О́ТА («Otto»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва, якія выйшлі з-пад удараў карнікаў у ліст. 1943 у ходзе карнай аперацыі «Генрых». Праводзілася ў Дрысенскім і Асвейскім р-нах 20.12.1943—1.1.1944 у Вял. Айч. вайну. Мэты аперацыі: знішчыць партыз. сілы на тэр. паміж г. Дрыса і Себеж (Пскоўская вобл., Расія), каб наладзіць па дарогах Дрыса—Себеж і Полацк—Себеж бесперашкоднае забеспячэнне правага фланга групы армій «Поўнач». 20 снеж. з Себежа, Ідрыцы і Шкяўне (Латвія) на Пн, з Даўгаўпілса на З, з Полацка на Пд праціўнік пачаў наступленне супраць партыз. абароны, якая праходзіла па р. Нішча, Дрыса і Свольна, карнікі адцяснілі партызан да апошняй лініі іх абароны — лагераў у раёне в. Роўнае Поле Расонскага р-на, дзе сканцэнтраваліся штабы ўсіх брыгад, шпіталі з параненымі, тысячы жанчын, старых і дзяцей. На сумесным пасяджэнні камандавання брыгад было прынята рашэнне прарваць блакаду і вывесці жыхароў і параненых у сав. тыл. Для выканання гэтай задачы былі створаны 2 ударныя групы: першая ў складзе партыз. брыгад Асвейскай, 1-й і 2-й Дрысенскіх, Латышскага партыз. атрада (узначаліў І.К.Захараў), другая ў складзе 1-й, 7, 11, 12, 20-й Калінінскіх брыгад (В.М.Лісоўскі). 26 снеж. першая ўдарная група нанесла моцны ўдар па карніках каля в. Канюхова (Расонскі р-н), што стварыла магчымасць 30 снеж. амаль 10 тыс. жыхарам пад прыкрыццём партызан пераправіцца цераз р. Дрыса і ўвайсці ў размяшчэнне часцей Чырв. Арміі. Другой ударнай групе прарыў у раёне в. Клясціцы—Юхавічы (Расонскі р-н) не ўдаўся, таму пасля 2-дзённых баёў партызаны і мясц. жыхары, што ішлі з імі, адышлі ў лясы на Пн і З ад в. Роўнае Поле; частка насельніцтва выйшла за лінію фронту па маршруце першай ударнай групы. У ходзе аперацыі «О.» гітлераўцы (паводле даных баявой групы Готберга) расстралялі каля 2 тыс. чал., захапілі для вывазу ў Германію больш за 500 чал., спалілі в. Барысава (загубілі 76 чал.), Кісялі (113), Кашалёва (37), Стралкі (122), Ярмоліна (39), Мельніца (не аднавілася) Верхнядзвінскага р-на. У 1974 у в. Канюхова пастаўлены помнік партызанам і жыхарам, якія загінулі пры прарыве блакады.

У.С.Пасэ.

т. 11, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)