сшук, росшукі ’следчыя і аператыўныя дзеянні з мэтай выявіць злачынца, украдзеную маёмасць і да т. п.’ (ТСБМ). Калька з рус. розыск (< роз- + иска́ть = шука́ць) пры ад’ідэацыі польск. poszukiwania ’пошукі’.

*Ро́сшыўка, ро́сшэўка, росшэ́ўка ’расшыўка, прошва’ (Мат. Гом.; ТС, ПСл), рашэ́ўка ’тс’ (Мат. Гом.), ро́сшыўка ’прошва’ (навагр., ЖНС). Да расшыва́ць < раз‑/рас і шыць (гл.). Параўн. укр. розши́вка, рус. расши́вка ’расшыўка, расшыванне’.

Рось ’малы, драбнюткі дожджык, імгла, туман, імжа’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Юрч. Вытв., Мат. Маг., Байк. і Некр.; рагач. Мат. Гом.; ПСл, ЛА, 2), ’раса’ (ПСл). Рус. паўд. рось ’імжа, імгла’, ’раса’. Утворана пры дапамозе суф. *‑ь (з адцягненым значэннем) ад раса́ (гл.), магчыма, пры ад’ідэацыі морась (гл.). Сюды ж ёлкыя рось ’імгла’ (чавус., ЛА, 2).

Ро́сьпіска ’распіска (дакумент)’ (Бяльк., Нар. Гом.) — у выніку кантамінацыі роспісь і рус. расписка. Да піса́ць (гл.).

Рот, ро̂т ’поласць паміж сківіцамі і шчокамі да глоткі’ (ТСБМ, Нас., Бес., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Стан., Юрч. Сін., Ян.), ’губы (нутро губы)’ (Дразд., Ян.), ’ляпа, пашча звера’ (Дразд.; паўд.-бел., ЛА, 1), ’паз у кароткіх бярвеннях, што кладуцца ў прасценкі’, ’зеў паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы’ (ТС). Укр. рот, ріт ’рот’, ’горла буча ці венцера’, рус. рот ’тс’, тул. рты ’губы’, стараж.-рус. рътъ ’вастрыё’, ’дзюба’; каш. retk ’мыс; каса, гак на возеры’, ’рукаў пяску’, ’яма на дне’, ’заліў’, ’лужа’ з незахаванага каш. ret (Борысь, SEK, 3, 179), палаб. råt ’морда, пашча, зяпа’, ’дзюба’, ’мурло’, в.-луж. rót, rot, ert ’рот’, чэш. ret ’губа’, славац. ret, rty ’вусны’, славен. ȓt ’вастрыё нажа’, ’вяршыня гары’, ’нос карабля’, серб. р̑т, харв. rȃt, ȓt ’мыс’, ’кончык нажа’, ’вяршыня’, ’верх чаго-небудзь’, макед. ʼрт ’мыс’, балг. рът ’узгорак, узвышша’, ц.-слав. рътъ ’нос (абутку, карабля)’, ’дзюба’, ’морда’. Прасл. *rъtъ ’нешта высунутае наперад ці ўверх; вострае заканчэнне, вяршыня чаго-небудзь’, якое з’яўляецца субстантывізаваным першасным дзеепрыметнікам *rŭ‑to‑, звычайна звязваецца з *ryti ’рыць’, *rъvati ’ірваць’ < і.-е. *reu̯‑ ’капаць, рыць’ (Міклашыч, 285; Праабражэнскі, 2, 217; Фасмер, 3, 506–507; Мюленбах-Эндзелін, 3, 565 дадаюць сюды яшчэ лат. rutulis ’драўляны кругляк, цурбалак’. Сной₂ (632) выводзіць прасл. *rъtъ з і.-е. *h3er‑ ’паднімацца, узвышацца, рухацца наперад’, якое захавалася ў ст.-грэч. ὄρνυμι, ὀρνύω ’паднімаю, хвалюю, пачынаю’, ст.-інд. ṛṇṓti ’рухацца, перамяшчацца’. Махэк₂ (513) без сумневу адносіць прасл. *rъtъ да роднасных ням. Rüssel ’рыла’, с.-в.-ням. rüezel < ст.-в.-ням. ruozzan ’капаць зямлю’, англ. root ’рыць зямлю, падрываць карані (пра свіней)’, англ.-сакс. wrōt ’рыць рылам (пра свінню)’, лац. rōstrum ’нос’, ’дзюба’ < rādo, ‑ere ’рыць, капаць, скрэбці’. Сюды ж рота́ты ’з вялікім ротам’, ’крыклівы, гарлапан’ (ТС).

