Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вазо́к ’лёгкія прыгожыя санкі’ (парыц., Янк. Мат.). Да воз.

Вазон1 ’гаршчок з кветкамі’ (Шпіл., Янк. III). З польск. wazon (Сцяц. Нар.), якое, паводле Брукнера, 604, з’яўляецца ўласнапольскім утварэннем ад waza. Параўн. Фасмер, 1, 267; Рудніцкі, 1, 293.

Вазо́н2 ’выгін ракі на роўным месцы, парослы вакол алешнікам’ (Яшк.). Да вазоны1 (гл.).

Вазо́нніца ’гаршчок з кветкамі’ (КЭС); ’вазаніца’ (Сцяц., Нар., 115); вазаніцы ’тс’. (Інстр. I, 55). Параўн. рус. прастамоўнае вазница ’бляшанка для кветак’. Да вазон1 (гл.).

Вазоны1 ’від узору’ (КЭС). Да вазоны2. Магчыма, семантычнае збліжэнне з вязаць ’плесці ўзоры’.

Вазоны2 ’пакаёвыя кветкі’, (докш., КЭС). Метанімічны перанос з вазон1, мн. л. па аналогіі з кветкі.

Вазо́ўня ’пабудова для гаспадарчых прылад’ (Шушк., ДАБМ, 797, Грыг., Інстр. II, Гарэц., Др.-Падб., Шн., 2). Да вазавы́. Параўн. укр. возовня ’вазоўня’.

Вазьме́ліць ’сцягнуць, узяць’ (Касп.). Да *вазьмеля, *вазьмель ’той, хто возьме, не пытаючыся’, да асабовай формы вазьму або возьме.

Вазьні́ца ’ездавы’ (З нар. сл.). Да вазіць1. Словаўтварэнне няяснае.

Вазю́р1 ’возчык, вазнік’ (КЭС). Параўн. вазак. Гл. вазюр2.

Вазю́р2 ’хлопчык, які любіць многа катацца на санках ці каньках’ (З нар. сл.). Да вазіць.

Вазю́ры ’нязграбны, дрэнны абутак’ (маладз., Янк. Мат.). Магчыма, да папярэдняга: ’абутак вазюроў’.

Вазяры́на ’вялікая лужына’ (Бяльк.); ’старарэчышча, старыца з вадой на лузе; зарослае возера, запушчаны ставок’ (Яшк.). Да возера. Па словаўтварэнню параўн. лужына.