Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

О́ТА («Otto»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва, якія выйшлі з-пад удараў карнікаў у ліст. 1943 у ходзе карнай аперацыі «Генрых». Праводзілася ў Дрысенскім і Асвейскім р-нах 20.12.1943—1.1.1944 у Вял. Айч. вайну. Мэты аперацыі: знішчыць партыз. сілы на тэр. паміж г. Дрыса і Себеж (Пскоўская вобл., Расія), каб наладзіць па дарогах Дрыса—Себеж і Полацк—Себеж бесперашкоднае забеспячэнне правага фланга групы армій «Поўнач». 20 снеж. з Себежа, Ідрыцы і Шкяўне (Латвія) на Пн, з Даўгаўпілса на З, з Полацка на Пд праціўнік пачаў наступленне супраць партыз. абароны, якая праходзіла па р. Нішча, Дрыса і Свольна, карнікі адцяснілі партызан да апошняй лініі іх абароны — лагераў у раёне в. Роўнае Поле Расонскага р-на, дзе сканцэнтраваліся штабы ўсіх брыгад, шпіталі з параненымі, тысячы жанчын, старых і дзяцей. На сумесным пасяджэнні камандавання брыгад было прынята рашэнне прарваць блакаду і вывесці жыхароў і параненых у сав. тыл. Для выканання гэтай задачы былі створаны 2 ударныя групы: першая ў складзе партыз. брыгад Асвейскай, 1-й і 2-й Дрысенскіх, Латышскага партыз. атрада (узначаліў І.​К.​Захараў), другая ў складзе 1-й, 7, 11, 12, 20-й Калінінскіх брыгад (В.​М.​Лісоўскі). 26 снеж. першая ўдарная група нанесла моцны ўдар па карніках каля в. Канюхова (Расонскі р-н), што стварыла магчымасць 30 снеж. амаль 10 тыс. жыхарам пад прыкрыццём партызан пераправіцца цераз р. Дрыса і ўвайсці ў размяшчэнне часцей Чырв. Арміі. Другой ударнай групе прарыў у раёне в. Клясціцы—Юхавічы (Расонскі р-н) не ўдаўся, таму пасля 2-дзённых баёў партызаны і мясц. жыхары, што ішлі з імі, адышлі ў лясы на Пн і З ад в. Роўнае Поле; частка насельніцтва выйшла за лінію фронту па маршруце першай ударнай групы. У ходзе аперацыі «О.» гітлераўцы (паводле даных баявой групы Готберга) расстралялі каля 2 тыс. чал., захапілі для вывазу ў Германію больш за 500 чал., спалілі в. Барысава (загубілі 76 чал.), Кісялі (113), Кашалёва (37), Стралкі (122), Ярмоліна (39), Мельніца (не аднавілася) Верхнядзвінскага р-на. У 1974 у в. Канюхова пастаўлены помнік партызанам і жыхарам, якія загінулі пры прарыве блакады.

У.​С.​Пасэ.

т. 11, с. 457

О́ТА ((Otto) Крысцін) (н. 7.2.1966, г. Лейпцыг, Германія),

нямецкая спартсменка (плаванне). Чэмпіёнка XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул, Рэспубліка Карэя) на дыстанцыях 50 і 100 м вольным стылем, 100 м на спіне і батэрфляем, у эстафетах 4 × 100 м вольным стылем і камбінаванай. Чэмпіёнка свету (1982 — на дыстанцыі 100 м на спіне і ў эстафетах 4 × 100 м вольным стылем і камбінаванай; 1986 — на дыстанцыях 100 м вольным стылем, 200 м у комплексным плаванні, у эстафетах 4 × 100 м вольным стылем і камбінаванай), сярэбраны прызёр на дыстанцыях 50 м вольным стылем і 100 м батэрфляем. Чэмпіёнка Еўропы (1983) у эстафетах 4 × 100 м і 4 × 200 м вольным стылем.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 457

О́ТА (Otto) Нікалаўс Аўгуст [10.6.1832, г. Гольцгаўзен, Германія — 26.1.1891], нямецкі канструктар і прадпрымальнік. Скончыў рэальнае вучылішча (1848). Разам з інж. Э.​Лангенам стварыў атм. рухавік унутр. згарання (1867). Пабудаваў 4-тактавы газавы рухавік (1876). Прапанаваў сістэму эл. запальвання (1884), што дало магчымасць выкарыстоўваць у рухавіках вадкае паліва. Рухавік О. атрымаў шырокае выкарыстанне.

