Сноп ‘звязка зжатых сцёблаў’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.; ашм., Стан.; Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. сніп, рус. сноп, стараж.-рус. снопъ, польск., н.-луж., в.-луж., чэш., славац. snop, серб.-харв. сно̏п, славен. snȍp, макед., балг. сноп, ст.-слав. снопъ. Прасл. *snopъ лічыцца роднасным ст.-в.-ням. snuaba ‘павязка’, snuobili н. р. ‘ланцужок’, да і.-е. *(s)neu‑ ‘вязаць’; Махэк₂ (564) тлумачыць праславянскую семантыку як ‘тое, чым звязваюць’ → ‘тое, што звязана’. Сной₁ (588) узводзіць *snopъ да і.-е. пашыранай базы *snəpo ‘тое, што звязана’ і, далей, да і.-е. базы *sneh‑p ‘звязваць’; Борысь (565) — да і.-е. *snēp‑/*snop‑/*snəp‑. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 700 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 334–335; Шустар-Шэўц, 1329.
Сно́пурха, сне́пурка, со́пурка ‘рыбы галец, Nemachilus barbatulus L. і шчыпоўка, Cobitis taenia L.’ (Крыв.), снопа́р, со́пурха, со́пуха, сно́пурха ‘пячкур’ (палес., Жыв. св.). Няясна. Параўн. со́пурха (гл.).
Сно́та ‘клопат, апекаванне’, ‘спрыт’ (Касп.). Укр. сно́та ‘цнота’, рус. дыял. маск. сно́та ‘здагадка, кемлівасць, спрыт’, смал. ‘цнота’. Гл. цнота.
Сно́ўдаць, сно́ўдацца ‘хадзіць, рухацца туды і сюды (часцей без мэты)’, ‘бадзяцца’ (ТСБМ, Ласт., Байк., Касп., Сцяшк., Варл., Жд. 3, Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.; мёрск., Нар. лекс.), ‘снаваць’ (Байк. і Некр.), сну́дацца ‘тс’ (Шат.), сно́ўдацца, сны́даць ‘тс’ (Касп.), сна́ўдацца ‘валачыцца’ (Ян.), снаўда́цца ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж снаўда́ль ‘хто ходзіць без справы’ з літ. snaudãlius ‘соня’ (там жа). Лаўчутэ (Балтизмы, 73) адносіць да балтызмаў, параўн. літ. snaudà, snaudala ‘чалавек, які любіць паспаць’ < snausti ‘драмаць’, ‘быць павольным, марудным’. Розніца ў значэннях узнікла, відаць, пад уплывам снаваць ‘хадзіць туды і сюды’ (гл.). Гл. таксама Свобада, Studies in Slavic Linguistics and Poetics, N. Y. — London, 1968, 246. Гл. наступнае слова.
Сну́дзіць ‘нацягваць вяроўку або нітку з мэтай злавіць каго-небудзь’ (Нас.), ‘настройваць, наладжваць, арганізоўвацць’ (Гарэц., Др.-Падб.), снудзі́ць ‘ненадзейна прыстасоўваць для лоўлі’ (Юрч. Вытв.), снуда́ ‘пастка’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, звязана з славен. snúditi se ‘шмыгаць, снаваць’, якое Куркіна (Диал. структура, 116) лічыць этымалагічна тоесным літ. snauduliúti, snausti ‘драмаць, спаць; марудзіць, вагацца’, snaudà ‘дрымота, марудлівасць’, лат. snaũda ‘тс’, што ўзыходзяць да і.-е. *snou‑ з пашыральнікам d і зыходнай семантыкай ‘снаваць, матаць’. Прасл. *snuditi?
Снуз ‘чарада, шэраг’: цілый снуз кныгув (кам., Жыв. НС). Звязана з нізаць, нізка (гл.) або сноза (гл.).
