Прыда́ча ’тое, што дададзена, прыдадзена; прыбаўленне да цаны’ (ТСБМ, Мік., Др.-Падб., Нас., ТС), пры́дача ’прыдача, удача’ (Байк. і Некр.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад прыда́ць. Сюды ж вытворныя прыда́члівы ’шчаслівы, удачлівы; які мае асаблівы нораў’ (Нас.), прыда́чны ’ўдалы, удачны; выгадны’ (Нас., Байк. і Некр., Янк. 1). Таксама да гэтага гнязда другасны вытворны назоўнік прыда́ка ’ўдачнік; удалы, зухаваты; неўтаймоўны, непадобны характарам на родных’ (Нас., Байк. і Некр.) з далейшым зрухам семантыкі — ’выпадак; нечаканасць’ (Нас.). У апошнім выклікае цікавасць не зусім яснае (адваротнае) чаргаванне ‑ч‑/‑к‑, якое, магчыма, выклікана пераасэнсаваннем формы слова пры субстантывацыі. Верагодна, усх.-слав., параўн. рус. прида́ча, прида́чливый ’здольны, умелы; спрытны’, укр. прида́ча.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)