т. 11, с. 457

ОТАНЕЎРАЛО́ГІЯ (ад грэч. us, otos вуха + neuron жыла, нерв + ...логія),

отарыналарынганеўралогія, раздзел отарыналарынгалогіі, які вывучае функцыі нюхальнага, смакавага, вестыбулярнага і слыхавога аналізатараў у норме і пры захворваннях ЛОР-органаў і галаўнога мозга. Пачала развівацца з сярэдзіны 20 ст. на базе нейрахірургіі.

На Беларусі аддзяленне О. сфарміравана ў 1954 на базе НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. Вывучаюцца пытанні ранняй дыягностыкі пухлін слыхавога нерва, гломусных пухлін сярэдняга вуха і асновы чэрапа, хвароб унутр. вуха (напр., Меньера хвароба, вестыбулярны нейраніт); ствараюцца новыя дыягнастычныя методыкі (І.​А.​Склют і інш.).

Літ.:

Злотник Э.И., Склют И.А. Невриномы слухового нерва. Мн., 1970;

Склют И.А., Цемахов С.Г. Нистагм. Мн., 1990;

Іх жа. Вестибулярный рекруитмент. Мн., 1990.

Г.​А.​Склют.

т. 11, с. 457

О́ТАР,

вёска ў Чачэрскім с/с Чачэрскага р-на Гомельскай вобл., каля р. Сож. Цэнтр калгаса. За 5 км на Пн ад г. Чачэрск, 70 км ад Гомеля, 42 км ад чыг. ст. Буда-Кашалёўская. 329 ж., 141 двор (2000). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. За 1,5 км ад вёскі насыпаны курган на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 457

ОТАРЫНАЛАРЫНГАЛО́ГІЯ [ад грэч. us, ōtos вуха + rhis (rhinos) нос + larynx (laryngos) гартань + ...логія],

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае нармальную функцыю і хваробы вуха, носа, горла; распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. У О. вылучаюць 3 кірункі: аталогія, рыналогія, фарынгаларынгалогія. Асобна вылучаюць сурдалогію (дэфекты слыху, іх лячэнне), фоніятрыю (дэфекты голасу і іх лячэнне) і отанеўралогію.

Агульныя ўяўленні пра будову, функцыі і захворванні вуха і верхніх дыхальных шляхоў вядомы ўжо ў працах Гіпакрата, Цэльса, Галена. У Расіі першая кафедра хвароб вуха, горла і носа адкрыта праф. М.​П.​Сіманоўскім у 1893 у Пецярбургскай ваенна-мед. акадэміі.

На Беларусі першая кафедра ЛОР-хвароб адкрыта ў Мінскім мед. ін-це (1925), якую ўзначальваў С.М.Бурак; кафедры О. ёсць у Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах. Вядучыя спецыялісты: В.Я.Гапановіч, Р.Х.Карпілаў, М.П.Кніга, У.​Дз.​Мяланын, Г.М.Смердаў, П.А.Цімашэнка, М.Ц.Яўстаф’еў.

Літ.:

Руководство по оториноларингологии. М., 1994;

Тугоухость. М., 1978.

І.​А.​Склют.

т. 11, с. 457

ОТАСКЛЕРО́З, отаспангіёз,

захворванне вуха, у аснове якога ляжыць анкілоз стрэмечка. Пры О. адбываецца акасцяненне кольцападобнай звязкі падножнай пласцінкі стрэмечка (адной з 3-х костачак гукаправоднага апарата сярэдняга вуха, які перадае ваганні барабаннай перапонкі да вадкасцей унутр. вуха), потым настае яго нерухомасць. Часцей О. пашкоджвае абодва вухі. Прыкметы: паніжэнне слыху (скачкападобна), пастаянны шум у вушах (нават перашкаджае сну), на позніх стадыях пашкоджваюцца рэцэптары слыхавога нерва. Лячэнне хірургічнае.

І.​А.​Склют.

т. 11, с. 457

О́ТА ШМІТ,

малая планета № 2108. Сярэдні дыяметр 18 км, сярэдняя адлегласць ад Сонца 364,5 млн. км, перыяд абарачэння 3,8 г. Адкрыта ў 1948 у Сімеізскай абсерваторыі (Крым, Украіна). Названа ў гонар О.Ю.Шміта.

т. 11, с. 457