Няўклю́да, няўхлю́да ’няўдалы чалавек’ (Сл. ПЗБ), не́ўклюдзь ’недарэка’ (слаўг., Нар. словатв.), няўклю́дны ’непрыгожы, непрывабны’ (Яўс.), неўклюдны ’няскладны, няспрытны’ (ТС), няўклюдня ’мізэрнасць, непрывабнасць, няўтульнасць’ (Яўс.), рус. неуклю́д ’няскладны, няспрытны чалавек’, неуклюдный, неуклюжий ’непаваротлівы’. Да прасл. *klʼudъ, прэфіксальныя ўтварэнні прадстаўлены ў рус. уклюжий ’лоўкі, спрытны’, чэш. ukliditi ’давесці да ладу’ і пад. Паводле Трубачова (Эт. сл., 10, 55), застаюцца нявысветленымі суадносіны форм *klʼudъ, *sklʼud‑, *xlʼud‑, параўн. схлюдны (гл.). Не адпавядае рэчаіснасці таксама сцверджанне (там жа) аб адсутнасці адпаведных формаў у паўднёваславянскіх мовах, параўн. балг. дыял. неоклюжав ’нялоўкі’ (р‑н г. Трын), якое Добраў (Старинни бълг. думи. София, 1987, 86) суадносіць з рус. неуклюжий ’тс’. Гл. таксама Кузняцова, РР, 1977, 2, 82–86; Фасмер, 3, 69. Ці не паўплывала на семантыку беларускага слова літ. kliùdýti ’чапляць за што-небудзь, перашкаджаць’, а таксама ’пападаць’ (параўн. неўпапад ’недарэчы’)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)