Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жаўлак1 ’зацвярдзенне, пухліна’, ’акруглы кусок мінералу’, жевла́к ’тс’ (Нас.). Рус. дыял. жевла́к ’пухліна, гуз, жаўлак’, ’нарыў’, ’яйка’, ’валляк у курыцы’, желва́к ’жаўлак’, смал. жевло́ ’пухліна’, укр. жо́вна, жо́вно ’пухліна, зацвярдзенне ў людзей, жывёл, раслін’, ’мускулы’, серб.-харв. жу̑љ ’мазоль’, ’цяжкая праца’, славен. žulj ’мазоль’. Параўн. рус. желва́к ’жаўлак’, балг. желва́к ’белы кварцавы каменьчык’ (Гераў), чэш. žluna ’залатуха’ (Фасмер), славен. žę̑lva ’нарыў са свішчом; залатуха’, ’чарапаха’. Апошняе слова са знач. ’чарапаха’ прадстаўлена ў польск., н.-луж., в.-луж., чэш., балг. (гл. жаўлак2). Ст.-рус. желвакъ ’пухліна’ (з XVIII ст.), желы або желвь ’тс’ (Лаўр. л.), жолвачокъ (XVII ст.) ’заменнае яйка ў гульні’, желватый ’пра расліну з выступамі, патаўшчэннямі’ (1519 г.), желва і г. д. ’чарапаха’. Паводле Шанскага (1, Ж, 280–281), рус. желвак утвораны з суф. ‑ак ад асновы желва, паралельнай да желы. Фасмер (2, 41) піша: «верагодна, да жолвь ’чарапаха’…». Трубачоў (ВСЯ 2, 33–34) пацвярждае гэта аб’яднанне, а таксама дадае да гэтага кораня галава, жалеза, залоза. Трэба, аднак, улічыць іншую магчымасць. Яшчэ Зубаты (Studie, 1, 2, 128) адзначыў цяжкасці семантычнага аб’яднання ’чарапахі’, ’галавы’ і ’жаўлака’. Фасмер пераканаўча адкідвае асобныя тлумачэнні слав. слоў для ’жаўлака’ і ’чарапахі’, аднак семантычныя цяжкасці іх аб’яднання застаюцца. Серб.-харв. і славен. žulj ’мазоль’ тлумачыцца ў сувязі з gula (Скок, 1, 632; Безлай, 1, 186); гл. гуля. Гэта слова ўзводзіцца да і.-е. кораня *gou‑, *gəu‑ ’згінаць’ (Покарны, 1, 393) з падаўжэннем ‑l‑; пры чаргаванні галосных корань прымае форму *geul‑ і дае назву мазаля жуљ. Форма жаўлак < *ževl‑akъ можа быць дыялектным адлюстраваннем *geu̯l‑ (параўн. жаўрэць). Корань узаемадзейнічае з *želū‑ ’чарапаха’ (< ’касцяное’) і так узніклі формы тыпу рус. желвак. Слав. дзеяслоў на базе кораня *geul‑ або *geuəl‑ прадстаўлен, відаць, у словах тыпу славен. žaliti ’муліць, націраць’. Гл. Праабражэнскі, 1, 225; іначай БЕР, 1, 523 (з тлумачэннем балг. желвак ад жила); Мяркулава, Этимология, 1981, 64.

Жаўла́к2 ’чарапаха’ (Багушэвіч, Мар. дыс., 175). Польск. żółw, н.-луж. žołw, в.-луж. źołwja, чэш. želva, балг. жълва, ц.-слав. жєлъвь, жєлъва, ст.-рус. желва, желвь ’чарапаха’. Прасл. *žely < і.-е. *ghelū ’чарапаха’ (Покарны, 1, 445); параўн. грэч. χέλυς ’чарапаха’. Сувязь з жоўты, аб якой пісаў Мейе (Études, 268), слушна адкідваў Фасмер (2, 41), як і падобнае меркаванне Зубатага (Studie, 1, 2, 124, 128, 133). Першаснае *ghel‑ суадносіцца з галава, жалеза і мела значэнне ’цвёрдае, касцяное, камень’ (Трубачоў, ВСЯ, 2, 33–34). Сувязь з жаўлак, мае хутчэй другасны характар.

