Афе́кт ’моцнае хваляванне; запальчывасць і злосць’, ст.-бел. афектъ, аффектъ ’моцнае жаданне, страсць’ (канец XVI — пачатак XVII ст., Нас. гіст.; Булыка, Запазыч.). Запазычана праз польскую мову або непасрэдна з лац. affectus ’прыхільнасць, пачуццё, любоў’, гл. Гіст. лекс., 108; Булыка, Запазыч., 34; параўн., аднак, Краўчук, ВЯ, 4, 1968, 123, дзе адмаўляецца насуперак Рудніцкаму, 1, 41, непасрэднае запазычанне ўкр. афе́кт з лацінскай па акцэнталагічных прычынах — наяўнасці ў Бярынды слова з двума націскамі: а́фект і афе́кт. Магчыма, паўторнае запазычанне ў беларускую літаратурную мову з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76), пра што сведчыць сучасная семантыка слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)