О́ЗЕРАЎ (сапр. Гольдберг) Леў Адольфавіч

(23.8.1914, Кіеў — 18.3.1996),

рускі паэт, перакладчык, крытык. Канд. філал. н. (1943), праф. (1979). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1939). З 1943 у Літ. ін-це імя М.Горкага. Друкаваўся з 1932. У паэт. зб-ках «Прыдняпроўе» (1940), «Лівень» (1947), «Прызнанне ў каханні» (1957), «Святлацень» (1961), «Вечаровая пошта» (1974), «Далёкая чутнасць» (1975), «Неабходнасць прыгожага» (1983), «Зямная вось» (1986), «Гравюра на самшыце» (1990), «Бездань жыцця» (1995) — тэмы мастацтва, прыроды, кахання, зменлівасці свету, спроба асэнсавання часу, пошук ісціны. Выдаў кнігі «Работа паэта» (1963), «Майстэрства і чарадзейства» (1972), «Біяграфія верша» (1981), «Пра Барыса Пастарнака» (1990), «Дзверы ў майстэрню» (1996, успаміны пра Г.Ахматаву, Б.Пастарнака, М.Забалоцкага) і інш. Аўтар раздзелаў пра творчасць Я.Купалы ў падручніках для сярэдняй школы Л.І.Цімафеева «Сучасная літаратура» (1946) і «Руская савецкая літаратура» (1949), артыкулаў пра творчасць А.Куляшова, пра пераклад А.Зарыцкім паэмы К.Данелайціса «Чатыры пары года», успамінаў пра П.Глебку ў кн. «Пясняр мужнасці», (1976). На рус. мову пераклаў асобныя вершы В.Віткі, М.Лужаніна, А.Русака.

Тв.:

Избр. стихотворения. М., 1974;

Думаю о тебе. М., 1981;

Начала и концы. М., 1989;

Страна русской поэзии. М., 1996;

Портреты без рам. М., 1999.

т. 11, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)