Жаўту́ха 1 ’жоўтая афарбоўка скуры, вочных склераў і г. д.; хвароба, што яе выклікае’. З рус. желтуха ’тс’ або паралельна з ім. Параўн. укр. жовтяниця. Сцяцко (Афікс. наз., 124) адзначае непрадуктыўнасць тыпу назваў хвароб, прычым краснуха, відаць, утворана там, дзе красн.‑ азначала ’чырвоны’, таму трэба лічыцца з рус. уздзеяннем. Параўн. іншую назву гэтай хваробы жаўтачка (< польск.). Шанскі (1, Ж, 282) лічыць желту́ха ўласна рус. утварэннем, а бел. < рус.
Жаўту́ха 2 ’грыб зялёнка, Tricholoma flavovirens’ (Мат. Гом.), жовтушка ’нейкі ядомы грыб’ (камян., Жыв. сл., 188). Ад прыметніка жоўты (гл.) з суфіксамі ‑уха ці ‑ушка паводле пашыранай мадэлі назваў раслін, у тым ліку грыбоў (Сцяц., Афікс. наз., 124, 125).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)