Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Га́рчык ’гарнец; назва меры’ (Касп., Шат., памянш. ад га́рнец), га́рчык (Сл. паўн.-зах.), укр. га́рчык. Лічыцца памяншальнай формай ад га́рнец (гл.); так думае Шатэрнік (гл. пад гарнец), але можна ставіць пытанне і аб паходжанні ад гарац (гл.). Параўн. і ўкр. га́рець. Так, прынамсі, мяркуе Грынч. (гл. пад га́рець).

Гарчы́ца ’гарчыца’ (БРС, Бяльк.), ’гарчыца; расліна свірэпа’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. горчи́ца, укр. гірчи́ця, польск. gorczyca, чэш. horčice, hořčice ’тс’ і г. д. Прасл. *gorьčica ’гарчыца’ таксама азначае розныя расліны (агляд форм Трубачоў, Эт. сл., 7, 52–53). Утварэнне ад прыметніка *gorьkъ ’горкі’.

Гарчэ́ць ’рабіцца горкім’ (БРС, Нас., Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. горча́ть, укр. гірча́ти, серб.-харв. го̀рчати ’тс’ і г. д. Прасл. *gorьčati ’тс’ (утварэнне ад *gorьkъ ’горкі’). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 52. У бел. мове развіўся другасны па паходжанню вакалізм у тэме дзеяслова.

Гарчэ́ча ’гаркота, горкі смак’ (БРС). Утварэнне суфіксам ‑еча (‑эча) ад го́ркі (< прасл. *gorьkъ). Адносна суфіксацыі Трубачоў (Проспект, 59–61) мяркуе, што ўкр. і бел. суфікс *‑etja звязаны з паўд.-слав. *‑otja (параўн. бел. мале́ча, укр. мале́ча і серб.-харв. malòča).

Гаршч ’жменя’ (Шатал.). Зыходзячы з вакалізму а, які тут знаходзіцца пад націскам, і з кансанантнай групы ‑шч, можна думаць, што гэта прамое запазычанне з польск. garść ’тс’ (слав. *gъrstь). Параўн. гарсць (гл.).

Гаршчо́к ’гаршчок’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Рус. горшо́к (дыял. памянш. горщёчек), укр. горщо́к. Лічыцца памяншальнай формай ад слав. *gъrnъ і яго вытворных (*gъrnьcь). Гл. Фасмер, 1, 445. Падрабязна Трубачоў, Ремесл. терм., 191–200.

Гаршчо́кі ’жоўтыя гарлачыкі’ (Сл. паўн.-зах.). Да гаршчо́к (гл.); да матывацыі і формы мн. л. параўн. гарла́чык ’вадзяная лілія, банька’ (гл.).

Га́ры ’выгаралае месца на тарфяным балоце; пажарышча’ (Яшкін). Параўн. рус. гарь ’лясны пажар, выгаралае месца’, га́ря ’тс’. Да *garь (*gorěti). Параўн. прасл. *garь у розных значэннях у Трубачова, Эт. сл., 6, 102–103.

Гарыжня́ ’загарадка’ (Сл. паўн.-зах.). З гаражня́; утварэнне суфіксам ‑ня ад асновы гара(д)ж‑ ’загароджаны’. Параўн. гараджа́нка ’загарадка’ (Сл. паўн.-зах.). Дакладная адпаведнасць у рус. дыял. горожня́ (СРНГ, 7, 64) і, магчыма, укр. горі́жний ’агароджаны’ (?) (гл. у Грынч.).

Гарызанта́льны ’гарызантальны’ (БРС). Рус. горизонта́льный, укр. горизонта́льний. У рус. мове з польск. horizontalny (запазычанне Пятроўскай эпохі), а гэта з вучонай латыні. Гл. Шанскі, 1, Г, 134. У бел. мове, відавочна, з рус.