Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Аўто́ры ’выраз у ніжняй частцы бочкі, у які ўстаўляецца дно’ (лельч., Арх. ГУ). Гл. уторы, адносна фанетыкі параўн. аўдод, аўторак і інш.

Аўтэ́нтык (БРС, Нас., Яруш.), ст.-бел. автентикъ (з 1344? Нас. гіст.; 1644, Булыка, Запазыч.), автентичний (з 1333? Нас. гіст.). Праз польск. autentyk, autentyczny або непасрэдна з лац. authenticus (грэч. αὐθεντικός ’які мае самастойную вартасць’). Для бел. аўтэнтычны малаверагодна, насуперак Крукоўскаму, Уплыў, 76, паўторнае запазычанне з рус. аутентичный.

Аўца́ ’авечка’ (Яруш., Сержп., Бяльк., Сцяшк.), гаўца (Сцяшк.), укр. вівця, рус. овца, польск. owca, славац. ovca, чэш. ovce, в.-луж. wowca, н.-луж. wejca, славен. óvca, серб.-харв. о́вца, макед. овца, балг. овца́. Прасл. ovьca з ovьkā ўтворана пры дапамозе памяншальнага канчатка ‑ikā ад пашыранай асновы на ‑i‑, параўн. ст.-інд. avikā́ і ávis, літ. avìs, лат. avs, грэч. ὄις, лац. ovis, ірл. ói, ст.-в.-ням. ou ’тс’, гл. Фасмер, 3, 116; Трубачоў, Происх., 69–70. Параўн. авечка.

Аўча́р ’пастух’, (БРС, Бяльк., КЭС, лаг.), гаўчар (Сцяшк.)., ст.-бел. овчаръ, укр. вівчарь, рус. овчар, польск. owczarz, чэш. дыял. ovčiř, славен. ovčar, серб.-харв. о̀вча̄р, макед. овчар, балг. овчар. Прасл. ovьčar ад ovьka ’авечка’, адносна словаўтварэння гл. Мейе, Études, 213.

Аўчуга́н ’аўчарка, сабака, які вартуе авечак’ (Нас.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад аўца па тыпу ваўчуган ’бялізны воўк’, зладзюган ’злодзей’, якім адпавядаюць формы на у́га (ю́га): ваўчуга, зладзюга, параўн. Карскі 2-3, 33. Адсутнасць або незафіксаванасць зыходнай формы *аўчу́га, магчыма, указвае на сувязь (частковая калька?) з літ. avìganis ’аўчар’, ’аўчарка’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 193, 212).

Аўчы́на ’вырабленая авечая шкура’, рус. овчина, польск. owczyna, серб.-харв. о̀вчина ’вялікая аўца’ і ’аўчына’. Ад ovьka, параўн. літ. avikíena (Траўтман, 20, адносна ўтварэнняў такога тыпу гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 9–10). Гл. Фасмер, 3, 116; Трубачоў, Происх., 69 і наст.

Аўша́к ’аконны ці дзвярны вушак’ (Касп.). Гл. вушак, адносна фанетыкі параўн. аўдод, аўторы і інш.

*Аўшу́ла, оўшу́ла ’слуп з пазамі’, оўшу́лок (Шушк., 159), укр. авшула, овшула ’тс’ (Лысенка, СПГ). Гл. ушула, вушула, адносна фанетыкі параўн. аўдод, аўшак і інш.

Афе́кт ’моцнае хваляванне; запальчывасць і злосць’, ст.-бел. афектъ, аффектъ ’моцнае жаданне, страсць’ (канец XVI — пачатак XVII ст., Нас. гіст.; Булыка, Запазыч.). Запазычана праз польскую мову або непасрэдна з лац. affectus ’прыхільнасць, пачуццё, любоў’, гл. Гіст. лекс., 108; Булыка, Запазыч., 34; параўн., аднак, Краўчук, ВЯ, 4, 1968, 123, дзе адмаўляецца насуперак Рудніцкаму, 1, 41, непасрэднае запазычанне ўкр. афе́кт з лацінскай па акцэнталагічных прычынах — наяўнасці ў Бярынды слова з двума націскамі: а́фект і афе́кт. Магчыма, паўторнае запазычанне ў беларускую літаратурную мову з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76), пра што сведчыць сучасная семантыка слова.

Афіцы́на, ахвіцы́на ’флігель пры панскім доме для служачых асоб’ (Нас. Доп.). Запазычана з польск. oficyna ’флігель пры палацы для дваровай службы’, што ў сваю чаргу з лац. officīna ’майстэрня’.