Нагаві́цы ’штаны’ (ТСБМ, жлоб., Мат. Гом., Сцяшк. Сл.; слуц., ганц., пруж., беласт., Сл. ПЗБ), ’рукавіцы’ (докш., Цыхун, вусн. паведамл.), укр. ногавиці ’штаны суконныя’, ногавиця ’калашына’, рус. нога́вицы, ногави́цы ’шкарпэткі, гамашы’, ногави́цы ’частка адзення ці абутку, якая прыкрывае калені і галёнкі’, ’рукавіцы без пальцаў, каб рваць каноплі ці лён’, польск. nogawicy ’штаны’, ’панчохі, шкарпэткі’, nogawica ’калашына’, чэш., славац. nohavice ’калашына’, ’штаны’, в.-луж. nohajcy ’панчохі’, н.-луж. nogawica ’штаны’, славен. nogavica ’панчоха, шкарпэтка’, серб.-харв. но̀гавица ’калашына’, балг. нога́вици ’абмоткі з казінай шкуры, якія надзяваюцца пастухамі для аховы ног ад калючак’, макед. ногавица ’калашына’. Прасл. *nogavica, вытворнае ад noga, паводле Махэка, па ўзору rǫkavica (< rǫkavъ), паколькі адсутнічае прыметнік *nogavъ (Махэк₂, 401); развіццё семантыкі ад першапачатковага ’тое, што надзяваецца на нагу’ да ’штаны’; спецыфічнае для ўсходнеславянскіх гаворак значэнне ’рукавіца’, відаць, вынік пераносу назвы па функцыі (’тое, што служыць для аховы канечнасцей’) — ці не перажытак старога сінкрэтызму назваў, што абазначалі адначасова і верхнія і ніжнія канечнасці, параўн. лат. nagas ’рукі і ногі’ і інш.? Гл. таксама ганаві́цы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)