Літоўчык ’від сякеры’ (брасл., паст., Сл. ПЗБ). Да літоўка 1 (гл.).
Літр ’аб’ём і ёмістасць у 1000 см³’ (ТСБМ), літар (Сцяшк.), літра ’тс’ (Янк. 2, Бір., Мат. Гом.; пух. Сл. ПЗБ), ст.-бел. литра ’фунт’ (Зб. Крапіве, 293), ’12 маткоў прадзенага золата, шоўку’, ст.-рус. литра ’тс’. Лексема літр паходзіць з франц. litre ’1 літр’ < litron ’мера аб’ёму’ < с.-лац. litra ’мера вадкасці’ (Слаўскі, 4, 306). Літра ўзыходзіць да ст.-рус. литра, якое са ст.-слав. литра < ст.-грэч. λίτρα < іт. liþra, ідэнтычнае да лац. libra ’вага’, ’фунт’ (Фасмер, 2, 503).
Лі́трына ’аглабіна ў драбіне воза’ (малар., Нар. словатв.). Праз польск. letra, letry ’розныя часткі воза’ з ням. Leiter, с.-в.-ням. leitere, lātere, ст.-в.-ням. leitara ’драбіна’ (Слаўскі, 4, 181–182).
Літургі́я ’галоўнае хрысціянскае набажэнства з прычасцем; абедня’ (ТСБМ), ст.-рус. литургиꙗ, литоргиꙗ < ст.-слав. литоургиꙗ < ст.-грэч. λειτουργία ’грамадская служба, павіннасць, звязаная з грашовымі выдаткамі’, пазней у Новым запавеце ’служба, служэнне наогул’ > ’набажэнства’ (Фасмер, 2, 503; Слаўскі, 4, 307; Вясноў, Бел. лекс., 35; Пацлава, Paleoslovenica, 120).
Лі́тусь, лі́тюсь ’у мінулым годзе’ (кам., драг., Сл. ПЗБ). Да ле́тась (гл.).
Літэрка ’колца ў калаўроце, пры дапамозе якога замацоўваецца шпулька на рагатцы’ (віл., Сл. ПЗБ; міёр., рас., Шатал.). Відазмененае польск. muterka ’гайка’. Гл. таксама ліцерка, мітэрка.
Лі́ўны ’ліўневы, праліўны’ (ТС). Да лівень (гл.).
Ліўрэя ’фірменная адзежа швейцараў, лакеяў, фурманаў’ (ТСБМ). Запазычана з рус. ливрея ’тс’, якое з франц. livrée ’тс’, першапачаткова — ’адзежа, якую дзяржава і высокая шляхта выдавалі свіце’ < франц. livrer ’выдаваць’ < с.-лац. liberāre ’тс’. Аднак пры пасрэдніцтве франц. livrée і ісп. librea яшчэ ў XIII ст. слова пранікла ў ням. дыялекты і ў форме Liberei ’спецыяльная форма для прыслугі’ трапіла ў ст.-польск. мову (liberyja, XVI ст.), адтуль у ст.-бел. у выглядзе либерия ’ліўрэя’ (XVII ст.). Больш падрабязна гл. Фасмер, 2, 494; Слаўскі, 4, 219–220; Булыка, Запазыч., 107.
Ліф, лі́фік, лі́хвік ’безрукаўка, жаночае адзенне без рукавоў’ (Сцяшк., Ян., Мат. Гом.), ’частка жаночай сукенкі, якая аблягае грудзі і спіну’ (ТСБМ); лі́пцік, лі́фцік, ’ліфчык’ (барыс., лаг., Сл. ПЗБ). Рус. лиф, лифчик, польск. lifk, liwk ’тс’. Запазычаны з н.-ням. lîv або з гал. lijf ’ліф, карсет’ (Фасмер, 2, 504).
Ліфт (ТСБМ), як і ліфта ’ліфт’ (паст., Сл. ПЗБ) — з рус. лифт, якое з англ. lift ’тс’. Канчатак жан. роду ‑а пад уплывам больш ранняга ві́нда (гл.).