Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Марэйдаць ’замазваць, размалёўваць’ (Сл. Брэс.). Да мара́ць (гл.). Аснова пашырана экспрэсіўным суфіксам ‑эйд‑.

Марэна1 ’травяністая (паў)кустовая расліна Rubia, з якой атрымліваюць чырвоную фарбу’ (ТСБМ). Рус. марена́, паўд.-сіб., іркуцк. маря́ный ’чырвоны, пунсовы (аб небе на захадзе сонца)’, польск. marzana, чэш. mařena, mořena, ст.-чэш. mařana. Да мара́ць (Фасмер, 2, 573), Махэк₂ (352) лічыць, што гэта лексема няяснага паходжання, магчыма, яшчэ праеўрапейскага.

Марэна2 ’рыба марона, Barbus barbus (L.)’ (Днепр, Жук.; Крыв.), паўд.-рус., волж. ма́рена, марена́ ’тс’. Да марона (гл.). Булыка (Лекс. запазыч., 144) прыводзіць ст.-бел. марена — назва іншай рыбы — ’ласось’ (пач. XVIII ст.), якое лічыць запазычаным з лац. marena праз ст.-польск. marena ’рыба сіг, Coregonus lavaretus marena’. Няпэўна. Гэта назва паходзіць з новав.-ням. Maräne. Параўн. таксама серб.-харв. мо̀руна ’бялуга’.

Марэц ’нябожчык’ (ваўк., ДАБМ, к. 317). Да мрэц < прасл. mьrъcь ’тс’. Пачатковае ма‑ пад уплывам польск. martwy.

Мар’яж ’наяўнасць караля і дамы адной масці ў аднаго іграка ў карты’ (ТСБМ). З рус. марьяж ’тс’. Аднак марʼяш ’картачная гульня’ (КТС — Дунін–Марцінкевіч) запазычана з польск. mariasz ’тс’, ’мар’яж’. Абедзьве мовы засвоілі франц. mariage ’шлюбная пара’.

Мар’ян ’маяран садовы, Majorana hortensis Moench.’ (Федар. 6, Мал.), марʼянак ’тс’ (Сцяшк. Сл.), мар’янка ’тс’ (брэсц., Кіс.). Усе з с.-лац. назвы majorana з перастаноўкай зычных йр > рй. Аналагічна і ў чэш. мове: majorán, marjánka і marijanka ’тс’.

Мар’яна ў песні: «Ой, на моры, на марʼяні, на востраві, на кургані, — там бывала старына» (рэч., Доўн.-Зап., Св.), мар’янка ’невялічкі астравок’ (мазыр., Яшк.). Параўн. рус. іркуцк. моря́на (схіл камяністай высокай гары, якая парасла лесам’, ’месца на гары, якое поўнасцю зарасло лесам’. Няясна. Магчыма, лексема ўтварылася з уласнай назвы пэўнага вострава.

Мар’я́нка1 ’абабак (10 снапоў)’ (ТС). Няясна. Відавочна, у выніку кантамінацыі мара́ (гл.) і стая́нка (гл. віц., стъйа́нкі, ДАБМ, с. 876). Не выключана паходжанне з імя Мар’яна.

Мар’я́нка2 ’трытон’ (ТС). Не зусім яснае слова. Магчыма, уграфінізм. Параўн. рус. вяц. мурья́ ’задняя ніжняя частка тулава, ягадзіцы’; лексема магла б быць утворана, як польск. kijanka ’пранік’.