Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ветра- ’першая частка складаных слоў: ветраапыленне, ветраахоўны, ветрарухавік, ветрасілавы, ветраўлоўнік, ветраходзік і інш.’ (КТС, БРС), якая адпавядае па значэнню слову ве́цер (гл.).

Ве́тры і вятры́ ’нячысцікі’; ’віхры’, рус. маск. ве́тер ’нячыстая сіла’, польск. wiatr, wiater ’персаніфікацыя ветру ў народных паданнях’. Мн. л. да вецер (гл.) з захаваннем старажытнай семантыкі — абагульненая назва нячысцікаў, матываваная разбуральнай сілай ветру, а таксама яго здольнасцю «прыносіць» розныя хваробы.

Ве́трывы ’ветраны (дзень, надвор’е)’ (Нас.). Прасл. архаізм větrivъ, утвораны ад vět‑rъ. і суф. ‑iv‑ъ. Сюды ж безасабовы выказнік ветрыва ’ветрана’ (Нас., Гарэц.); параўн. таксама рус. ве́триво, ветри́во, ве́трево ’тс’.

Ветрыцца1 ’праветрывацца, сушыцца’ (Нас.). Да ветрыць1 тое ж польск. wietrzyć się ’праветрывацца’; ’падпадаць пад дзеянне свежага паветра’, серб. ве̏трити се ’тс’.

Ветрыцца2 ’прастуджвацца, асвяжацца’ (Нас.). Да ветрыцца1.

Ветрыцца3 ’хадзіць без справы, бадзяцца, швэндацца’ (карэліц., Янк. Мат.). Да дзеяслова ветрыцца1, у якога павінна было быць таксама значэнне ’знаходзіцца на паветры’ → ’псавацца пад уздзеяннем ветру’ → ’быць ветраным, легкадумным, ветрагонам’.

Ветрыць1 ’сушыць на ветры, праветрываць’ (Нас., Касп., Бяльк.), жыт. ’дзьмуць (аб ветры)’; (перан.) ’круціцца’ (Мат. Гом.); ’выветрываць’ (Яруш.); ’веяць збожжа на ветры’ (Касп., Арх. ГУ; рагач., жыт., Мат. Гом.; докш., карэліц., Янк. Мат., Янк. I, Юрч., Яўс.), палес. ві́трыты, ві́трынне ’ачыстка збожжа на ветры пасля падсейвання яго рэшатам’ (Выг.). Укр. вітрити ’праветрываць’, рус. паўн.-сіб. ветрить ’сушыць на ветры, на марозе, праветрываць’, польск. wietrzyć ’трымаць на свежым паветры’; ’губляць пах, свежасць пад уздзеяннем паветра і цяпла’; ’распадацца, выветрывацца (аб мінералах)’, чэш. větřiti se ’віцца на ветры (аб спадніцы)’, славен. vẹ́triti ’праветрываць’, серб.-харв. ве̏трити, вје̏трити ’праветрываць, выпарвацца (аб газах)’; ’плаваць пад ветразем’; ’хутка махаць крыламі’, макед. ветрее се, ветри се ’праветрываць’; ’выжываць з розуму’, балг. ветрея ’выветрываць, праветрываць’; ’выдыхацца, выветрывацца’; ’махаць (хусткай, флагам)’, ветрея се ’калыхацца ад ветру’. Прасл. дзеяслоў větr‑it‑i, які ўтварыўся пры дапамозе суф. ‑i‑ti (< ‑ě‑ti). Да ве́цер (гл.).

