Няўго́йны ’няўцешны’ (Сцяшк. Сл.). Да гаі́ць (гл.).
Няўдо́ба ’участак, непрыгодны для апрацоўкі’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Шатал., Сл. ЦРБ, Мат. Маг., Мат. Гом.), няўдоб, няўдобшчына, няўдо́бішча ’тс’ (Сцяшк.), няўдо́біца ’тс’ (Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ, Яўс.), няўдобніца, няўдобшчына ’тс’ (Сл. ЦРБ), няўдобія ’тс’ (Сл. ПЗБ), няўдобства ’тс’ (Мат. Гом.). Да удоба, даба (гл.).
Няўжо́ (не ўжо, неўжо) ’няўжо, хіба’ (Нас., Мядзв., Гарэц., Яруш., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), неўжэ́ ’тс’ (Пятк., ТС, Ян.), сюды ж няўжо́ ж (не ўжо‑жъ) ’хіба, няўжо; а як жа’ (Нас.), няўжож ’няўжо’ (Яруш.), неўжож ’тс’ (Мядзв.), неўжэ ж ’няўжо; так, ага, а як жа’ (ТС), нывжэж ’а як жа’ (брэсц., Нар. лекс.), укр. невже ’няўжо’, рус. дыял. невжо, неуж ’тс’. З не і ўжо (*(j)uže), параўн. рус. уж не плачет ли он? (ESSJ SG, 2, 473; Фасмер, 3, 69). Параўн. няўго, няго (гл.).
◎ *Няўзго́да, неўзго́да ’няшчасце, непрыемнае здарэнне’ (ТС), рус. невзгода ’тс’. Ад незафіксаванага + узго́да, параўн. рус. дыял. взгода ’міласць, мір’ (да год, гл.), у беларускай мове звычайна згода ’тс’. Па лінгвагеаграфічных прычынах малаверагодна запазычанне з рускай мовы.
◎ Няўздо́лець ’хварэць; быць не ў стане, не змагчы’ (Гарэц., Сержп., Шат., Касп., Сл. ПЗБ), няўздо́ліць ’быць нездаровым’ (Грыг., Нас.), неўздалець ’хварэць, быць не ў стане’ (Нас.), сюды ж неўздалека, неўздаляка ’слабасільны’ (Касп., Панюціч, Лексіка, 82), няўздо́лы ’фізічна слабы, нядужы’ (Панюціч, там жа). Да рэдкага ўздо́лець ’змагчы, быць у сілах’ (Нас.). З прэфіксам у з‑ (*vъz‑), часцей выступае варыянт здолець (гл.), параўн. нездалека (гл.).
Няўзна́кі ’непрыкметна’ (Сцяшк.), неўзнакі́ ’тс’ (Варл.), няўзна́ч ’часам; ціха, непрыкметна; няўцям’, няўзна́чку ’непрыкметна’ (Нас.), неўзнаце́йку ’нечакана’ (Касп.). Да знак, знаць (гл.).
◎ Няўзо́ра (неўзора) ’нелюдзь’, неўзбрысты ’нелюдзімы’ (Ян.), няўзоркі (невзоркій) ’які мае суровы погляд; слепаваты; неадукаваны’, няўзорысты (невзористый) ’змрочны; непрыгожы’, няўзорыца (невзорица) ’чалавек з непрыемным поглядам’ (Нас.). Да ўзірацца, збрыць (гл.), параўн. неўзгляд ’пануры чалавек, які не глядзіць у вочы’ (ТС).
◎ Ня́ўкаць ’мяўкаць’ (Сл. ПЗБ; лін., Шатал.; Мат. Маг.); укр. нявкати ’мяўкаць; крычаць (пра саву)’, рус. нявкать, нявгать ’мяўкаць; плакаць, хныкаць’, славен. njȃvkati ’мяўкаць’ серб.-харв. тьаўкати, крњаўкати ’тс’. Гукапераймальнае, роднаснае літ. niaukti, kniaūkti ’тс’. Зыходнае пяў разглядаецца як даўні дублет мяў (Бязлай, 2, 225), гл. мяўкаць, курмяўкаць (апошняе безпадстаўна разглядаецца як балтызм, параўн. прыведзеную вышэй паўднёваславянскую паралель), няўчыць.
Няўклю́да, няўхлю́да ’няўдалы чалавек’ (Сл. ПЗБ), не́ўклюдзь ’недарэка’ (слаўг., Нар. словатв.), няўклю́дны ’непрыгожы, непрывабны’ (Яўс.), неўклюдны ’няскладны, няспрытны’ (ТС), няўклюдня ’мізэрнасць, непрывабнасць, няўтульнасць’ (Яўс.), рус. неуклю́д ’няскладны, няспрытны чалавек’, неуклюдный, неуклюжий ’непаваротлівы’. Да прасл. *klʼudъ, прэфіксальныя ўтварэнні прадстаўлены ў рус. уклюжий ’лоўкі, спрытны’, чэш. ukliditi ’давесці да ладу’ і пад. Паводле Трубачова (Эт. сл., 10, 55), застаюцца нявысветленымі суадносіны форм *klʼudъ, *sklʼud‑, *xlʼud‑, параўн. схлюдны (гл.). Не адпавядае рэчаіснасці таксама сцверджанне (там жа) аб адсутнасці адпаведных формаў у паўднёваславянскіх мовах, параўн. балг. дыял. неоклюжав ’нялоўкі’ (р‑н г. Трын), якое Добраў (Старинни бълг. думи. София, 1987, 86) суадносіць з рус. неуклюжий ’тс’. Гл. таксама Кузняцова, РР, 1977, 2, 82–86; Фасмер, 3, 69. Ці не паўплывала на семантыку беларускага слова літ. kliùdýti ’чапляць за што-небудзь, перашкаджаць’, а таксама ’пападаць’ (параўн. неўпапад ’недарэчы’)?
◎ Няўко́м (невкомъ) ’быццам, хіба ж’ (Нас.), ’нездарма; няўжо’ (Касп.), ’знячэўку, знянацку’ (Мат. Маг.), ня‑ў‑ком жа ’аднак жа не, чаму ж не’ (Гарэц.), рус. смал. невком ’аднак’. Паралельнае да няўчом (гл.) займеннікавае ўтварэнне ад хто (гл.); праблему складае высвятленне шляхоў семантычнага развіцця.