Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лю́хвік ’станік’ (мазыр., Шатал.). Да ліф, ліфік (гл.).

Люхну́ць ’лінуць (пра вялікі дождж)’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Гукапераймальнае. Да люх‑люх‑люх! — аб вадкасці, якая л’ецца (там жа). Параўн. плюх‑плюх! ’тс’, рус. пск., цвяр. люпа ’запэцканы, з мокрай часткай адзення ззаду’ ∼ лю́пать ’мачыць, пэцкаць граззю’.

Люхт, лю́хцік, лю́хта, лю́хтачка, лю́кта ’дымавы ход у печы, грубцы’, ’юшка ў коміне’, ’гара ў хаце’, ’адтуліны ў падмурку’, ’адтуліна для выхаду дыму ў курнай хаце’, ’душнік, прадуха ў лазні’, ’нешта лёгкае, паветранае’, ’фортачка’ (Сцяшк., В. В., Касп., Бяльк.; КЭС, лаг.; ветк., чачэр., Мат. Гом.; лунін., в.-дзвін., Шатал.; навагр., Жыв. сл.; бых., Мат. Маг.; Сцяшк. Сл.). Запазычаны з с.-в.-ням. luft і с.-н.-ням. lucht ’паветра, адтуліна, акно’ (суч. ням. Luft) праз польскую мову, у якой luft, lucht, lukt абазначаюць ’праход у коміне, печы’, ’паветра, цяга паветра’ (Слаўскі, 4, 372–373; Чартко, Бел. лінгв. зб., 147, 149).

Люхткі́ ’буйны шрот’ (навагр. Сл. ПЗБ). Магчыма, з лю́фа (гл.).

*Люці́зна, люты́зно ’пераборлівы’ (Клім.). Да лю́ты (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 103).

Люцы́пар, люцы́пер ’д’ябал’ (Гарэц., Др.-Падб., Нас., Бяльк.), ст.-бел. люциферъ, люциперъ, люцыперъ ’тс’ (XVII ст.), запазычаны са ст.-польск. lucyper, lucyfer (лац. lūcifer ’той, хто прыносіць святло’: lūx, lūcis ’святло’, ferre ’несці’), ’д’ябал’, ст.-польск. і ’Венера’. У некаторых айцоў царквы — гэта імя ўзбунтаванага анёла, скінутага ў пекла. Аналагічна і франц. lucifer ’сатана’, ’Венера’ (Слаўскі, 4, 362–363; Кюнэ, 73; Зайцава, Лінгв. дасл., 69; Булыка, Лекс. запазыч., 176).

Люць ’лютасць’ (Нар. Гом.), укр. лють ’вялікі холад’, рус. уладз., калуж., маск. ’моцны мароз’, серб.-харв. љу̑т, lʼut ’сцюжа’, ’стромая скала’, ’голы камень’, ст.-чэш. lʼut. Прасл. lʼutь. Да лю́ты (гл.).

Люцэрна ’травяністая кармавая расліна, Medicago falcata L.’ (Кіс., ТСБМ, Бяльк., Сцяшк.). Запазычана з польск. lucerna ’тс’, якое з ням. Luzerne < франц. luzerne ’тс’ < лац. lucerna ’лямпа, ліхтар’ < lūcēre ’свяціць, быць ясным’. Матывацыя наймення не зусім ясная. Слаўскі (4, 362) мяркуе, што насенне яе адрозніваецца жоўтай бліскучай паверхняй, а жоўтыя кветкі выглядаюць яскрава; на пач. XVII ст. была польск. калька kaganiec ’тс’ (Гэтак жа БЕР, 3, 585). Махэк (Jména, 121) выводзіць назву расліны з назвы швейцарскага горада Luzern, параўн. харв. назву люцэрны švajcarska djetelina.

Лю́шка ’юшка, засаўка, што закрываюць комін’ (Касп., Сцяшк., Жд. 1, Сл. ПЗБ, ТС; валож., Жыв. сл.; шчуч., Нар. лекс.; в.-дзв., Шатал.; нараўл., Мат. Гом.). Да лю́ха1 (гл.).

Лю́шня, люшня́ ’падпорка ручак у калёсах, якая абапіраецца на вось’ (Бес., Мікуц., Сцяц., ТС, Выг. дыс., Сцяшк., Мат., Сцяшк. Сл.; лоеў., Мат. Гом.; Сцяц. Словаўтв.; пін., КЭС). Запазычана з польск. luśnia, якое з с.-в.-ням. liuhse, параўн. яшчэ н.-в.-ням. (баварск., швабск.) leuchse, гесенск. lȋse, liehs ’тс’ (Фасмер, 2, 547; Слаўскі, 4, 388; Махэк₂, 336); аб пашырэнні рэаліі і яе назваў у Еўропе гл. БЕ, 21 (2–3), 227. Клец. лю́шня, лю́шні ’доўгія рукі’ (Нар. лекс.) аформлена паводле клешня, клешні.

Люшня́ ’ляўша’ (свісл., Сл. ПЗБ). Да ле́вы (гл.). Аб суфіксе ‑шн‑я гл. Сцяцко (Афікс. наз., 134). Параўн. таксама і зэльв. левутня́ ’тс’ (Сцяц.).