Жаўла́ць ’крычаць’ (Мат. Гом.), жаўні́ць ’паўтараць адно і тое’ (Касп.), жаўрі͡ети ’размаўляць, жартаваць’ (Бес.). Рус. перм., ярасл. жа́вля́ть ’жаваць, чаўкаць’, валаг. желва́чить бурчаць, лаяцца, прасіць’, наўг., алан., тамб., смал., валаг. желнить ’ціха, доўга гаварыць’, балг. дыял. жавре се, жевря се ’крыўляцца пры гаварэнні’, джевря(м) се ’скардзіцца’, чэш. želovati. У бел. гаворках прадстаўлены тры тыпы падаўжэння (‑l‑, ‑n‑, ‑r‑) і.-е. кораня *gōu‑, *gou̯‑, *gū‑ ’крычаць, клікаць’, адлюстраванага ў говар, гаварыць, гутарыць (гл.); пры чаргаванні галоснага о — е вынікаюць формы тыпу *geur‑, *geuər‑, адкуль журыцца (гл.), жаўрэць, а з іншымі падаўжэннямі жаўлаць, жаўніць. Параўн. яшчэ гом. жаўна ’крыклівае дзіця’. Гл. жаўна. Краўчук, Зб. Крапіве, 195–196; Супрун, Бюлетин за съпост. изследв., 1976, 5, 76. Іначай, як гукапераймальнае, тлумачыць балг. формы БЕР (t, 529), што мала верагодна, калі мець на ўвазе не ўлічаныя там паралелі.

Жаўна́ ’чорны (і зялёны) дзяцел; Dryocopus martius’, жолна́. Рус. желна́ ’тс’, укр. жовна́ ’тс’, дыял. ’івалга’, польск. żołna ’птушка Merops’, н.-луж. žołma ’чорны і зялёны дзяцел’, в.-луж. žołma ’чорны дзяцел’, чэш. žluna ’зялёны дзяцел’, славац. žlna, балг. дыял. жѐлна̀ ’тс’, жъ̀лна̀ ’Picus martius’, жлъна̀тка ’птушка Emberiza’ (Гераў), жълту̀рка ’тс’, ’івалга’, макед. жодна ’птушка Picus viridis’, серб.-харв. жу́на ’Picus martius’, славен. žółna ’дзяцел’. Ц.-слав. жлъна ’Picus martius’. Агляд значэнняў слав. назваў, узыходзячых да прасл. *žьlna, дала Клепікава (Проблемы индоевропейского языкознания 1964, 106–114): у асноўным словы азначаюць дзятлавых або адзін з відаў, а таксама івалгу Oriolus galbula (укр., польск., чэш., славац., серб.-харв., макед. гаворкі) ці зрэдку (зах.-укр. і паўд.-польск. гаворкі) шчурку залацістую (Merops apiaster) Клепікава лічыць першаснымі для слав. моў значэнні ’дзяцел’ і ’івалга’. Літ. gilnà ’Dryocopus martius’, лат. dzil̑na ’дзяцел’. Традыцыйна збліжаюць са слав. жоўты (гл.) і яго балт. адпаведнікамі (Гараеў, 108; Праабражэнскі, 1, 226; Буга, Rinkt., I, 495; Траўтман, 88; Фасмер, 2, 43; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 1948, 110; Скок, 3, 687; Шанскі, 1, Ж, 281), указваючы на колер птушкі. Міклашыч (408) побач з параўнаннем з жоўты адаслаў да слоў тыпу жаўлак. Махэк (Zfsl Ph, 1948, XX, 50–51) выказаў меркаванне пра збліжэнне жаўна з літ. gìlti, gélti ’жаліць’. Аткупшчыкоў (Из истории, 247–249) развівае гэту думку, указваючы, што корань *gel‑ мог азначаць не толькі ’жаліць’, але і ’даўбаць’. Тады жаўна суадносіцца з жолаб, жалонка (гл.), літ. gélda ’карыта’ (< ’выдаўбанае’), што можа быць суаднесена з тымі словамі, якія Покарны (1, 470–471) дае для кораня *g​el‑ ’калоць’. Махэк₂ (730) прыводзіў грэч. паралель з глухімі варыянтамі кораня κελεός ’жаўна’, які ў слав. прадстаўлены ў калоць. Суаднясенне Махэка з gélti, улічваючы тлумачэнні Аткупшчыкова, здаецца не менш верагодным, чым традыцыйная этымалогія (па колеру) для дзятла, тым больш што назва дастасоўвалася да рознакаляровых відаў, у тым ліку для чорнага дзятла. Для івалгі хутчэй падыходзіць тлумачэнне па афарбоўцы. Верагодна, тут старажытная аманімія назваў розных птушак. Гл. Пятлёва, Этимология, 1975, 47–49. Гом. перан. жаўна́ ’дзіця крыклівае’ магло ўзнікнуць на базе назвы івалгі, што дае падставу дапусціць выкарыстанне лексемы жаўна ў гэтым значэнні на поўдні Беларусі. Але не выключаецца тады і магчымасць паходжання назвы птушкі не ад назвы афарбоўкі (жоў‑ты), а ад кораня са значэннем ’крычаць’: і.-е. gou‑, *gouə‑, *geuə‑. Гл. жаўла́ць (дзе і жаўні́ць).

