Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

О́ЗЕРАЎ (сапр. Гольдберг) Леў Адольфавіч

(23.8.1914, Кіеў — 18.3.1996),

рускі паэт, перакладчык, крытык. Канд. філал. н. (1943), праф. (1979). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1939). З 1943 у Літ. ін-це імя М.Горкага. Друкаваўся з 1932. У паэт. зб-ках «Прыдняпроўе» (1940), «Лівень» (1947), «Прызнанне ў каханні» (1957), «Святлацень» (1961), «Вечаровая пошта» (1974), «Далёкая чутнасць» (1975), «Неабходнасць прыгожага» (1983), «Зямная вось» (1986), «Гравюра на самшыце» (1990), «Бездань жыцця» (1995) — тэмы мастацтва, прыроды, кахання, зменлівасці свету, спроба асэнсавання часу, пошук ісціны. Выдаў кнігі «Работа паэта» (1963), «Майстэрства і чарадзейства» (1972), «Біяграфія верша» (1981), «Пра Барыса Пастарнака» (1990), «Дзверы ў майстэрню» (1996, успаміны пра Г.Ахматаву, Б.Пастарнака, М.Забалоцкага) і інш. Аўтар раздзелаў пра творчасць Я.Купалы ў падручніках для сярэдняй школы Л.І.Цімафеева «Сучасная літаратура» (1946) і «Руская савецкая літаратура» (1949), артыкулаў пра творчасць А.Куляшова, пра пераклад А.Зарыцкім паэмы К.Данелайціса «Чатыры пары года», успамінаў пра П.Глебку ў кн. «Пясняр мужнасці», (1976). На рус. мову пераклаў асобныя вершы В.Віткі, М.Лужаніна, А.Русака.

Тв.:

Избр. стихотворения. М., 1974;

Думаю о тебе. М., 1981;

Начала и концы. М., 1989;

Страна русской поэзии. М., 1996;

Портреты без рам. М., 1999.

т. 11, с. 427

О́ЗЕРАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (11.12.1922, Масква — 2.6.1997),

расійскі спартсмен (тэніс); спарт. каментатар. Брат Ю.М.Озерава. Засл. майстар спорту СССР (1947). Нар. арт. РСФСР (1973). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1945, Масква). З 1945 акцёр Малога маст. акад. тэатра (Масква). З 1950 спарт. каментатар на радыё і тэлебачанні. 45-разовы чэмпіён СССР (1939—58) па тэнісе ў розных разрадах, абс. чэмпіён СССР (1944, 1953).

т. 11, с. 428

О́ЗЕРАЎ (Уладзіслаў Аляксандравіч) (11.10.1769, с. Боркі Зубцоўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 17.9.1816),

рускі драматург. Скончыў Сухапутны шляхецкі корпус (1787). Друкаваўся з 1794 (вершы, вольныя пераклады). Першая п’еса — трагедыя «Яраполк і Алег» (1798). У вершаваных трагедыях «Эдып у Афінах» (1804), «Фінгал» (1805), «Дзмітрый Данскі» (паст. 1807), «Паліксена» (1809) спалучэнне рыс класіцызму і сентыменталізму. П’есы О. садзейнічалі фарміраванню рус. нац. школы акцёрскай ігры.

Тв.:

Трагедии. Стихотворения. 2 изд. Л., 1960.

Літ.:

Вяземский П.А. О жизни и сочинениях В.А.Озерова // Соч. М., 1982. Т. 2;

Гордин М.А. Владислав Озеров. СПб., 1991.

т. 11, с. 428

О́ЗЕРАЎ (Юрый Мікалаевіч) (н. 26.1.1921, Масква),

расійскі кінарэжысёр. Брат М.М.Озерава. Засл. дз. маст. Славакіі (1971), Польшчы (1972), Чэхіі (1981). Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1977). Скончыў ваен. акадэмію імя Фрунзе (1944), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1951), у 1977—92 выкладаў у ім (з 1984 праф.). У 1971—85 сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў СССР. З 1949 на кінастудыі «Масфільм». Асн. кірунак творчасці — гісторыя Вял. Айч. вайны. Найб. майстэрства дасягнуў у эпічным кінацыкле «Вызваленне»; фільмы «Вогненная дуга», «Прарыў» (абодва 1970), «Напрамак галоўнага ўдару» (1971), «Бітва за Берлін», «Апошні штурм» (абодва 1972; за ўсе Ленінская прэмія 1972), дзе праз спалучэнне строгай дакументальнасці, маштабнасці гіст. абагульнення і прапрацоўкі вобразаў удзельнікаў падзей выявіў веліч подзвігу народа-пераможца. Сярод інш. фільмаў: «Салдаты свабоды» (фільмы 1—4, 1977, сумесна з Польшчай, Чэхаславакіяй, Венгрыяй, Балгарыяй, Румыніяй, ГДР), «Бітва за Маскву» (фільмы 1—4, 1985), «Сталінград» (фільмы 1—2, 1989), «Вялікі палкаводзец Георгій Жукаў» (2-серыйны, 1996). У 1994 на аснове гэтых фільмаў створаны 24-серыйны тэлесерыял «Трагедыі стагоддзя», які ахоплівае ўсе падзеі 2-й сусв. вайны. Зняў відавы фільм «У Нікіцкім батанічным садзе» (1952), маст.-дакумент. фільм «Арэна смелых» (1953, з С.Гуравым; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1953), дакумент. фільмы «Дзень маладога чалавека» (1961), «Балада пра спорт», «Алімпійскае свята», «Развітанне з Алімпіядай» (усе 1980), «О спорт — ты свет!» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1982), «Анёлы смерці» (1992); маст. фільмы «Сын» (1955), «Качубей» (1958), «Фартуна» (1959, сумесна з Албаніяй), «Вялікая дарога» (1963) і інш. Аўтар, сааўтар шэрагу сцэнарыяў сваіх фільмаў і фільмаў інш. рэжысёраў.

Літ.:

Кушнирский Я.Н. Профессия: режиссер. М., 1979;

Суменов Н., Сулькин О. Юрий Озеров. М., 1986.

С.У.Пешын.

Ю.М.Озераў.

т. 11, с. 428