Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Паты́нка ’металічная талерка’, ’дыскас’ (Нас.), ст.-бел. патына, патыня, патина ’металічная талерка, якую выкарыстоўваюць у час абедні’ (1583 г.) запазычаны са ст.-польск. patyna ’тс’, якое з лац. patina ’міска, нізкая каструля, патэльня’ (Булыка, Лекс. запазыч., 180). Параўн. таксама паціна (гл.).

Паты́нкі ’туфлі’ (Бес.), ’самаробныя тапкі’ (малар., Сл. Брэс.), патункі ’жаночыя туфлі’ (Федар. 7). З польск. patynek, patynki ’плыткія жаночыя туфлі’, якое з італ. pattino ’сандалі’ (Брукнер, 399) або франц. patin ’полаз’, ’башмак’ (Варш. сл., 4, 92).

Па́тыркы, патэркі ’пацеркі’ (драг., лін., Сл. ПЗБ). Праз польск. pacierki з лац. pater (у выразе Pater noster ’Ойча наш’). Пасля адчытання малітвы адкладвалася адна пацерка з цэлай нізкі пацерак, якую вернік трымаў у руках. Гл. пацеркі. Цвёрдае ‑г‑ другаснае: выраўноўванне паводле законаў ц.-палескай фанетыкі (4’ > г).

Патырчака ’ражон’ (б.-каш., Мат. Гом.; ТСБМ). Да патара́чка (гл.).

Патыха́ць ’веяць, слаба дзьмуць’, ’пахнуць’, ’быць адчувальным’ (ТСБМ, Сцяшк.). Да тхаць ’тс’, якое з прасл. tъxati, роднаснага з dъxati, duxъ > дух (гл.). Сюды ж экспр., перан. віл. патыха́ць ’наведвацца’ (Сл. ПЗБ).

Паты́чка ’спрэчка, сутычка’ (Нас.). Відаць, паланізм. Параўн. польск. potyczka ’сутычка, бітва'

Патэ́лька, пітэлька ’прарэшак’ (трак., шальч., Сл. ПЗБ; жабін., стол., Сл. Брэс.). Да пятля (гл.). Аб другасным ацвярдзенні п (губных) гл. Карскі, 1, 326.

Патэ́льня, патэ́льна, патэ́ліна, пэтэ́льня, пятэ́льня ’скаварада’ (ТСБМ; докш., Янк. Мат.; Др.-Падб., Сцяшк., Гарэц., Шпіл., Касп., Сл. ПЗБ) ’бляха (у пліце)’ (Шат.), ст.-бел. пателя (пательня, петелня) ’металічная талерка’, ’патэльня’ (XVI ст.) запазычаны са ст.-польск. patela, patelnia ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 103), якія з нар.-лац. ці з сярэдневяковага кніжн. лац. patella ’патэльня’ < patina ’тс’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 298).

Патэ́нт ’пісьмовае пасведчанне або грамата на права’ (Нас., ТСБМ). З польск. patent ці з рус. патент, якія праз ням. Patent былі запазычаны з франц. lettre patente, а апошняе з с.-лац. litterae patentes ’адкрыты ліст’ (Фасмер, 3, 216; SWO, 1980, 556).

Патэнта́т ст.-бел. потентатъ ’магнат’ (1615 г.) запазычана са ст.-польск. potentat ’тс’, якое з с.-лац. potentatus ’вышэйшая улада, панаванне’ (Булыка, Лекс. запазыч., 73).