Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Навя́ліцца ’навязвацца, нападаць; пападацца’ (Нас.), ’унадзіцца, дзейнічаць настойліва і неадступна’ (Бяльк.), ’настойліва і упарта ажыццяўляць сваё жаданне, сваю думку’ (Гарэц.), ’прывязацца да чаго-небудзь раптоўна’ (Мядзв.), ’накінуцца на каго-н. з лаянкай, папрокамі’ (ушац., Нар. сл.), навяльвацца ’настойваць, настойліва дамагацца’ (Гарэц.), ’прыставаць, чапляцца, навязвацца’ (Юрч.). Да вяліцца ’прагна хацець чаго-н.’, далейшая этымалогія якога няпэўная (гл.).

Навяра́піцца ’напаткацца’ (слонім., Сцяшк. Сл.). Сярод магчымых паралелей звяртае на сябе ўвагу ст.-рус. наворопити ’напасці’ (Сразн.), найбольш блізкае семантычна да названага слова; тады ўсё да *оогръ > гл. варапай, ворапень, ці з іншым вакалізмам *оегръ, параўн. варопаўка і вярэпаўка ’земляная жаба, рапуха’.

Навярну́ць ’схіліць, пераканаць; нахіліць, пахіснуць; нагаварыць на каго-н.’ (Гарэц.), ’прымусіць’ (астрав., Сл. ПЗБ), ’надумацца (сказаць)’ (карм., Мат. Гом.), сюды ж навярну́цца ’павярнуцца’ (мядз., Жыв. сл.), ’адведаць’ (круп., «Полымя», 1980, 8, 253). Да вярну́ць з развіццём семантыкі ад ’вярнуць назад’, ’прымусіць адступіць’ да ’адведаць’, ’наваліць’, ’схіліць да чаго-н.’ і г. д., характэрнай для большасці славянскіх моў, параўн. укр. навернувся в хату, польск. nawrócić grzesznika (= схіліць да пакаяння), серб.-харв. навр́нути се ’зайсці, наведаць’ і інш., відаць, адлюстроўвае, акрамя шматзначнасці каранёвай марфемы, разгорнутую сінанімію прэфікса на-.

Навярта́ць ’пагражаць’ (чачэр., Мат. Гом.). Няясна, ці звязана з вяртаць ’аддаваць назад’; магчымая сувязь праз аргатычнае навярнуць ’моцна ўдарыць’ ці рус. разм. дать сдачи ’пабіць’. Гл. таксама навярнуць ’нагаварыць на каго-н.’ (Гарэц.).

*Навяшча́ты, навышчитый: навышчатый койіэлік ’кашэль з накрыўкай, які падвешваўся за спіной’ (палес., З нар. сл.). Ад навёсіць ’павесіць, падвесіць’, параўн. «згорнутую» назву такога кашаля — на́выска (там жа).

Нага́ ’ніжняя канечнасць’ і інш. значэнні. Укр., рус. нога́, польск. noga, чэш., славац., в.-луж. noha, славен. noga, серб.-харв. но̀га, макед. нога, балг. дыял. нога́. Прасл. *noga, роднаснае літ. nãgas ’пазногаць, кіпець’, nagà ’капыт’, лат. nags ’пазногаць, кіпець’, ст.-прус. nage ’нага’ і інш., што сведчыць аб зыходным значэнні ’ногаць, капыт’. Гл. Фасмер, 3, 78; Бязлай, 2, 226; Шустар-Шэўц, 13, 1018.

Нага́баць, нагибаці ’знайсці, натрапіць’ (Федар. 2, 45), нагибаты ’знайсці, назбіраць’ (драг., Жыв. сл.), нагабитынагнаць, спасцігнуць’ (Клім.), нагибаті ’сустрэць’ (беласт., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. нагабати (накгабати) ’прыгнятаць’ (1388 г.) Булыка (Лекс. запазыч., 37) лічыць паланізмам, што пры наяўнасці зыходнай формы ў іншых славянскіх мовах цяжка давесці. Значэнне ’прыгнятаць’ выводзіцца з ’нападаць’ і узыходзіць да ’хапаць, браць’, характэрна для габиць (гл.).

Нагаві́цы ’штаны’ (ТСБМ, жлоб., Мат. Гом., Сцяшк. Сл.; слуц., ганц., пруж., беласт., Сл. ПЗБ), ’рукавіцы’ (докш., Цыхун, вусн. паведамл.), укр. ногавиці ’штаны суконныя’, ногавиця ’калашына’, рус. нога́вицы, ногави́цы ’шкарпэткі, гамашы’, ногави́цы ’частка адзення ці абутку, якая прыкрывае калені і галёнкі’, ’рукавіцы без пальцаў, каб рваць каноплі ці лён’, польск. nogawicy ’штаны’, ’панчохі, шкарпэткі’, nogawica ’калашына’, чэш., славац. nohavice ’калашына’, ’штаны’, в.-луж. nohajcy ’панчохі’, н.-луж. nogawica ’штаны’, славен. nogavica ’панчоха, шкарпэтка’, серб.-харв. но̀гавица ’калашына’, балг. нога́вици ’абмоткі з казінай шкуры, якія надзяваюцца пастухамі для аховы ног ад калючак’, макед. ногавица ’калашына’. Прасл. *nogavica, вытворнае ад noga, паводле Махэка, па ўзору rǫkavica (< rǫkavъ), паколькі адсутнічае прыметнік *nogavъ (Махэк₂, 401); развіццё семантыкі ад першапачатковага ’тое, што надзяваецца на нагу’ да ’штаны’; спецыфічнае для ўсходнеславянскіх гаворак значэнне ’рукавіца’, відаць, вынік пераносу назвы па функцыі (’тое, што служыць для аховы канечнасцей’) — ці не перажытак старога сінкрэтызму назваў, што абазначалі адначасова і верхнія і ніжнія канечнасці, параўн. лат. nagas ’рукі і ногі’ і інш.? Гл. таксама ганаві́цы.

*Нагадава́ць, нагодова́ць ’накарміць’: нагодуй дзіця (лельч., Нар. лекс.). Ад гадаваць, што мае шырокую семантыку, у тым ліку і ’карміць’: ходзем свінья годоваць (ТС), параўн. чэш. hodovati ’піраваць’ і інш.

Нагада́ць ’напомніць, прыпомніць, успомніць’ (ТСБМ). Хутчэй за ўсё запазычана на раннім этапе фарміравання літаратурнай мовы з укр. нагада́ти ’тс’, што ўжываецца і ў народнай мове, паколькі ўплыў суседніх больш развітых літаратурных моў на беларускую ў пэўныя перыяды яе развіцця быў зусім натуральным. Няма падстаў прыпісваць названаму слову «эмігранцкае» паходжанне, як гэта робіць Жураўскі (Беларуская мова і літаратура ў школе, 1988, 2, 14), супрацьпастаўляючы яго народна-дыялектнаму нагада́ць ’задумаць’ (Сл. ПЗБ). Гл. гадаць.