Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Раза́ля ’страва, прыгатаваная з тоўчанай бульбы і цыбулі’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Іранічна да франц. rossolis ’лікёр з духмянасцямі’?

Ра́зам, ра́зо́м ’сумесна, адначасова’ (ТСБМ, Мал., Касп., Яруш., Шпіл.; воран., брасл., ігн., смарг., лід., пруж., беласт., Сл. ПЗБ; Бяльк.), ’то’ (Юрч. СНЛ), рус. дыял. ра́зом ’адным разам’, ’раптам, імгненна’. Вытворнае ад раз (гл.).

Разама́ра ’неахайны чалавек; пудзіла’ (Нас., Гарэц. 1). Паводле Насовіча (там жа), ад размара́ць (гл. мара́ць ’пэцкаць’), што выклікае словаўтваральныя цяжкасці; хутчэй, да ма́ра ’прывід, страшыдла, пачвара’ (гл. мара́1) з узмацняльнай прыстаўкай раз(а)‑ (гл. раз-), параўн. разне́слух ’вялікі неслух’ (Нас.), раздо́бры ’вельмі добры’, раздаўны́м даўно́ ’вельмі даўно’. Не вельмі ясныя адносіны да чэш., славац. rozmar ’капрыз, настрой’, што параўноўваецца з польск. rozmarzony ’адданы марам, летуценнік’ (Махэк₂, 520), тады да mara ’летуценне’ (гл. ма́ра).

Раза́нік (реза́нік) ’звараная неабіраная перарэзаная напалам бульба’ (жытк., Нар. словатв.), рэ́занік, рэза́нікі ’тс’ (ТС). Утворана ад рэ́заць.

Разары́ць, разара́ць ’пазбавіць дастатку, багацця’, ’давесці да беднасці’ (ТСБМ), разары́цца ’пагоршыцца’ (Ян.), укр. розори́ти ’зруйнаваць; спустошыць’, рус. разори́ть, серб.-харв. разо̀рити, ст.-слав. разорити. Да прасл. *orz‑oriti, гл. раз-, другая частка прадстаўлена ў балг. о́ря ’рушыць’, дыял. серб. о̀рити ’тс’, ст.-слав. орити ’казіць, разбураць’, суадносіцца з іншай ступенню рэдукцыі з літ. ìrti, лат. ǐřt ’аддзяліць, адлучыць’, роднаснага з хец. h̬arra‑ ’ламаць, разбураць, драбіць’ (Фасмер, 3, 435; Глухак, 520; ESJSt, 10, 593). Сюды ж разура́ць, разу́рываць ’разбураць’, ’штурхаць на бушаванне, буянства’, разура́цца ’бушаваць, буяніць’, разура́нне ’бушаванне, буянства’, разура́ный, разура́тый, разу́рываный ’разбураны’ (Юрч. СНЛ), разарэ́нне ’разбурэнне’, ’рабаванне’ (ТСБМ), ’разбурэнне’, ’бяда, клопаты’, ’нашэсце ворага’ (Нас.), разо́р ’непрыемнае становішча’ (Нас.), ’разлад’ (Ян.), ’разарэнне’ (Гарэц.), разо́ра ’разарэнне’, ’трывога, непакой’, ’сварка, разрыў’ (Нас., Гарэц.), ’няпэўнасць думак’ (Бяльк.), з падобнымі значэннямі укр. розо́р, рус. разоре́ние ’разбурэнне, рабаване’, рус. дыял. разо́ровать ’бушаваць, буяніць, біць, ламаць’, серб.-харв. разу̀рити ’разбурыць’ і пад.

Разатну́ць (разотну́ць) ’рассекчы адным узмахам’ (Нас.), расціна́ць ’рассякаць папалам’, разотну́тый ’рассечаны напалову адным узмахам’ (Нас.). Ад раз- і тну́ць ’ударыць’, ’укусіць’, гл. цяць.

Разаўрэ́ць (разовре́ць) ’разапрэць, моцна ўспацець’, разовре́лый ’моцна ўспацелы, разапрэлы’ (Нас.). Да урэць (гл.), врець [врѣць] ’аблівацца потам’, ’вянуць’ (Нас.), врэць ’кіпець’ (КЭС), рус. дыял. вреть ’моцна пацець’, укр. врі́ти ’кіпець’, польск. wrzeć, чэш. vřiti, славац. vrieť, славен. vréti, серб.-харв. вре̏ти, балг. вря, ст.-рус. вьрѣти ’кіпець’, ст.-слав. вьрѣти. Да прасл. *vrěti, звязанага з *vīrъ (> вір1, гл.), *variti (> бел. вары́ць). Роднасныя да літ. vérdu, vìrti ’кіпець, бурліць’, versmẽ крыніца’, лат. vir̂t, vęr̂du, virags ’вір’ (Фасмер, 1, 362). Да і.-е. *u̯er‑/*u̯or‑, *u̯ṛ‑ ’гарэць’, ’паліць’ (ЕСУМ, 1, 433; Махэк₂, 702–703; БЕР 1, 193; Скок, 3, 622–624).

Раза́чка ’боль у жываце’ (Сцяшк., Янк. 2, Янк. 3.), ’ліха, халера’ (Нар. словатв.), раза́нка ’дызентэрыя’ (Інстр. 2). Аддзеяслоўныя ўварэнні, як гара́чка ад гарэ́ць, гуля́нка ад гуля́ць, ад рэ́заць (гл.).

*Разбагну́ць, розбагну́ць ’усвядоміць, зразумець’ (ТС), параўн. укр. розбага́ть ’пажадаць, марыць’, чэш. rozbahnouti ’пажадаць, захацецца’. Гл. бажаць.

Разбазу́ліць, разбязу́ліць ’распесціць’ (Арх. Федар., Сцяшк. Сл.; ваўк., рагач., Сл. ПЗБ), разбазу́ліцца ’раздурэцца’, ’панадзіцца, звыкнуцца’ (гродз., ваўк., Сл. ПЗБ; Нас.), разбазу́лены ’распусны, разбэшчаны’ (Сцяшк. Сл.); параўн. рус. смал. разбезу́литься ’разбалавацца, раздурэцца’, што да базу́лить ’балаваць каго-небудзь’, базу́льнік, базу́ла ’свавольнік’. Здавальняючая этымалогія зыходнага *базуліць адсутнічае, параўн. бязула ’гультай’, (< без + ул‑), гл. ЭСБМ, 1, 437. Няпэўна. Магчыма, роднасныя з рус. дыял. базли́ть ’крычаць’, базло́ ’крыкун’, ’злы чалавек, падманшчык’, ’горла’, этымалогія якіх няясная. Сюды ж і разбазы́ляць ’разпесціць, раздурыць’ (Янк. Мат.). Магчыма, гэта запазычанне з літ. bỹzulioti ’зыкаць’.