Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гарызо́нт ’гарызонт’ (БРС). Рус. горизо́нт, укр. горизо́нт. У аснове ляжыць лац. horizon, ‑ontis (< грэч. ὁρίζων), якое праз ням. або польск. мову пранікла ў рус., якая, здаецца, і была крыніцай для бел. і ўкр. Гл. Шанскі, 1, Г, 133–134; Фасмер, 1, 441.

Гары́ла ’гарыла’ (БРС). Рус. гори́лла, укр. гори́ла. Непасрэднай крыніцай слова з’яўляецца англ. gorilla ’тс’. Падрабязней гл. Шанскі, 1, Г, 134–135.

Гары́нка ’узгорак’ (Бяльк.). Параўн. рус. дыял. горы́ня ’гара’ (СРНГ, 7, 79–80). У аснове ляжыць *gorynь (да *gora + суфіксацыя ‑ynь). Параўн. і назву р. Горынь у Фасмера, 1, 445.

Гары́пні ’назва гульні гарэлкі’, гары́пень ’той, хто застаўся без пары ў гэтай гульні’ (Нас.). Ад прыпеву «гары пень» у гэтай гульні (апісанне гл. у Насовіча).

Гары́ца ’невялікая горка’ (Сл. паўн.-зах.). Трубачоў (Эт. сл., 7, 45) разглядае прасл. *gorica (памянш. ад *gora), але без бел. матэрыялу.

Гарыцве́т ’расліна гарыцвет’ (БРС). Рус. горицве́т, укр. горицві́т, горе́цвіт, польск. gorzekwiat, чэш. hořikvět, балг. гори́цвет і г. д. Трубачоў (Эт. сл., 7, 46) прыводзіць вялікі матэрыял з розных слав. моў і выстаўляе праформу *gorikvětъ (складанае слова: імператыў ад *gorěti + *kvetъ).

Гары́чык ’агароджанае месца для жывёлы ў полі або ў лесе’ (Яшкін). Незразумелае слова.

Гарэ́за ’свавольнік, пракуда, вісус’ (Нас., БРС, Шат.), таксама гарэ́знік (Нас., БРС), гарэ́злівы, гарэ́зны, гарэ́заваць, гарэ́знічаць, гарэ́зіць (Нас., Касп., Сл. паўн.-зах., БРС). Рус. дыял. зах. гаре́за (СРНГ). Этымалогію прапанаваў ужо Насовіч: гарѣза ’свавольнік, распуснік, дураслівец’ ад герезія ’ерась’, а гарѣза ’натурысты’ ад гаркаць. Тлумачэнне Насовіча (запазычанне з польск.) для гарэ́за ’свавольнік’ падтрымліваецца тым, што польск. herezja (< лац. мовы, гл. Слаўскі, 1, 416–417) у гаворках мае значэнне ’скандалы, дэбошы’ (Карловіч).

Гарэ́лка1 ’гарэлка’ (да гарэ́ць) (БРС). Відавочна, запазычанне з рус. горе́лка ’тс’.

Гарэ́лка2 ’гарэлка, спіртны напітак’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Сцяц. Нар., Сл. паўн.-зах.). Рус. горе́лка, укр. горі́лка. Утварэнне па польскаму узору: польск. gorzałka (да *gorzały ’гарэлы’ < gorzeć ’гарэць’). Гл. Фасмер, 1, 440; Слаўскі, 1, 322. Падрабязна Сцяц. Нар., 72.

Гарэлка3 ’адтуліна ў бучы’ (Сл. паўн.-зах.). Магчыма, метафара да гарэ́лка1 (паводле знешняга падабенства з варонкай).

Гарэ́лкі ’назва гульні’ (БРС, Бяльк.). Рус. горе́лки ’тс’. Да гарэць ’гарэць’ (гэта слова паўтараецца ў гульні). Гл. Фасмер, 1, 440 (там і апісанне гульні); Шанскі, 1, Г, 132 (некалькі іншае тлумачэнне). Параўн. іншую назву гэтай гульні — гары́пні (гл.).