Жаўне́р ’польскі салдат’ (ТСБМ), ’салдат’ (БРС). Рус. жолнер ’польскі салдат’, укр. жовнір ’тс’, ’салдат’. З польск. żołnierz, ст.-польск. żołdnierz < ням. Söldner. Паводле Клячкоўскага (Зб. Развадоўскаму, II, 331) і Шцібера (Świat jęz. Sł., 295), ст.-польск. з ням. праз чэш. пасрэдніцтва да XIV ст. У ст.-бел. фіксуецца яшчэ з канца XV ст. жолнеръ з шэрагам вытворных (Булыка, Запазыч., 114–115), ст.-польск. żołdnierz зафіксавана ў першай палавіне XVI ст. (Рэчак). Ням. Sold ’плата прафесіянальнага салдата’, с.-ням. solt ’тс’ < ст.-франц. solt ’залатая манета, аплата салдата’ < познелац. sol(i)dus (nummus) ’шчырая манета’. С.-в.-ням. soldenx̄re, soldenier ’наёмны салдат’ утворана на гэтай аснове (Дудэн).

Жа́ўранка, жаўронак (Гом.). Гл. жа́варанак1.

Жаўру́к. Гл. жа́варанак1.

Жаўтабру́х ’від вужа’. Рус. дан. желто́брюх ’бязногая яшчарка, Ophiosaurus serpentinus’, укр. жовто́брюх ’від вужа’, польск. żółtobrzuchi ’маючы жоўтае бруха’, чэш. žlulobřichý ’тс’. Усх.-слав. назва паўзуна ўтворана як складанае слова: желт‑о‑брюх (гл. жо́ўты, бру́ха).

Жаўтапёс, жаўтёпасак ’пясчаная глеба’ (Шат.), жаўтопёсок (Мат. Гом.), жаўтапесак (глус., Янк. II) ’тс’. Параўн. жаўтазём ’глеба з жоўтага пяску’ (Сцяц.). Складанае слова з прыметнікавай асновы жоўты (гл.) і назоўніка пясок (гл.). Цікава, што апошні прадстаўлены ў форме без суфікса ‑ъкъ; яе можна лічыць або адлюстраваннем старажытнага стану, або пазнейшым усячэннем па мадэлі жаўтазём. Трэба пры гэтым мець на ўвазе нерэгулярнае адлюстраванне ě ў выглядзе ё, якое ўказвае, як і форма жаўтёпасак, на пазнейшыя дэфармацыі слова.

Жаўтапу́зік ’від бязногай яшчаркі’. Рус. дыял. желтопу́з ’від вужа’, укр. жовтопу́з ’від бязногай яшчаркі’; параўн. чэш. želtopusik ’від паўзуноў Ophisaurus apus’. Складанае ўсх.-слав. слова ўтворана з желт‑о‑пуз (гл. жо́ўты і пу́за). Бел. форма — памянш. з суфіксам ‑ік. Чэш. слова мае ў другой частцы, відаць, кампанент pus ‑a ’рот’, г. зн. азначае ’жаўтароцік’.

Жаўта́чка ’жаўтуха (хвароба)’ (гом., глус., Янк. III; мядз., Жыв. сл., 41). Укр. дыял. жовта́чка ’тс’. З польск. żółtaczka ’тс’ з падвядзеннем пад бел. форму кораня. Адпаведная суфіксацыя ў назвах хвароб для бел. нетыповая. Параўн. жаўту́ха1.