Прыдзе́лаць ’прырабіць, прыбудаваць’ (Бяльк.), прыдзе́лаць, прыдзя́лаць ’прымацаваць, прымацоўваць’ (рагач., Сл. ПЗБ). Усходнебеларускі арэал фіксацыі гэтых дзеясловаў, а таксама шырокая распаўсюджанасць карэляту прырабі́ць (гл.) сведчаць, хутчэй, на карысць запазычання з рус. приде́лать. Падаецца, аднак, што гэта другасная, больш позняя з’ява, таму што наяўнасць добра вядомых у жывой народнай мове аддзеяслоўных субстантываў з коранем ‑дзел‑ немагчыма трактаваць інакш, як на карысць спрадвечнасці ўласнай дзеяслоўнай пары дзе́лаць/прыдзе́лаць (< прасл. *dělati, гл. ЭССЯ, 4, 231–232), якая была паступова выціснута семантычна ідэнтычнай рабі́ць/прырабі́ць, параўн. прыдзе́л ’прыбудова да хаты’ (Бяльк., Мат. Маг.), прыдзе́лак ’тс’ (Мат. Маг.) ’унутраная перагародка ў хаце, канявая сцяна’, ’сенцы (частка хаты, якая не абаграваецца)’ (калінк., чавус., ЛА, 4), прыдзе́лок ’жылое памяшканне, прыбудаванае да хаты’ (Шушк.), ’прыбудова (да хаты, хлява)’ (Ян.), прыдзе́лак ’скрынка ў куфры’ (баран., Сл. ПЗБ). Параўн. ст.-рус. придѣлъ ’частка праваслаўнага храма з самастойным прастолам’, рус. дыял. приде́л ’асобнае памяшканне ў доме’, ’пярэдні пакой у хаце, святліца’, приде́лок ’жылая прыбудова да хаты’, ’прыбудова да двара, хлява’, укр. палес. придєл, придє́лок ’прыбудова да асноўнай будовы’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)