Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Місцю́к, місьцю́к ’мастак, майстар, знаўца’, ’зух’ (Нас., Грыг., Бяльк.; паўд.-усх., КЭС), укр. мистю́к, рус. мастюк. Параўн. яшчэ бел. мастак. Усе з’яўляюцца пераўтварэннем са ст.-бел. майстеръ, майстръ, мастеръ, мистръ, мийстръ ’майстар, начальнік, правіцель’, ’настаўнік’, ’кат’, якія праз ст.-польск. мову прыйшлі з с.-в.-ням. meistere лац. magister ’правіцель; кіраўнік, настаўнік’ (Карскі, Труды, 312; Жураўскі, Бел. мова, 61; Булыка, Лекс. запазыч., 189).

Місю́гін ’вар’ят’ (Шат.), рус. миши́гинер ’дурны, юродзівы’. З ідыш ein Meschuggener (чэш. mišuge, mešuge ’тс’), якое са ст.-яўр. mesuggah (Шатэрнік, 158; Фасмер, 2, 630). Не выключана магчымасць кантамінацыі ідыш і слова, утворанага (накшталт чэш. misogyn ’жанчынаненавіснік’) са ст.-грэч. μισέω ’ненавідзець’ і γυνή ’жанчына’.

Мі́та ’капец бульбы’ (петрык., Выг. дыс.; мазыр., З нар. сл.). Праз польск. (паморск., варм.-мазурск.), каш. mita ’тс’, якія з н.-ням., с.-гал. mite (ням. Miete) < лац. mēta foeni ’стог, сцірта’ < mēta ’конус, піраміда’ (Басара, Terminol., 2, 60; Васэрцыер, 152). Гл. таксама мета.

Мі́талем, мі́талям, мы́талям, мі́тэлем, мі́целлем ’хутка, у момант, мігам, што ёсць сілы’ (Бяльк., ТС, слонім., Жыв. сл.; жытк., Жыв.; рэч., нараўл., Мат. Гом.; Ян.), драг. му́тылём лізтэ (пра адзенне) ’хутка, ушчэнт рвацца, зношвацца’ (Лучыц-Федарэц). Балтызм. Параўн. mituliuoti ’здыхаць’, ’знікаць’, nu‑mituliuoti ’знікнуць’.

Мі́тальнік, мі́тъльніца ’непаседлівы, вярціхвост(ка)’ (міёр., З нар. сл.). Да мята́ць1 (гл.).

Мі́тарства ’пакута, мука’ (Ян.). З рус. мытарство ’тс’ (ад старавераў).

Мі́тата ’калок, слуп’ (воран.) — рэдуплікацыйнае ад літ. miẽtas ’тс’ (Грынавяцкене, LKK, 16, 183).

Міта́цца, зьміта́цца ’вылецеўшы з вулля, садзіцца (пра рой)’, метаві́шча, мітаві́шча ’месца, дзе сеў рой’, ’месца, дзе на пашы начуюць коні’ (слаўг., Нар. сл.). Да мятаць1 (гл.).

Мі́таць ’хутка насіць, вазіць, цягаць што-небудзь’, ’хутка есці’ (Крыў., Са сл. Дзіс.). Балтызм. Параўн. mitrùs ’хуткі, лоўкі’, mìtrinti ’рабіць хутка, лоўка, умела’.

Мітќаль ’самая простая баваўняная тканіна’ (ТСБМ), рус., укр., ст.-рус. миткаль, запазычанае з чагат. mutkal ’тс’ < перс. metqal ’тканіна’ або з араб. mitakāli (Міклашыч, 198; Бернекер, 2, 63; Фасмер, 2, 629).