КЭ́ЛЕХЕН (Callaghan) Морлі Эдуард
(22.9 1903, г. Таронта, Канада — 1990),
канадскі пісьменнік, пісаў на англ. мове. Займаўся журналістыкай. З канца 1920-х г. прафес. літаратар. У рэаліст. раманах «Дзіўны ўцякач» (1928), «Гэта ніколі не скончыцца» (1930), «Перапыненае падарожжа» (1932), «Такая мая каханая» (1934), «Каханая і страчаная» (1951), «Страснае каханне ў Рыме» (1961) і інш., зб-ках апавяд. «Родны карабель» (1929), «Цяпер, калі надышоў красавік» (1936), «Апавяданні Морлі Κ.» (1959), «Цудоўнае і ўтульнае месца» (1975) і інш. натуралістычныя тэндэнцыі і меладраматызм паступова змяняюцца філасафічнасцю і рысамі хрысц. гуманізму. Аўтар зб. ўспамінаў і эсэ «Тое лета ў Парыжы» (1963).
Тв.:
Рус. пер. — Любимая и потерянная М., 1972;
Радость на небесах. Тихий уголок. И снова к солнцу: Романы. М., 1982.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 9, с. 76