Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прыда́так, прыда́ток, мн. л. прыда́ткі ’дадатак; зямельная надбаўка да асноўнай паласы’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Касп.; докш., Янк. Мат.; тураў., Выг. дыс.; Сл. ПЗБ, ТС, Сл. Брэс., ЛА, 2). Сюды ж прыда́тны ’прыгодны, здатны, здольны’ (ТСБМ, ТС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад прыда́ць < прасл. *pridati, прэфіксальнае да *dati (гл. дар).

Прыда́ць ’зрабіць’: сам собе смерць прыдаў (ТС). Улічваючы кантэкст, трэба лічыць культурным (кніжным) запазычаннем з рус. предать смерти з дыялектнай трансфармацыяй прэфікса.

Прыда́ча ’тое, што дададзена, прыдадзена; прыбаўленне да цаны’ (ТСБМ, Мік., Др.-Падб., Нас., ТС), пры́дача ’прыдача, удача’ (Байк. і Некр.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад прыда́ць. Сюды ж вытворныя прыда́члівы ’шчаслівы, удачлівы; які мае асаблівы нораў’ (Нас.), прыда́чны ’ўдалы, удачны; выгадны’ (Нас., Байк. і Некр., Янк. 1). Таксама да гэтага гнязда другасны вытворны назоўнік прыда́ка ’ўдачнік; удалы, зухаваты; неўтаймоўны, непадобны характарам на родных’ (Нас., Байк. і Некр.) з далейшым зрухам семантыкі — ’выпадак; нечаканасць’ (Нас.). У апошнім выклікае цікавасць не зусім яснае (адваротнае) чаргаванне ‑ч‑/‑к‑, якое, магчыма, выклікана пераасэнсаваннем формы слова пры субстантывацыі. Верагодна, усх.-слав., параўн. рус. прида́ча, прида́чливый ’здольны, умелы; спрытны’, укр. прида́ча.

Прыдба́ць ’набыць, займець; нажыць; павялічыць маёмасць’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.; парыц., Некр., Др.-Падб., Інстр. 3; навазыбк., Пал.; Бяльк., ТСБМ). Прэфіксальнае ўтварэнне ад дбаць з асноўным знач. ’клапаціцца’ (гл.) з далейшым развіццём семантыкі. Параўн. рус. дыял. придба́ть ’назапасіць, нажыць, набыць’, ’завесці дзяцей’, укр. придба́ти ’набыць’.

Прыдве́чны ’стары’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Відаць, дыялектная трансфармацыя спрадве́чны (гл.). Параўн. рус. дан. предве́чный ’надта стары’.

Прыдзе́лаць ’прырабіць, прыбудаваць’ (Бяльк.), прыдзе́лаць, прыдзя́лаць ’прымацаваць, прымацоўваць’ (рагач., Сл. ПЗБ). Усходнебеларускі арэал фіксацыі гэтых дзеясловаў, а таксама шырокая распаўсюджанасць карэляту прырабі́ць (гл.) сведчаць, хутчэй, на карысць запазычання з рус. приде́лать. Падаецца, аднак, што гэта другасная, больш позняя з’ява, таму што наяўнасць добра вядомых у жывой народнай мове аддзеяслоўных субстантываў з коранем ‑дзел‑ немагчыма трактаваць інакш, як на карысць спрадвечнасці ўласнай дзеяслоўнай пары дзе́лаць/прыдзе́лаць (< прасл. *dělati, гл. ЭССЯ, 4, 231–232), якая была паступова выціснута семантычна ідэнтычнай рабі́ць/прырабі́ць, параўн. прыдзе́л ’прыбудова да хаты’ (Бяльк., Мат. Маг.), прыдзе́лак ’тс’ (Мат. Маг.) ’унутраная перагародка ў хаце, канявая сцяна’, ’сенцы (частка хаты, якая не абаграваецца)’ (калінк., чавус., ЛА, 4), прыдзе́лок ’жылое памяшканне, прыбудаванае да хаты’ (Шушк.), ’прыбудова (да хаты, хлява)’ (Ян.), прыдзе́лак ’скрынка ў куфры’ (баран., Сл. ПЗБ). Параўн. ст.-рус. придѣлъ ’частка праваслаўнага храма з самастойным прастолам’, рус. дыял. приде́л ’асобнае памяшканне ў доме’, ’пярэдні пакой у хаце, святліца’, приде́лок ’жылая прыбудова да хаты’, ’прыбудова да двара, хлява’, укр. палес. придєл, придє́лок ’прыбудова да асноўнай будовы’.

Прыдзіра́ць, прыдра́ць ’ачысціць ад дзёрну і дадаць да асноўнага ўчастка палоску зямлі’ (нараўл., жыт., Выг.; ТС), прыдзе́рці ’прыараць цаліны’ (ТС). Прэфіксальнае ўтварэнне ад дзе́рці/драць (гл.) са звужэннем семантыкі, што ўзыходзіць да прасл. *derti/*dьrati. Сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі, якія працягваюць семантыку дзеясловаў: пры́дзір ’кусок зямлі, прыараны да старога пляца; поле, вырабленае на сенажаці’ (Бяльк.; лях., ЛА, 2), прыдзі́рак ’маленькі кусочак поплава’ (ст.-дар., Жыв. НС), прыдзі́рок, прыдзю́р, прыдзёр ’дадатак прыаранай цаліны’, прыдзёра ’ўпершыню апрацаваны ўчастак зямлі, дададзены да асноўнага’ (Выг., ТС), прыді́рок ’кусок поля, узнятай цаліны, што прылягае да вялікага масіву поля’ (Сл. Брэс.), прыдзёр ’кавалачак поля, які прыворваюць, “прыхопліваюць”, дадаюць да свайго поля ці агарода’ (Сіг.), а таксама словы з іншай, але блізкай семантыкай: прыдзіра́ць, прыдра́ць ’пазначыць лініі паза ў бервяне “драчкай” (Шат.), прыдзіра́ць ’выбіраць драчку’, прыдра́ць ’намеціць месца падгонкі бярвенцаў драчкай’ (ТС). Параўн. семантычна аналагічныя ўтварэнні з прэфікс, вы‑: выдзёр, вы́дзірак1, вы́дранка (гл.).

Прыдзі́ў ’сурокі’ (віл., Сл. ПЗБ). Верагодна, прыставачна-бяссуфікснае ўтварэнне ад незафіксаванага *прыдзіві́ць/*прыдзіві́цца ’сурочыць’ < дзіві́ць/‑цца (гл.). Фармальна сюды ж таксама пін. прыды́ў у выразе на прыды́ў ’на выгляд’: у саду вышенька на прыды́ў чырвоная (Доўн.-Зап., Пін.), аднак, яно, відаць, з польск. na przędziw ’на дзіва’.

Пры́дзіць ’мачыцца (выпускаць мачу)’ (Нас.). Фанематычны варыянт пру́дзіць (гл.).

Прыдзю́жыць ’моцна пайсці (пра дождж)’ (рэч., Нар. сл.). Відаць, экспрэсіўнае ўтварэнне з коранем дзюж‑, у якім спалучаецца семантыка прысл. ду́жа ’вельмі’ і прым. ду́жы ’моцны’ (гл.).