Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Аўрач, овра́ч ’кій, якім заганяюць рыбу ў сетку’, рэч. (Браім, Весці АН БССР, 1973, 1). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з суфіксам ‑ач, характэрным для назваў прылад дзеяння паводле значэння дзеяслова; магчыма, ад незафіксаванага *овраць, вытворнага з коранем ‑ver‑, для асноў з якім у славянскіх мовах характэрна значэнне ’піхаць, соўгаць’ (гл. Фасмер, 1, 293), а таксама ’кій, рычаг, з дапамогай якога што-небудзь паварочваюць, прыводзяць у рух’, параўн. укр. вирло ’асноўны шост рыбалоўнай прылады, пры дапамозе якога яе падымаюць і апускаюць’, ’дышаль манежа’, ’доўгі рычаг, якім паварочваюць ветраны млын’ (гл. Куркіна, Этимология, 1970, 101). Параўн. аўраць. З семантычнага боку магчымы ўплыў літ. varýti, vãro ’гнаць, выганяць’.

Аўстэ́рыя ’заезны двор, гасцініца’ (у Беларусі ў XVI–XVIII стст.) (Нас., Бяльк., Бесар., БелСЭ). З польск. austerja ’тс’, запазычанага з італ. osteria (Кюнэ, Poln., 42). Параўн. Рыхардт, Poln., 31.

Аўсю́к ’аўсюк, Avena fatua’ (Шат.), аўсюг ’аўсюк, аўсяніца і інш. падобныя расліны’ (маг., Кіс.), рус. овсюг, укр. овсюг, вівсюк, з іншай суфіксацыяй чэш. ovsik, ovsiha, серб.-харв. овсӣк(а). Да авёс (гл.).

Аўсянка1 ’рыбка Leucaspius delineatus, вярхоўка’ (Жук., 214), укр. вівсянка, рус. овсянка, польск. owsianka, славац. ovsianka, чэш. ovesnice, ovesnička. Ад авёс ’дробныя рыбкі’, параўн. укр. овес, рус. овес, польск. owies ’тс’, названыя так з-за падабенства да рассыпанага па паверхні вады аўса, параўн. іншыя назвы — вярхоўка, маляўка (гл. Ледэр, Fischn., 69; Усачова, Этимология, 1971, 181; Брукнер, 388).

Аўся́нка2 ’птушка Emberiza’ (Бяльк., БелСЭ), укр. вівсянка, рус. овсянка, балг. овеса́рка. Ад авёс, параўн. іншыя назвы малых птушак — прасянка, канаплянка, што звязана са спосабам харчавання (гл. Федз.–Доўб., Птицы, 384).

Аўся́нка3 ’каша з аўсяных круп’ (БРС, Бяльк., КЭС, лаг., Сцяшк., Вешт.), укр. вівсянка, рус. овсянка, польск. oswianka. Сцяжэнне атрыбутыўнай канструкцыі, параўн. аўсяная каша (Сцяшк.).

Аўтама́т (БРС). Запазычана з рускай мовы (Крукоўскі, Уплыў, 83), дзе з франц. automate (грэч. αὐτόματος) ’які дзейнічае сам’, гл. Шанскі, 1, А, 33.

А́ўтар (БРС), ст.-бел. авторъ з 1596 (Булыка, Запазыч.). Запазычана праз польскую мову або непасрэдна з лац. auctor. (Гіст. лекс., 104, 107). Параўн. таксама Рудніцкі, 1, 7; Фасмер, 1, 60; Шанскі, 1, А, 35–36; Собік, Poln.-rus., 168, і інш.

Аўта́р ’алтар’ (Федар., Яруш.). Запазычана вусным шляхам з польск. ołtarz, параўн. перадачу ł праз ў, а таксама польскія дыялектныя формы з націскам на апошнім складзе ołtárz, oltárz, outárz. У польскай мове праз чэшскую з лац. oltāre або ст.-в.-ням. altâri, гл. Рэчак, 44; Басай і Сяткоўскі, SFPS, 11, 18 (з літаратурай).

Аўтарэ́ня ’імя каровы, што нарадзілася ў аўторак’ (КЭС, лаг.), аўтурэня ’тс’ (Рам.). Ад аўторак, табуістычная назва, параўн.: «Для таго, каб ведзьмы не адбіралі малако ў кароў, ім даюцца мянушкі… па днях тыдня, у якія яны ацяліліся…» (Рам., 8, 180). Адносна суфіксацыі ўласных імён на ‑еня (‑эня) гл. Бірыла, Бел. антр. назвы, 44–46, а таксама Лаўчутэ (Лекс. балтызмы, 20), якая лічыць суфіксацыю на ‑еня ў беларускай мове літоўскага паходжання.

Аўто́бус (БРС). Новае запазычанне праз рускую мову (Крукоўскі, Уплыў, 78) з ням. Autobus, якое з франц. autobus; утворана з auto ’аўтамабіль і суфіксальнага элемента ‑bus (адсечаная канцавая частка з omnibus ’экіпаж для ўсіх’), гл. Шанскі, 1, А, 31, дзе насуперак Фасмеру, 1, 60, адмаўляецца па гістарычных прычынах польскае пасрэдніцтва. Пра элемент ‑бус гл. таксама Лапіна, РР, 1968, 5, 110–111; Брагіна, Неологизмы в рус. яз., M., 1973, 188–190.

Аўто́к ’уток’ (Баранавых, КТС). Гл. уток, адносна фанетыкі параўн. аўдод.

Аўто́рак ’другі дзень тыдня’ (БРС, Нас., Яруш., Бяльк., Касп., Гарэц., Серб., Грыг.), уторак, ваўторак (Рам.), гаўторак (Сцяшк.), аўторнік (Нас.), параўн. укр. вівторок, рус. вторник, дыял. авторок, авторник, польск. wtorek, славац. utorok, чэш. úterek, úterý, славен. vtórək, серб.-харв. у́торак, у̀то̄рнӣк, макед. вторник, балг. вто́рник, ст.-слав. въторьникъ, въторъкъ. Ад vъtor ’другі’, параўн. дру́гадзень ’аўторак’ (Гарэц.), апошняе, магчыма, калька з літ. antrãdienis, лат. otrdiena ’тс’; прыстаўному а‑ можа папярэднічаць пратэза в або г, параўн. Карскі, 1, 261; форма ўторак, відаць, у выніку адпадзення прыстаўнога а, характэрнай з’явы ў паўночна-ўсходніх гаворках.