Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Атэ́ль ’гасцініца’ (БРС). Рус. отель, укр. готель. З рускай (Крукоўскі, Уплыў, 79). Рус. з франц. hôtel (Фасмер, 3, 170).

Атэлье́. З рус. ателье́, запазычанага ў канцы XIX ст. з франц. atelier ’майстэрня’, Шанскі (1, 170. Курс суч., 167) выводзіць беларускае праз рускую з французскай; Крукоўскі (Уплыў 78) указвае на рускае пасрэдніцтва. Трэба ўлічыць яшчэ польск. atelier.

Атэста́т лацінскага паходжання (attestatum) праз ням. Attestat і рус. аттеста́т, дзе слова фіксуецца з 1729 (Біржакава, Очерки, 344; Шанскі, 1, А, 173).

Атэста́цыя. Ст.-бел. атестация з 1627 (Гіст. мовы, 1, 257). Рус. аттестация з 1719, укр. атестація з 1668. З лац. attestatio праз польск. atestacja (Булыка, Запазыч.); такое ж паходжанне рускага слова (Шанскі, 1, А, 174). Паводле Крукоўскага, Уплыў, 78, сучаснае беларускае слова — праз рускую, што не выключана, паколькі не засведчаны працяг старабеларускага слова ў пісьменнасці; аднак слова магло падтрымлівацца польскай дзелавой мовай.

Атэ́ўнік ’кацялок’ (Касп.). Няясна.

Ат’яжо́жынне ’адмаўленне, аднекванне’ (Бяльк.). Аддзеяслоўны назоўнік з суфіксам ‑нне ад дзеяслова *атʼяжожыць (‑вацца), утворанага з прэфіксам ат‑/ад‑. Беспрэфіксальная форма прадстаўлена ў рускіх гаворках: язать(ся) ’абяцаць’. Язать Фасмер (4, 549) звязвае з (в)яз‑а‑ть як зваротнае ўтварэнне ад об(в)язать(ся); семантычна пераход ад ’абавязацельства’ да ’адмовы’ ад яго (выражанай прэфіксам ат‑) цалкам магчымы. Не зусім ясная ў гэтым выпадку фанетыка рускіх адпаведнікаў: язжить, яжжить ’бурчаць, лаяць’, ягать крычаць’. Фасмер параўноўвае гэтыя словы з яга (гл.). Асобнасць фіксацыі беларускага слова не дае магчымасці больш ясна тлумачыць яго паходжанне.

Аўгу́р (БРС). Кніжнае запазычанне з рус. авгур (Крукоўскі, Уплыў, 76), што ў сваю чаргу з лац. augur (ад avis ’птушка’ і gur < gurgulio — горла’), першапачаткова ’той, хто гадае на птушках’, гл. Шанскі, 1, А, 27.

Аўгуры́на ’прывязка ў цэпе’ (ДАБМ, камент., 829). Да угары́на ’тс’ з прыстаўным а (параўн. з іншай пратэзай: вугары́на, гл.) і папярэднім прыпадабненнем галосных у пераднаціскных складах.

Аўдо́д, аудо́т ’удод’ (Бяльк., Арх. ГУ), оўдо́д ’удод, някемлівы чалавек’ (КСТ), укр. овдод, овдот, рус. смал. авдот, авдотька ’ўдод’; апошняе, на думку Фасмера, 1, 59, народнаэтымалагічнае збліжэнне з уласным імем Авдотья. Ад удод (гл.) з прыстаўным а‑ (о‑) як у аўто́рыуто́ры), аўто́куто́к) і г. д.

Аўдо́тка1 ’дробная рыбка’ (Бяльк.), невялікая азёрная рыбка’ (Нас., Грыг.), від рыбы Nemachilus barbatulus, радзей іншыя віды дробных рыб’ (Жук. 192, 194, 196, 327, 397; назва вядома ў басейнах Дняпра і Сожа), укр. авдотка, авдотька, рус. авдотка (Ліндберг-Герд, Словарь, 204; басейн Дзясны). Да аўдод, удод (гл.), параўн. таксама ўкр. удотка, рус. удотка ’тс’; магчыма, другаснае збліжэнне з уласным імем Аўдоцця (разм. Аўдотка), самым частым жаночым імем у Расіі XVIII–XIX стст., параўн. Ніканаў, Этимология–1970, 138, а таксама сведчанне, што сялянак, якія прыходзілі ў Смаленск на свята, называлі «авдотками» (Дабр.). Пад уплывам іншых размоўных форм уласнага імя Аўдоццябел. ваўдзюшка (Куч.), укр. авдошка, авдюшка, евдотка, евдошка, євдюшка, рус. авдюшка, евдотка, евдюшка, параўн. Пізані, Paideia, 8 (1953), 2, 111; Трубачоў, Дополн., 1, 6. Ледэр, Fischn., 120, у адносінах да пералічаных усходнеславянскіх форм дапускае малаверагодную з боку фанетыкі і семантыкі магчымасць змяшэння на базе народнай этымалогіі дзвюх груп назваў, што паходзяць ад удод і ад рус. вдох (параўн. асабліва рус. евдошка ’Umbra krameri’, для якой характэрна глытанне паветра з паверхні вады). Аснова збліжэння з удод, аўдод — стракатасць афарбоўкі; з уласным імем — шматлікасць.

Аўдо́тка2 ’птушка Burhinus aedicnemus’ (БелСЭ). Гукапераймальная назва, параўн. Мензбір, Птицы, 1, 231–232; у беларускай літаратурнай мове, магчыма, з рус. авдотка, параўн. беларускія народныя назвы гэтай птушкі кулік, палявы кулік, стрэпет (Федз.–Доўб., Птицы, 94).