Зго́да ’лад’. Рус. сго́да ’шчасце’ (Даль), укр. зго́да, польск. zgoda, чэш. shoda, славац. zhoda ’лад’, н.-луж. zgoda ’добрае надвор’е’, славен. zgọda ’выпадак’, серб.-харв. зго̏да ’выпадак, умова, зручнасць’, балг. зго̀да ’зручныя абставіны, выпадак’, ’згода’, макед. згода ’зручнасць, выпадак’. Ц.-слав. (серб.) съгода ’выпадак’ (Міклашыч, Lex. palaeosl., Данічыч). Ст.-рус. згода (1493 г., у «польск. справах») ’умова, згода’. Ст.-бел., ст.-укр. згода ’мір’ (Сінаніма). Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова sъ‑god‑i‑ti (sę) (гл. год, гадзіцца), які меў шырокае кола значэнняў, у тым ліку ’згаджацца, быць падыходзячым, трапляцца’. Бел. значэнне ўказвае, верагодна, на польск.-укр. бел.-славац. арэал, магчыма, хаця і не абавязкова пад польск. уплывам ці з польск. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)