Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Раззе́ўрат (разьзеўрат) ’разява, разявака’ (Стан.), сюды ж разяўро́тны ’няўважлівы’ (Сцяшк. Сл.). Ад разявіць (гл.) і рот (гл.), параўн. Гл. ратазей, разява.

Раззя́піць ’шырока раскрыць рот’ (Касп.), ръззяпе́ніць ’шырока расчыніць (дзверы)’ (ушац., Нар. лекс.), раззя́піцца ’адкрыцца, расчыніцца’, ’разінуць рот’, ’узняць крык, сварку’ (Юрч. СНЛ), рус. дыял. раззепа́й ’крыкун, гарлапан’ (пск., цвяр.), раззепа́ться ’пачаць шмат пазяхаць’. Ад зяпа (гл.).

Разібо́ддзе (рызібоддзе) ’неразбярыха’ (Яўс.). Няясна.

Ра́зік ’малады парастак, атожылак’ (ТС). Ад рэзаць, параўн. раз ’адзін’ (гл.).

Разі́нуць ’раскрыць пашчу’ (шум., лід., Сл. ПЗБ), разі́нуцца ’шырока раскрыцца (пра пашчу)’ (ашм., Сл. ПЗБ), ’пачаць лаянку’ (Нас.), ’падняць крык, пачаць лаянку’ (Юрч. СНЛ), разі́нуцца ’раскрыцца (пра зеў у кроснах)’ (Сержп. Прык.). З *orz‑ і *zinǫti. Далей роднаснае да зія́нне, зява́ць (гл.). Сюды ж аддзеяслоўныя разі́ня ’разява’ (Бяльк.), разі́нка ’тс’ (Нас.), разі́нькі ’разявацтва’ (Нас.), ’разявакі’ (Бяльк.). Гл. Фасмер, 3, 434.

Ра́зіць ’удараць’, ’абражаць’ (Нас., Гарэц.), разі́ць ’паразіць (пра хваробу)’ (паст., Сл. ПЗБ), ра́зіцца ’трапляць у няёмкае становішча’ (Нас., Гарэц.), ’абражацца’ (Гарэц.), рус. рази́ть ’біць, наносячы ўдары’, ’злаваць, крычаць’, укр. рази́ти ’біць’, польск. razić ’раніць’, ’надразаць’, чэш. raziti ’біць’, славац. raziť ’біць’, славен. ráziti ’драпаць’, балг. сразя́ ’паваліць адным ударам’. Да прасл. *raziti. Звязана з раз, рэ́заць (гл.) (Фасмер, 3, 434; Махэк₂, 510).

Разка́ты ’разгорнуты, распрастаны’ (напр.: лісце бульбы) (Ян.). Утворана ад раската́ць, гл. катаць.

Разка́ч ’зношаны венік’ (Янк. 1). Ад розга, роска ’дубец’ па мадэлі дзярка́ч, паколькі такі венік мае вострыя тоўстыя галінкі, параўн. разгачы (гл.).

Разко́м ’разам, сумесна’, ’за адзін раз’ (Нас.), ’разам’ (ТС), рус. дыял. разко́м ’разам, за адзін раз’, ’без прамаруджвання’, укр. разко́м ’разам’, ’за адзін прыём’. Ад раз (гл.).

*Разкярэ́ша (розкере́ша) ’нерастаропны, маруда’ (іван., Непакупны, Связи, 194), ’брудны, мурза’ (пруж., там жа), укр. палес. розкере́ша ’крываногі, клышаногі’, ’развілка ў сасне’. Кантамінацыя балт. keréža і разкарака (разкоря́ка) ’разгалінаванае дрэва’ (Непакупны, Связи, 195). Гл. раскярэша.