Ветрыць2 ’пазнаваць, вызначаць што-небудзь, прынюхвацца да ветру, чуць нюхам’ (КТС). Укр. ві́трити ’нюхаць паветра (аб сабаку)’, рус. ветрить ’валодаць здольнасцю адшукваць дзічыну нюхам «па ветры»’, польск. wietrzyć ’шукаць, сачыць, чуць нюхам’, чэш. větřiti ’чуць нюхам (аб сабаку, каню)’, славац. vetriť ’тс’, серб.-харв. ве̏трити, вје̏трити ’чуць нюхам пах, які прыносіцца ветрам’. Прасл. větriti (суф. ‑i‑ti < ‑ě‑ti). Да вецер (гл.). Лексема větrъ, ад якой утварыўся дзеяслоў, мела пераноснае значэнне ’пах’, якое сёння мы маем, напр., у чэш. народн. větry ’страўнікавыя газы’.

Ветурач ’ветэрынарны ўрач’ (КТС, БРС). Да ветэрынар і ўрач (гл.). Запазычана з рус. ветврач.

Ветфе́льчар ’ветэрынарны фельчар’ (КТС, БРС). Да ветэрынар і фельчар (гл.). Запазычана з рус. ветфельшер.

Ветхазаветны: ∼ная кніга (КТС). Паходзіць з рус. ветхозаветный (1789 г.) < ад фразеалагічнага звароту ветхий завет (Шанскі, 1, В, 80).

Ветхі ’стары, старажытны, старадаўні, трухлявы’ (КТС), укр. ве́тхий, рус. ве́тхий ’тс’, ленінгр. ’хваравіты’, кастр. ветха́ный ’стары, зношаны’, ст.-рус. ветъхый ’стары, паношаны, трухлявы; даўні, спрадвечны; дахрысціянскі, паганскі’ (з XI ст.), польск. уст. wietki ’гнуткі, хрупкі, слабы, тонкі, шчуплы’, wiotchy ’стары’; ’гнуты, слабы, далікатны’, н.-луж. wjatki ’пацёрты, зношаны’, wiatły ’тс’; ’стары (аб будыніне)’, в.-луж. wjetki ’стары, трухлявы, паношаны’, чэш. vetchý ’стары, старадаўні, трухлявы, слабы’; ’рэдкі (аб палатне)’, славац. vetchý ’зношаны, трухлявы; стары, слабы, хваравіты, не валодае сабою’, серб.-харв. вѐт, вѐтах ’стары’, макед. ветов ’стары, паношаны, пацёрты’, балг. вехт, ве́хът, ве́тав, ветък, вехток ’тс’, ст.-слав. ветъхъ. Прасл. vetъхъ. Мае і.-е. адпаведнікі: літ. vẽtušas ’стары, састарэлы’, лат. vecs ’стары, старажытны, старадаўні’, лац. vetus, vetus‑tus ’састарэлы’, грэч. ἔτος, Ϝἔτος, алб. vjet ’год’, ст.-інд. vatsá ’тс’, vatsás ’гадавалы’, сагдз. wtšnyy ’стары’ > іран. *wat(u)šana‑ (гл. Траўтман, 356; Сэмерэні, Word, 8, 50; Мюленбах-Эндзелін, 4, 517; Вальдэ-Гофман, 2, 776; Праабражэнскі, 1, 80; Брукнер, 623; Голуб-Копечны, 414; Махэк₂, 686; Фасмер, 1, 307; КЭСРЯ, 57; Шанскі, 1. В, 80). Рэканструюецца як і.-е. *u̯etuso‑ (wetuso‑) ’стары, састарэлы’ (Персан, IF, 26, 63; БЕР, 1, 139). Буга (РФВ, 67, 246) і Эндзелін (Слав.-балт. эт., 52) выводзяць літ. vẽtušas з *u̯etukʼsos. Гл. таксама ве́тах.

Ветэра́н ’стары, бывалы воін; чалавек, які даўно працуе ў якой-небудзь галіне дзейнасці’ (КТС, БРС). Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 76) < франц. vétéran < лац. veteranus < vetus, veteris ’стары’ (Фасмер, 1, 306; КЭСРЯ, 78; Шанскі, 1, В, 78; БЕР, 1, 138; Махэк₂, 686). Не выключана магчымасць запазычання з польск. мовы.