Тартары́ца ’вялікая спраўная жанчына’ (полац., Нар. лекс.). Няясна.
Тарту́ра ’катаванне’ (Ласт.), торту́ры ’мардаванне; строгі допыт з катаваннем’ (Нас.), ’мучэнне’ (Беларусіка, 19, 226). Праз польск. tortura, tortury ’катаванне, мучэнне’ з лац. tortūra ’мука, катаванне’ < torquēre ’круціць; катаваць’ (Голуб-Ліер, 485; ЕСУМ, 5, 608–609).
Тарці́на ’кавалак торфу’ (карэліц., Янк. Мат.). З тарфіна ’тс’ (гл. торф) з прыпадабненнем зычных.
Тарцыя́рка ’багамольная жанчына, якая дала абяцанне кожны дзень хадзіць у касцёл’ (Скарбы). З польск. tercjarka ’прыналежная да ордэна св. Францыска’, ад tercja ’кананічная гадзіна’ (< лац. tertius ’трэці’, г. зн. ’прыналежны да 3‑й ступені ў ордэне’, гл. Брукнер, 569).
Та́рча ’шчыт’ (Байк. і Некр., Нас.), ’малы шчыт, у сярэдзіну якога прасоўвалася рука’ (Ласт.), ст.-бел. тарча, тарчъ, тарчь ’шчыт’ (XV ст., Ст.-бел. лексікон, Карскі 2-3, 456). Запазычана са ст.-польск. tarcza, tarcz ’тс’ < с.-в.-ням. tartsche ад ст.-франц. targe ’круглы скураны шчыт’ (Булыка, Лекс. запазыч., 68; Борысь, 627).
Тарча́к ’галоўны корань дрэва, старчак’ (паст., Расл. св.), тарчма́к ’тс’ (бялын., ЛА, 1). Назоўнікі ад тарча́ць, паралельнага да тырча́ць (гл.), параўн. яшчэ старча́к ’тс’; апошняя форма пад уплывам тарчма, гл.
Тарча́ць ’выпінацца, выдавацца, вытыркацца; знаходзіцца перад вачыма’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Бяльк.), тарчэ́ць ’тс’ (барыс., Шн. 2; Касп., Сл. ПЗБ; дзісн., Нар. сл.), торча́ць ’тс’ (ТС). Укр. дыял. торча́ти ’тырчаць, выдавацца, выступаць’, рус. торча́ть ’тс’, стараж.-рус. торчати ’тс’, польск. дыял. terczeć ’тс’, каш. tarčec ’тс’, чэш. trčeti ’тс’, славац. trčať ’тс’, старое харв. trčati ’тс’, славен. trčati ’не расці, сядзець (пра дрэва)’. З прасл. *trčati/*trčeti, роднаснага да *strčati/*strčeti (Фасмер, 4, 88; Бязлай, 4, 215; Борысь, 577; SEK, 5, 134; ЕСУМ, 5, 573, 609), гл. тырчаць, стырчаць.
Тарчма́ ’стаўма, старчаком’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр.), ’строма, вертыкальна’ (Касп.), тарчмака́ ’тырчма’ (Бяльк.), тарчмако́м ’старчаком, уніз галавой’ (Нас., Байк. і Некр.), ’потырч’ (Касп.), тарчмя́ ’тырчма’ (Растарг.), таршма́ ’тс’ (Сцяшк. Сл.), тыршмака́ ’ніц, на жываце’ (чашн., ЛА, 5), то́рчма ’стрымгалоў’ (Нас., Некр. і Байк., Мат. Маг.). Параўн. укр. торчма́ ’старчаком’. Прыслоўі на ‑ма (‑мя) ад тарчаць (гл.), аналагічныя да бегма (бегчы), крычма (крычаць), ускладнення часціцамі і адвербіялізаванымі склонавымі формамі назоўнікаў (Шуба, Прыслоўе, 57–58).
Тарчо́к 1 ’вясенні хвошч, таўкачык, Equisetum L.’ (круп., Сл. ПЗБ). Да тарча́ць, торч (гл.), параўн. іншыя назвы расліны стаўбуно́чык (маст., Расл. св.), стырч (лельч., Расл. св.), а таксама славен. tr̂ček ’пень, сцябло’.
Тарчо́к 2 ’смаржок звычайны’ (полац., круп., ЛА, 1; асіп., Сл. ПЗБ), ’вужовік, Amanitopsis fulva W. G. Smith’ (круп., Серж.-Яшк.), ’глузд веснавы, Gyromitra esculenta (Fr.) Fr.’ (полац., там жа). Параўн. укр. торчо́к, торчо́к ’смарчок, Helvella esculenta Pers.’. Матывацыя, як і ў папярэдняга слова, параўн. іншую назву старчо́к (акц., Сярж.–Яшк.), гл. старчак.
Тарчо́к 3 ’мядзведка (насякомае)’ (докш., Янк. Мат.). Гл. турчок ’тс’.
Тарчы́ца 1 ’шырокая дошка’ (Некр. і Байк.; ашм. Стан.; Шат., Варл.), ’доўгая, шырокая і даволі тоўстая дошка’ (Нас.), ’вузкая дошка, цёс’ (Шымк. Собр.), тарчы́цы ’тонкія дошкі’ (Касп.), тырты́ця ’масніца’ (кобр., ЛА, 4). Ст.-бел. тартица, тарцица, тарчица, торчица, тертица, терцица ’драніца’, ’дошка’ (1555 г., Ст.-бел. лексікон, КГС) запазычана са ст.-польск. tarcica ’неапрацаваная дошка’, што ад tarty ’цёрты, пілаваны’, дзеепрыметніка ад trzeć ’церці’ (Брукнер, 566; Борысь, 626).
Тарчы́ца 2 (тарчы́ця) ’шчытападобная залоза’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. tarczyca ’тс’, што да папярэдняга слова або да tarcza ’шчыт’ (гл. тарча) паводле знешняга падабенства.