О’КО́НАР ((O’Connor) Фергюс Эдуард) (18.7.1794, Данган, Ірландыя — 30.8.1855),

ірландскі і англ. паліт. дзеяч, адзін з лідэраў чартызму, публіцыст. Адвакат. Вызначаўся вял. фіз. сілай і прамоўніцкім талентам. З 1820-х г. удзельнічаў у ірл. нац.-вызв. руху. У 1832—35 дэп. палаты абшчын брыт. парламента, прыхільнік Д.О’Конела, потым у чартысцкім руху. Заснавальнік і гал. рэдактар чартысцкай газ. «Northern Star» («Паўночная зорка», 1837—52), адзін з кіраўнікоў чартысцкага Вялікага паўн. саюза (засн. ў 1838 у г. Лідс). У 1838—39 лідэр «партыі фіз. сілы» (радыкальныя чартысты, якія лічылі, што дамагацца ўвядзення ўсеагульнага выбарчага права трэба не толькі прапагандай і пераконваннем, але і сілай — забастоўкамі і нават узбр. паўстаннем). У 1839—41 зняволены. З 1843 чл. Выканаўчага к-та Нац. чартысцкай асацыяцыі. Прапагандаваў утапічную ідэю аб вяртанні рабочых да с.-г. працы, дзеля чаго заснаваў кааператыўнае зямельнае т-ва (у 1851 збанкрутавала). У 1847 зноў выбраны ў парламент. У крас. 1848 унёс у палату абшчын 3-ю петыцыю чартыстаў (адхілена). Аўтар твораў «Суд над Ф.О’Конарам і 58 іншымі» (1843), «Работадавец і праца» (1844).

У.Я.Калаткоў.

т. 11, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)