Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Страля́ць ‘пускаць стрэлы, кулі, снарады’, ‘забіваць, расстрэльваць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ), стрэля́ць ‘тс’ (ТС, Пятк. 2), страля́ць ‘біць, паліць (пра пярун)’ (Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ‘гучна лопацца, трэскацца’ (Сл. ПЗБ), сюды ж стрэ́ліць ‘выстраліць’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Байк. і Некр., Стан., ТС), ‘забіць; ударыць’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стріля́ти, рус. стреля́ть, стараж.-рус. стрѣляти, польск. strzelać, в.-луж. třelić, н.-луж. stśelaś, чэш. střeliti, славац. strielať, серб.-харв. стријѐљити, славен. stréljati, балг. стре́лям, макед. стрела. Прасл. *strěliti вытворнае ад *strěla (гл. страла1), з першасным значэннем ‘пускаць стрэлы’; гл. Фасмер, 3, 774; Бязлай, 3, 327. Сюды ж стрэл ‘выстрал’ (ТСБМ, Нас., Касп., Ласт.), ‘стральба, страляніна’ (Сл. ПЗБ, ТС), страле́ц ‘стралок; паляўнічы’ (ТСБМ, Пятк. 2, Нар. Гом., Сержп., Сцяшк., Барад., Сл. Брэс.), страллё ‘стрэльба’ (Сцяшк. Сл.), стральба́ (стрѣльба) ‘паляванне’ (віц., Яшк. Мясц.), ст.-бел. стреленье ‘выстрал; адзінка вымярэння адлегласці стрэлу, роўная 60–80 м’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. таксама стрэльба.

Страм ‘сорам’ (Бяльк., Жд. 2, Мат. Маг., Шатал., Юрч.; віц., маг., брэсц., гом., ЛА, 3), сюды ж страмі́ць ‘сарамаціць’ (Ян., Нар. Гом., ТС), ‘знеслаўляць’ (Бяльк.; брасл., Сл. ПЗБ), страмі́цца ‘саромецца’ (ТС, Бяльк.; ашм., швянч., лаг., Сл. ПЗБ), ‘сарамаціцца’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), стра́мно ‘сорамна’ (ТС), страмны́ ‘бессаромны’ (Мат. Гом.), страмні́к ‘бессаромнік’ (Ян.), страмці́ць экспр. ‘гаварыць недарэчнае’ (Сл. ПЗБ), страмо́цыя ‘сорам’ (драг., Нар. словатв.). Параўн. укр. страм ‘сорам’, рус. дыял. страм. У беларускай, відаць, з царкоўнаславянскай, параўн. ц.-слав., ст.-слав. срамъ з устаўкай ‑т‑, што магло адбыцца яшчэ ў царкоўнаславянскай, паколькі гэтая з’ява (стр < ср) мае ўніверсальны характар у гаворках ваколіц Салуні (параўн. Младэнаў, БЕ, 27, 6, 471–473). Гл. таксама срам.

Страма́к1 ‘прылада ў выглядзе чатырохграннага шуфеля з доўгай ручкай для капання торфу’ (Скарбы, Сцяшк. Сл.). Дэрыват ад стромы (гл. стромкі) з суф. ‑ак.

Страма́к2 ‘высокі, нязграбны чалавек’ (Цых.). Відаць, іранічна пераасэнсаванае польск. дыял. sztramak ‘фарсун, моднік’, што з ням. stramm ‘нахабны, дзёрзкі’ (гл. Курцова, Polszczyzna, 496).

Страмбе́ль ‘сцябло’, ‘рэшткі храпкі з каранямі’, ‘адростак пяра пасля лінькі птушак’ (Сл. ПЗБ). З літ. stramblỹs ‘сцябло’ (там жа). Сюды ж страмбя́к ‘адростак пяра пасля лінькі’, страмбялёк ‘тс’ (шальч., Сл. ПЗБ).

Страме́нкі (страме́нкы, страмэ́нты) ‘барвенак’ (Бейл., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ), ‘купалка’ (пін., Бейл.). Відаць, да наступнага слова з-за знешняга падабенства да драбіны.

Страмі́на ‘драбіна’ (ТС), страмы́на ‘прыстаўныя драбіны’ (Кольб.; брэсц., пін., стол., Нар. лекс.), страбы́на, страмы́на, страмэ́на, стромы́на ‘тс’ (Сл. Брэс.), страмя́нка ‘лескі; драбіна’ (Сцяшк. Сл.), страмы́нка ‘зрубленае маладое дрэва з сукамі, па якім паднімаюцца на дрэва да вулля’ (Анох.). Параўн. укр. дыял. стра́мина, страми́на ‘драбіна’. Да стром, стромы, гл.; першаснае значэнне адлюстравала ў страмынка (Мяркулава, Этим. иссл., 4, 6–7). Паводле Борыся (Czak. stud., 125), узыходзіць да прасл. *strama/*stramъ ‘вертыкальны ці гарызантальны слупок як апора’, дэрыватаў з падаўжэннем каранёвага галоснага ад прасл. *stromiti, старога каузатыва да *strъměti, гл. страміць.

Страміна́ ‘круты схіл, абрыў, круча’ (Нас., Скарбы). Параўн. укр. стре́мʼя ‘абрыў, моцнае цячэнне’, строми́на, стромина́ ‘абрыў, круча’, рус. дан. стре́мя ‘цячэнне, ток ракі’. Да стро́мы, гл. стромкі (Міклашыч, 325; Праабражэнскі, 2, 396; Фасмер, 3, 775; ЕСУМ, 5, 437–438).

Страмі́цца Гл. страм.

Страмі́ць ‘тырчаць, стырчаць’ (Арх. Федар.), сюды ж, відаць, стрымі́ты экспр. ‘знаходзіцца’ (кам., Жыв. НС). Параўн. укр. дыял. стримі́ти ‘тырчаць’, чэш. strměti ‘стырчаць, выдавацца’, славац. strmieť ‘тс’, славен. strméti ‘тырчаць, стырчаць, выступаць’, што ўзыходзяць да прасл. *strьměti ‘тырчаць, выдавацца’ (Борысь, Etymologie, 180), што да і.-е. *ster‑ ‘тс’ (параўн. ЕСУМ, 5, 438; Фасмер, 3, 775).

*Страмля́ць, стромля́ти ‘утыкаць’ (беласт., Сл. ПЗБ). Да папярэдняга слова.

Страмп ‘пень’ (Мат. Гом.). Параўн. страмбе́ль, гл.