Сну́лля ‘станок або прыстасаванне, пры дапамозе якога снуюць кросны’ (Касп., Жд. 2; віл., Сл. ПЗБ), ‘губіца, мера палатна ўдаўжыню (4–5 метраў)’ (Жд. 1), сну́лька, сну́льня ‘снулля (прыстасаванне)’ (Сл. ПЗБ). Дэрываты з суф. ‑л(я), ‑лл(я) ад снуць (гл.); аб суфіксацыі гл. Сцяцко, Афікс. наз., 53–54. Не выключана, што снулля з’яўляецца вынікам пераўтварэння дыял. сноўля ‘снавадла’ (віл., Сл. ПЗБ): снуўля — снулля. Сюды ж сну́йка ‘тс’ (Варл., Сцяшк.).
Снуць ‘снаваць’ (астрав., трак., Сл. ПЗБ). Укр. дыял. сну́ти, польск. snuć, рус.-ц.-слав. сноути, чэш. snout, н.-луж. snuś, славен. snúti ‘снаваць’. Сной₁ (589) узнаўляе прасл. *snuti, якое ён лічыць асновай для ўтварэння прасл. *snovati. Аднак Шустар-Шэўц (1329) бачыць тут пазнейшую форму інфінітыва, утвораную ад асновы цяперашняга часу, параўн. сную, снуеш і пад. Гл. снаваць.
Сныха́ ‘жывая бойкая дзяўчына’ (Бяльк.). Зыходзячы з дыялектнай фанетыкі, гэта рэдкі выпадак фіксацыі на беларускай моўнай тэрыторыі прасл. *snъxa ‘нявестка, жонка сына’, параўн. укр. дыял. сно́ха, рус. сноха́, стараж.-рус. снъха, польск. дыял. sneszka, старое snecha, чэш. snacha, серб.-харв. сна̀ха ‘братава або сынава жонка’, славен. snaha, sneha, балг. снъха́, макед. снаа, ст.-слав. снъха; роднаснае ст.-інд. snusā́, грэч. νυός, лац. nurus, ст.-ісл. snor, ст.-англ. snoru, ст.-в.-ням. snur, ням. Schnur, што ўзыходзяць да і.-е. *snusós ‘радавая сувязь’, адкуль форма ж. р. *snusa < sneu̯‑ ‘звязваць, злучаць’, гл. аснова, снаваць. Менш верагодна вывядзенне *snusā́ з і.-е. *sūnu‑sū‑ ‘сынава жонка’. Гл. Трубачоў, История терм., 131 і наст.; Глухак, 568; Шаўр, Etymologie, 60–62 (аддае перавагу другой версіі); Фасмер, 3, 700; ЕСУМ, 5, 337–338. Семантыка беларускага слова пярэчыць пазнейшаму запазычанню з рускай мовы і, не выключана, узнаўляе першаснае значэнне снаваць ‘хутка рухацца’.
Снягі́р ‘гіль, лясная птушка’ (ТСБМ, Сцяшк.), снягу́р, снягу́рка, снягу́рчык ‘тс’ (Жыв. св.), снегу́р ‘тс’ (лях., Сл. ПЗБ, Нар. лекс.), снегі́рчык, снігі́р, сныгі́р, сногі́р ‘тс’ (ТС), снігі́р ‘птушка Pyrrhula vulgaris Briss.’ (Пятк. 2), сняжо́к ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), сняжу́рка ‘птушка падарожнік, Piectrophanes nivalis’ (Ласт.). Укр. сніга́р, снігу́р, сниги́р, рус. снеги́рь, сниги́рь ‘гіль’; з іншымі суфіксамі: польск. śniegula ‘птушка падарожнік зімні’, чэш. sněhule, в.-луж. sněhula, н.-луж. sněgula ‘снягір’, славац. snehuliak. Да *sněgъ ‘снег’ з суф. ‑urъ, ‑yrъ, ‑ulъ; гл. Шустар-Шэўц, 1328. Рускія формы з ‑и‑ у корані тлумачацца асіміляцыяй галосных: *снѣгырь > снигырь. Гл. Міклашыч, 312; Фасмер, 3, 698. Сюды ж таксама снягу́рка ‘сінічка’ (Янк. 1). Назвы звязаны са з’яўленнем птушак на фоне выпаўшага снегу.