Ро́та ’вайсковае падраздзяленне ў складзе батальёна’ (ТСБМ), ст.-бел. рота ’рота, атрад войска’ (1516 г.) — са ст.-польск. rota ’атрад войска’, якое з ст.-в.-ням. rote, rotte ’натоўп, рота’; апошняе — з ст.-франц. rote < народналац. rupta (cohors) ’частка, часцінка кагорты’, ’усхваляванае, разбітае войска’ < дзеепрым. ruptus < rumpere ’разрываць, парушаць, прыпыняць’. Трэба адрозніваць ад ст.-слав. рота ’прысяга’ (гл. ESJSt, 13, 777).

Ро́тар ’вярчальная частка машыны (электрычнага генератара, турбіны і пад.)’ (ТСБМ). З рус. ро́тор, якое з англ. rotor ці ням. Rotor ’тс’.

Ро́тман ’старшы над плытнікамі, які падае каманды таркавым, адказны за плытагонаў і стан плытоў’ (гродз., Нар. сл.; маст., Нар. лекс.; Скарбы). З польск. rotman, часцей retman ’тс’, якія з ням. Rotte ’рад’, ’натоўп’, ’банда, шайка’, ’атрад’ і mann ’чалавек’, ’мужчына’.

Ро́тмістр ’афіцэрскі чын у кавалерыі, які адпавядае капітану ў пяхоце’, ’асоба ў гэтым чыне’ (ТСБМ), ст.-бел. ротмистръ ’камандзір роты’ (1507 г.) < ст.-польск. rotmistrz < ст.-в.-ням. rotemeisier (Булыка, Лекс. запаз., 62) альбо з с.-н.-ням. rotmester ’правадыр, верхавод, завадатар’ (Праабражэнскі, 2, 217; Фасмер, 3, 507).

Роў1 ’доўгае паглыбленне ў зямлі, канава’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Бяльк., Стан., ТС, Сл. ПЗБ), ’яр, лагчына’ (Байк. і Некр.), ’баразна’ (Куч.), ’трэшчыны на пятах’ (паст., ігн., Сл. ПЗБ), рове́ц ’раўчак’, ’разора’, ’паз у вушаку’, ’прабор у валасах’ (ТС), ро́вам, рава́мі ’моцным струменем’ (шум., навагр., Сл. ПЗБ), роў ’невялікі прыродны вадаём’ (ганц., ЛА, 2), рів ’мачулішча’ (драг., кобр., ЛА, 4), ров, роў, рӥв ’ручай, прамыіна, мелкае месца на рацэ’ (зах.-палес., ЛА, 5), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’круглая яма на высокім месцы для захоўвання бульбы зімою’ (віл., ст.-дар., Яшк.). Укр. рів ’роў, канава’, рус. ров ’канава’, карэл. ’баразна паміж градамі’, пск. ’палонка’, ро́вы ’ямы’; польск. rów ’канава’, ’акоп’, ’западзіна’, в.-луж., н.-луж. row ’магіла’, чэш. row ’тс’, славен. rȍv, ròv, rovíšče ’роў, канава’, ’акоп’, ’капальня, яма’, серб. ро̏в, ро̑в ’роў, глыбокая канава’, ’акоп’, харв. rȏv ’тс’, макед. ров ’роў’, балг. ров, дыял. ро́вът ’тс’, ст.-слав. ровъ ’яма’, ’роў’, ’магіла’. Прасл. *rovъ — утварэнне з суф. ‑vъ (як *kovъ < *kovati) ад *rovati < ryti (Міклашыч, 285; ESJSt, 13, 778) < *reu̯o‑ < і.-е. *reuH‑ ’рыць, капаць, вырываць, дзерці’ (Сной–Бязлай, 3, 199–200), з якога выйшлі: ст.-грэч. οὐρός ’роў’ (Фасмер, 3, 488), лац. ob‑ruere ’засыпаць, закопваць’, ē‑ruere ’выкопваць, вырываць, выграбаць’ (Махэк₂, 520).

Роў2 ’моцны працяглы крык некаторых жывёл’, ’гукі, што напамінаюць такі крык’, ’моцны плач’ (ТСБМ). Да раўці́ (гл.).