О’КЕ́ЙСІ ((O’Casey) Шон) (30.3.1880, Дублін — 18.9.1964),
ірландскі пісьменнік. З 1926 жыў у Англіі. Пісаў на англ. мове. Першыя п’есы «Цень стралка» (паст. 1923), «Юнона і паўлін» (паст. 1924), «Плуг і зоркі» (1926) прасякнуты ідэямі нац.-вызв. барацьбы ірл. народа. Аўтар гіст. драмы «Зорка становіцца чырвонай» і «мудрагелістай камедыі» «Пурпуровы прах» (абедзве 1940), паэтычна прыўзнятай трагедыі «Чырвоныя ружы для мяне» (1942), фантаст. камедыі «Певень-дэндзі» (1949), лірычнай п’есы «Касцёр епіскапа» (1955), «вясёлай камедыі» «Барабаны бацькі Неда» (1958) і інш. Яго драматургіі ўласціва спалучэнне рэалізму з сімволікай, прынцыпаў высокай трагедыі з камедыйнасцю, буфанадай і фарсам. У аўтабіягр. эпапеі з 6 раманаў «Люстра ў маім доме» (1939—54) паказаў шырокую карціну грамадскага жыцця Ірландыі і Англіі. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Э.Садоўнічы.
Тв.:
Рус. пер. — Пьесы. М., 1961;
Под цветной шапкой: Расскаэы. М., 1964;
За театральным занавесом: Сб. статей. М., 1971.
Літ.:
Друзина М. Шон О’Кейси — драматург. М., 1963;
Саруханян А. Творчество Шона О’Кейси. М., 1965;
Шон О’Кейси: Биобиблиогр. указ. М., 1964.
Г.М.Малей.
т. 11, с. 430
О’КО́НАР ((O’Connor) Артур) (4.7.1763, г. Мітчэлстаўн, Ірландыя — 25.4.1852),
дзеяч ірл. нац.-вызв. руху. Дзядзька Ф.Э.О’Конара. У 1791—95 чл. ірл. парламента. З 1796 чл. т-ва «Аб’яднаныя ірландцы», у 1798 адзін з кіраўнікоў т-ва ў правінцыях Ольстэр і Ленстэр; выступаў за ўстанаўленне ў Ірландыі дэмакр. рэспублікі з усеагульным выбарчым правам. У 1798—1803 зняволены брыт. ўладамі. Эмігрыраваў у Францыю. У 1804—07 генерал, камандзір франц. дывізіі ў напалеонаўскай арміі. Аўтар памфлетаў пра становішча ў Ірландыі.
т. 11, с. 430
О’КО́НАР ((O’Connor) Фергюс Эдуард) (18.7.1794, Данган, Ірландыя — 30.8.1855),
ірландскі і англ. паліт. дзеяч, адзін з лідэраў чартызму, публіцыст. Адвакат. Вызначаўся вял. фіз. сілай і прамоўніцкім талентам. З 1820-х г. удзельнічаў у ірл. нац.-вызв. руху. У 1832—35 дэп. палаты абшчын брыт. парламента, прыхільнік Д.О’Конела, потым у чартысцкім руху. Заснавальнік і гал. рэдактар чартысцкай газ. «Northern Star» («Паўночная зорка», 1837—52), адзін з кіраўнікоў чартысцкага Вялікага паўн. саюза (засн. ў 1838 у г. Лідс). У 1838—39 лідэр «партыі фіз. сілы» (радыкальныя чартысты, якія лічылі, што дамагацца ўвядзення ўсеагульнага выбарчага права трэба не толькі прапагандай і пераконваннем, але і сілай — забастоўкамі і нават узбр. паўстаннем). У 1839—41 зняволены. З 1843 чл. Выканаўчага к-та Нац. чартысцкай асацыяцыі. Прапагандаваў утапічную ідэю аб вяртанні рабочых да с.-г. працы, дзеля чаго заснаваў кааператыўнае зямельнае т-ва (у 1851 збанкрутавала). У 1847 зноў выбраны ў парламент. У крас. 1848 унёс у палату абшчын 3-ю петыцыю чартыстаў (адхілена). Аўтар твораў «Суд над Ф.О’Конарам і 58 іншымі» (1843), «Работадавец і праца» (1844).
У.Я.Калаткоў.
т. 11, с. 430
О’КО́НЕЛ ((O’Connell) Даніэл) (6.8.1775, каля Карсівіна, Ірландыя — 15.5.1847),
дзеяч ірл. нац.-вызв. руху. Адвакат. У 1823 заснаваў ірл. «Каталіцкую асацыяцыю», якая дамаглася прыняцця брыт. парламентам (1829) біля аб «эмансіпацыі католікаў» (наданне ірл. католікам паліт. правоў, у т. л. пасіўнага выбарчага права). З 1828 дэп. палаты абшчын брыт. парламента, дзе ўзначальваў «ірл. брыгаду» (фракцыю дэпутатаў-ірландцаў). З 1832 выступаў за «рыпіл» (разрыў) англа-ірландскай уніі 1801, для прапаганды чаго заснаваў Асацыяцыю рыпілераў (1840). З 1842 лорд-мэр Дубліна. У 1844 асуджаны брыт. ўладамі на 6 месяцаў турмы за ўдзел у змове «супраць англ. каралевы» і «за заклік да мяцяжу».
т. 11, с. 430