Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

О́НДРЖЫЧАК ((Ondríćek) Францішак) (29.4.1857, Прага — 12.4.1922),

чэшскі скрыпач, педагог, кампазітар. Вучыўся ў Пражскай (1873—76) і Парыжскай (1877—79) кансерваторыях у А.Беневіца і Л.Ж.Масара. У 1879—81 саліст аркестра Ж.Э.Падлу ў Парыжы. З 1909 выкладчык, з 1912 дырэктар заснаванай ім Новай венскай кансерваторыі, з 1919 кіраўнік скрыпічнага класа Школы майстэрства пры Пражскай кансерваторыі. Яго выкананне вылучалася віртуознасцю, чысцінёй інтанавання, адточанасцю дэталей і эмацыянальнасцю. Аўтар твораў для скрыпкі і фп., у т. л. «Фантазіі на тэмы оперы «Іван Сусанін» Глінкі» (1889), «Чэшскай рапсодыі» (1906), танцаў і інш. п’ес, кадэнцый да скрыпічных канцэртаў Н.Паганіні, І.Брамса, В.А.Моцарта і інш. Напісаў (разам з С.Мітэльманам) метадычную працу «Новы метад навучання вышэйшай тэхніцы скрыпічнай ігры...» (1909; з дадаткам — 15 маст. эцюдаў для скрыпкі сола).

Літ.:

Ших Б. Ф.Ондржичек. Пер. с чеш. М., 1958;

Яго ж. F.Ondřiček: Český houslista. Praha;

Bratislava, 1970.

т. 11, с. 436

О́НІЕВЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні іоннага характару агульнай ф-лы [Rn+1Э]​+X, дзе Rарган. радыкал ці (і) атам вадароду, Э — элемент гал. падгрупы V—VII груп перыяд. сістэмы элементаў, X — аніён (OH, NO3, Cl, Br і інш.), n — ніжэйшая ступень акіслення Э. Да О.з. адносяцца аксоніевыя (Э — кісларод), фасфоніевыя (Э — фосфар), сульфоніевыя (Э — сера), чацвярцічныя амонію злучэнні. Большасць О.з. — фізіялагічна актыўныя рэчывы, оніевыя структуры ўваходзяць у склад многіх прыродных і біялагічна актыўных рэчываў (напр., ацэтылхалін, бетаіны).

Стабільныя О.з. — цвёрдыя солепадобныя рэчывы, раствараюцца ў вадзе і палярных арган. растваральніках (растворы электраправодныя). Найб. стабільныя аксоніевыя злучэнні [R3O]​+X і чацвярцічныя амоніевыя солі. О.З., што маюць радыкалы з доўгім аліфатычным ланцугом, з’яўляюцца паверхнева-актыўнымі рэчывамі. Іх выкарыстоўваюць як нейтральныя мылы, антыбактэрыяльныя і дэзінфекцыйныя сродкі ў вытв-сці касметыкі. Да О.з. адносяцца многія арган. фарбавальнікі.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 437

О́НІКС (грэч. onyx першапачаткова ногаць),

мінерал, плоскапаралельная слаістая разнавіднасць агату. У залежнасці ад колеру слаёў адрозніваюць арабскі О. (чорны з белым), сардонікс (буры з белым), карнеол-онікс (чырвоны з белым). Выкарыстоўваўся для вырабу камей. О. мармуровы — горная парода нацёчнага паходжання, складаецца са шчыльнага паўпразрыстага агрэгату зерняў і валокнаў кальцыту або араганіту. Характэрна чаргаванне слаёў з рознай ступенню празрыстасці або афарбаваных у зеленаватыя, ружаватыя, залаціста-карычневыя тоны. Утвараецца з вуглякіслых вод у карставых пячорах, месцах выхадаў тэрмальных крыніц, тэктанічных трэшчынах, а таксама ў выглядзе прапласткаў у вапняках, траверцінах, пясчаніках і туфах. Вырабны і дэкаратыўна-абліцовачны камень.

Онікс мармуровы.

т. 11, с. 437

О́НКЕН ((Oncken) Герман) (16.11.1869, г. Ольдэнбург, Германія — 28.12.1945),

нямецкі гісторык. Праф. новай гісторыі Чыкагскага (ЗША, 1905—06), Гісенскага (1906), Гайдэльбергскага (з 1907), Мюнхенскага (з 1923) і Берлінскага (з 1928) ун-таў. У сваіх гіст. поглядах прытрымліваўся ідэй Л. фон Ранке. У 1935 звольнены з пасады нацыстамі. Аўтар прац «Ласаль» (1904), «Рудольф Бенігсен» (т. 1—2, 1910), «Рэйнская палітыка імператара Напалеона III, 1863—70» (т. 1—3, 1926), «Германская імперыя і перадгісторыя сусветнай вайны» (т. 1—2, 1933), «Кромвель», «Нацыя і гісторыя: Прамовы і артыкулы, 1919—1935» (абедзве 1935) і інш.

т. 11, с. 437

О́НСАГЕР ((Onsager) Ларс) (27.11.1903, Осла — 5.10.1976),

амерыканскі фізік і фізікахімік, адзін са стваральнікаў тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў. Чл. Нац. АН ЗША (1947), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1953). Скончыў Нарв. вышэйшую тэхн. школу ў Тронхейме (1925). З 1928 у ЗША. З 1933 у Іельскім ун-це (з 1945 праф.), з 1972 ва ун-це Маямі. Навук. працы па тэорыі нераўнаважных працэсаў, тэорыі электралітаў, тэорыі фазавых пераходаў, дынаміцы квантавых вадкасцей. Вывеў ураўн. залежнасці электраправоднасці раствораў ад іх канцэнтрацыі (1926; ураўн. О.). Адкрыў прынцып сіметрыі кінетычных каэф. і вывеў суадносіны ўзаемнасці (гл. Онсагера тэарэма). Распрацаваў тэорыю тэрмадынамічных уласцівасцей плоскай крышт. рашоткі. Прапанаваў тэорыю квантавых віхроў у звышцякучым геліі (1949). Залаты медаль імя Б.Румфарда (1953), медаль імя Х.Лорэнца (1958). Нобелеўская прэмія 1968.

М.М.Касцюковіч.

Л.Онсагер.

т. 11, с. 437

О́НСАГЕРА ТЭАРЭ́МА, суадносіны ўзаемнасці,

адна з асн. тэарэм тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў. Устанаўлівае сувязь паміж кінетычнымі каэфіцыентамі, якія вызначаюць інтэнсіўнасць перакрыжаваных працэсаў пераносу (гл. Пераносу з’явы), а таксама паміж каэфіцыентамі перакрыжаваных хім. рэакцый. Напр., узнікненне патоку рэчыва пад уздзеяннем градыента т-ры (тэрмадыфузія) і наадварот — патоку цеплаты пад уздзеяннем градыента канцэнтрацыі (эфект Дзюфура), тэрмаэл. з’явы (Зеебека з’ява і Пельцье эфект). Вынікае з мікраскапічнай абарачальнасці руху часцінак (незалежнасці ўраўненняў, што апісваюць іх рух, ад змены знака часу). Устаноўлена Л.Онсагерам (1931).

т. 11, с. 437