Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Слу́жачы ‘службовец, чалавек на дзяржаўнай службе’ (ТСБМ). Субстантываваны дзеепрыметнік ад служы́ць < *služiti, параўн. укр. служи́ти, рус. служи́ть, польск. służyć, чэш. sloužili, в.-луж. služić, н.-луж. služyś, славен. slúžiti, серб.-харв. слу́жити ‘быць на службе; абслугоўваць, частаваць’, балг. слу́жа ‘быць на службе; карыстацца, валодаць’, макед. служи ‘быць на службе; абслугоўваць’, ст.-слав. слоужити ‘тс’, якім адпавядаюць літ. slaugýti ‘падтрымоўваць, дапамагаць’, slaugà ‘служба, служэнне’, суадносныя з слуга (гл.). Магчыма, запазычана з рускай мовы, параўн. народнае слуга́чы ‘служка’ (Нас.), якое ў сваю чаргу можна суаднесці з польск. służący ‘тс’.

Слу́жба ‘работа, заняткі; месца работы’, ‘богаслужэнне’, ‘выкананне воінскіх абавязкаў’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Шат., Бяльк., Пятк. 2, Сцяшк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. служба ‘выкананне воінскіх абавязкаў; прыгон, прымус; богаслужэнне, выкананне святарскіх абавязкаў’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 67–68). Параўн. укр., рус. слу́жба, стараж.-рус. служьба, польск. służba, серб.-харв. слу́жба, славен. služba, балг. слу́жба, макед. служба. Прасл. *služьba, утворана ад *služiti ‘служыць’ з суф. ‑ьb(a); гл. Слаўскі, SP, 1, 61; Махэк₂, 557.

Службі́ста ‘добры працаўнік’ (смарг., беласт., Сл. ПЗБ). З польск. służbista ‘тс’. Таксама з польскай прыметнік службо́вы (ТСБМ) < służbowy і дыял. служонца, служо́нцая ‘служанка’ (Сл. ПЗБ) < służący.

Службо́вік ‘кілішак’, службо́вая чарка ‘чарка ёмістасцю 100 грам’ (Скарбы). Да службовы (гл. служба), відаць, пераўтварэнне старога казённы, г. зн. ‘мера, зацверджаная дзяржавай (казной)’.

Служы́ць. Гл. слуга.

Слука́ ‘слонка’ (Байк. і Некр., Пятк. 2, ПСл), ‘казадой’ (саліг., Нар. словатв.), слук ‘чырвоны лясны кулік, вальдшнэп, Scolopax rusticola L.’ (Меер Крыч.), слука́, слуква́, слухва́ ‘тс’ (усх.-палес., стол., Нікан.), случа ‘тс’ (Інстр. 2). Укр. слу́ква ‘тс’, рус. дыял. слу́ка́, польск. słonka, дыял. słęka, ст.-польск. ‘бакас’, н- луж. sluka, чэш. sluka, дыял. slúka, славац. sluka, серб.-харв. слу̏ка, шљу̏ка, славен. slọ́ka ‘тс’. Праслав. *slǫka. Роднасныя літ. slanká ‘кулік’, лат. slùoka ‘слонка’, ст.-прус. slanke ‘вялікі кулік’ (Траўтман, 268; Мюленбах-Эндзелін, 3, 944). Далей па розных матывах дапускаюць роднасць з літ. sliñkti ‘красціся, прабірацца’, slankà ‘той, хто ходзіць крадучыся’, лат. slìkt ‘красціся’, ст.-в.-ням. slingan ‘варушыцца, хістацца’ і г. д. (Зубаты, LF, 20, 406 і наст., Махэк₂, 558), таму што птушка мае “згорбленую, крадучуюся паходку” (Брэм) або амаль не рухаецца ў няволі на працягу дня (Махэк₂, там жа). Бязлай (Eseji, 117) збліжае з польск. ślęczeć ‘сядзець на кукішках’, чэш. дыял. osľaknuť ‘разгультаіцца’, славен. slekniti se ‘пакласціся’. Інакш Брукнер (500), які лічыць назву птушкі гукапераймальнай і параўноўвае з польск. ślęczeć ‘енчыць, павіскваць, скуліць’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 678; Сной₁, 581; ЕСУМ, 5, 310; Антропаў, Назв. птиц, 360.

Слуп ‘бервяно або тоўсты брус, умацаваны вертыкальна, стаўма’ (ТСБМ, Нас., Шат., Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), памянш. слупо́к (ТСБМ, Сл. ПЗБ), слу́пак (Сл. ПЗБ); слупо́к ‘грубка’ (Сцяшк.), слупе́ц ‘папярочная планка ў граблях, у якую набіваюць зубы’ (Шатал., ЛА, 4). З польск. słup, słupek ‘тс’ (Карскі 1, 356; Цвяткоў, Запіскі 2, 1, 59; Кюнэ, Poln., 98), якое да прасл. *stъlpъ (гл. стоўп), параўн. кантамінаваную форму стлуп (стлупъ) ‘тс’ (Шымк. Собр.).

Слу́па, слупа́ прысл. ‘дубка (станавіцца)’, слупка́ ‘тс’ (ганц., шчуч., Сл. ПЗБ), слупкава́ць ‘станавіцца дубка’ (іўеў., там жа). Да слуп (гл.) па тыпу прыслоўяў на ‑а, параўн. ду́ба, стаяка́ і пад.

Слупня́к ‘вострая інфекцыйная хвароба, якая прыводзіць да сутаргі мышцаў’ (ТСБМ). Да слуп (гл.); калька рус. столбня́к ‘тс’.

Слух. Гл. слых.