Жаўна́ ’чорны (і зялёны) дзяцел; Dryocopus martius’, жолна́. Рус. желна́ ’тс’, укр. жовна́ ’тс’, дыял. ’івалга’, польск. żołna ’птушка Merops’, н.-луж. žołma ’чорны і зялёны дзяцел’, в.-луж. žołma ’чорны дзяцел’, чэш. žluna ’зялёны дзяцел’, славац. žlna, балг. дыял. жѐлна̀ ’тс’, жъ̀лна̀ ’Picus martius’, жлъна̀тка ’птушка Emberiza’ (Гераў), жълту̀рка ’тс’, ’івалга’, макед. жодна ’птушка Picus viridis’, серб.-харв. жу́на ’Picus martius’, славен. žółna ’дзяцел’. Ц.-слав. жлъна ’Picus martius’. Агляд значэнняў слав. назваў, узыходзячых да прасл. *žьlna, дала Клепікава (Проблемы индоевропейского языкознания 1964, 106–114): у асноўным словы азначаюць дзятлавых або адзін з відаў, а таксама івалгу Oriolus galbula (укр., польск., чэш., славац., серб.-харв., макед. гаворкі) ці зрэдку (зах.-укр. і паўд.-польск. гаворкі) шчурку залацістую (Merops apiaster) Клепікава лічыць першаснымі для слав. моў значэнні ’дзяцел’ і ’івалга’. Літ. gilnà ’Dryocopus martius’, лат. dzil̑na ’дзяцел’. Традыцыйна збліжаюць са слав. жоўты (гл.) і яго балт. адпаведнікамі (Гараеў, 108; Праабражэнскі, 1, 226; Буга, Rinkt., I, 495; Траўтман, 88; Фасмер, 2, 43; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 1948, 110; Скок, 3, 687; Шанскі, 1, Ж, 281), указваючы на колер птушкі. Міклашыч (408) побач з параўнаннем з жоўты адаслаў да слоў тыпу жаўлак. Махэк (Zfsl Ph, 1948, XX, 50–51) выказаў меркаванне пра збліжэнне жаўна з літ. gìlti, gélti ’жаліць’. Аткупшчыкоў (Из истории, 247–249) развівае гэту думку, указваючы, што корань *gel‑ мог азначаць не толькі ’жаліць’, але і ’даўбаць’. Тады жаўна суадносіцца з жолаб, жалонка (гл.), літ. gélda ’карыта’ (< ’выдаўбанае’), што можа быць суаднесена з тымі словамі, якія Покарны (1, 470–471) дае для кораня *g​el‑ ’калоць’. Махэк₂ (730) прыводзіў грэч. паралель з глухімі варыянтамі кораня κελεός ’жаўна’, які ў слав. прадстаўлены ў калоць. Суаднясенне Махэка з gélti, улічваючы тлумачэнні Аткупшчыкова, здаецца не менш верагодным, чым традыцыйная этымалогія (па колеру) для дзятла, тым больш што назва дастасоўвалася да рознакаляровых відаў, у тым ліку для чорнага дзятла. Для івалгі хутчэй падыходзіць тлумачэнне па афарбоўцы. Верагодна, тут старажытная аманімія назваў розных птушак. Гл. Пятлёва, Этимология, 1975, 47–49. Гом. перан. жаўна́ ’дзіця крыклівае’ магло ўзнікнуць на базе назвы івалгі, што дае падставу дапусціць выкарыстанне лексемы жаўна ў гэтым значэнні на поўдні Беларусі. Але не выключаецца тады і магчымасць паходжання назвы птушкі не ад назвы афарбоўкі (жоў‑ты), а ад кораня са значэннем ’крычаць’: і.-е. gou‑, *gouə‑, *geuə‑. Гл. жаўла́ць (дзе і жаўні́ць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)