Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

СТА́ЎКА ВЯРХО́ЎНАГА ГАЛОЎНАКАМА́НДАВАННЯ (СВГК),

вышэйшы надзвычайны орган стратэгічнага кіраўніцтва Узбр. Сіламі СССР у Вял. Айч. вайну. Створана ў Маскве паводле пастановы СНК і ЦК ВКП(б) ад 23.6.1941. Напачатку наз. Стаўка Гал. Камандавання (СГК). У яе склад уваходзілі С.​К.​Цімашэнка (старшыня), І.​В.​Сталін, В.​М.​Молатаў, С.​М.​Будзённы, К.​Я.​Варашылаў, Г.​К.​Жукаў, М.​Г.​Кузняцоў. 10.7.1941 пераўтворана ў Стаўку Вярх. Камандавання (СВК); яе ўзначаліў Сталін, у склад уведзены Б.​М.​Шапашнікаў. З 8.8.1941, калі Сталін быў прызначаны Вярх. Галоўнакамандуючым, Стаўка стала наз. СВГК. У ходзе вайны ў розны час у яе склад уваходзілі вядомыя паліт., дзярж. і ваен. дзеячы. 17.2.1945 пастановай Дзярж. к-та абароны вызначаны склад СВГК: Сталін (Вярх. Галоўнакамандуючы), Жукаў (нам. Вярх. Галоўнакамандуючага), А.​М.​Васілеўскі, А.​І.​Антонаў, М.​А.​Булганін, Кузняцоў. СВГК кіравала франтамі, флатамі і авіяцыяй далёкага дзеяння, а таксама арганізоўвала ўзаемадзеянне (каардынавала дзеянні) паміж дзеючай арміяй і партыз. фарміраваннямі (праз Цэнтральны штаб партызанскага руху). Асн. рабочымі органамі СВГК былі Генштаб, упраўленні нар. камісарыятаў абароны і ВМФ.

С.​В.​Папоў.

т. 15, с. 178

СТА́ЎКА ВЯРХО́ЎНАГА ГАЛОЎНАКАМА́НДУЮЧАГА (СВГ) у 1-ю сусветную вайну 1914—18, орган вышэйшага палявога кіравання і месца знаходжання галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі Расіі. У пач. вайны размяшчалася ў Баранавічах, з 21.8.1915 — у Магілёве, з 26.2.1918 — у Арле. На чале ўзбр. сіл стаяў Вярх. галоўнакамандуючы з надзвычай шырокімі паўнамоцтвамі, яго штаб першапачаткова складаўся з 5 упраўленняў. У пач. вайны ў СВГ было 9 генералаў, 36 афіцэраў, 12 ваен. чыноўнікаў і 125 салдат. У ходзе вайны склад СВГ павялічваўся, і на 14.11.1917 у яе ўваходзілі 15 упраўленняў, 3 канцылярыі, 2 к-ты (усяго больш за 2 тыс. генералаў, афіцэраў, чыноўнікаў і салдат). Пры Стаўцы знаходзіліся і ваен. прадстаўнікі саюзных дзяржаў Антанты. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 Стаўка стала цэнтрам арганізацыі Карнілава мяцяжу 1917. Пасля перамогі ў Петраградзе Кастр. рэвалюцыі 1917 СВГ (Вярх. галоўнакамандуючы ген. М.​М.​Духонін і камісар Часовага ўрада В.​Б.​Станкевіч) 26 кастр. (8 ліст.) заклікала армію выступіць супраць сав. улады. 4—11 (17—24) ліст. прадстаўнікі кадэтаў, эсэраў, меншавікоў і інш. партый спрабавалі стварыць пры Стаўцы т.зв. агульнарас. ўрад на чале з эсэрам В.​М.​Чарновым. З 7(20) ліст. Духонін пры падтрымцы прадстаўнікоў Антанты адмовіўся выконваць указанні сав. ўрада і пачаць перагаворы з Германіяй аб перамір’і. 9(22) ліст. ён адхілены ад пасады і на гэтую пасаду прызначаны бальшавік прапаршчык М.​В.​Крыленка. 19 ліст. (2 снеж.) па загадзе Духоніна з турмы ў Быхаве выпушчаны генералы Л.​Г.​Карнілаў, А.​І.​Дзянікін і інш., якія ўцяклі на Дон. У гэты ж дзень Магілёўскі ВРК устанавіў кантроль над Стаўкай. 20.11(13.12).1917 СВГ занята атрадам рэв. войск на чале з Крыленкам, а Духонін забіты салдатамі. 21.11(4.12).1917 пры рэв. Стаўцы створаны ВРК (старшыня І.​Ф.​Баярскі), які прызначыў сваіх камісараў у аддзелы і ўпраўленні СВГ, распрацаваў дакументы аб дэмакратызацыі і дэмабілізацыі арміі. 16(29).12.1917 ВРК рэарганізаваны ў Цэнтр. к-т дзеючых армій і флоту (Цэкадорф) у складзе 50 чал. (старшыня М.​У.​Рагазінскі). 9.12.1918 пры Стаўцы створаны Рэв. палявы штаб — орган аператыўнага кіраўніцтва ўзбр. барацьбой з контррэвалюцыяй, пачала выдавацца газ. «Революционная ставка». У сувязі з дэмабілізацыяй арміі 5.3.1918 пасада Вярх. галоўнакамандуючага скасавана, 9.3.1918 спыніў дзейнасць Цэкадорф, 16.3.1918 — штаб Стаўкі.

Вярх. галоўнакамандуючымі былі: вял. кн. Мікалай Мікалаевіч, імператар Мікалай II, М.​В.​Аляксееў, А.​А.​Брусілаў, Карнілаў, А.​Ф.​Керанскі, Духонін, Крыленка.

І.​К.​Скварцоў.

т. 15, с. 178