Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗРУБ,

сцены драўлянага збудавання, складзеныя з бярвён або брусоў, злучаных у чатырохвугольныя ці інш. формы вянкі. Гл. ў арт. Вянковая канструкцыя.

т. 7, с. 114

ЗРУ́БНАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура бронзавага веку (2-я пал. 2-га — пач. 1-га тыс. да н.э.), пашыраная ў стэпах і лесастэпах Усх. Еўропы. Выдзелена В.А.Гарадцовым у 1901, назва ад пахавальнага абраду. Нябожчыкаў хавалі ў зрубах-ямах, абкладзеных дрэвам, скурчанымі на баку, побач клалі посуд, зброю, прылады працы. Плямёны З.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, жылі ў паўзямлянках, каменных або зрубных жытлах, выраблялі пласкадонны ляпны посуд з геам. арнаментам, бронзавыя прылады працы, зброю, упрыгожанні. Аб’яднанні плямён З.к. адыгралі значную ролю ў фарміраванні кімерыйцаў, а пазней — скіфаў.

т. 7, с. 114

ЗРУХ у супраціўленні матэрыялаў,

від пругкай дэфармацыі, які характарызуецца зменай (скажэннем) вуглоў элементарных паралелепіпедаў цела пры захаванні іх аб’ёму. Прыводзіць да ўзаемнага зрушэння паралельных слаёў матэрыялу з захаваннем нязменнай адлегласці паміж імі. Пры З. мае месца Гука закон: τ=Gγ, дзе τ — датычнае напружанне, што выклікае З., G — модуль З. дадзенага матэрыялу (гл. Модулі пругкасці), γ — вугал З. ці адносны З. Разлік на З. — асноўны для балтовых і заклёпачных злучэнняў і зварных швоў.

т. 7, с. 114

ЗРУХ у тэктоніцы,

перамяшчэнне блокаў горных парод адносна адзін аднаго па разломе ў гарыз. напрамку. Паводле структуры змяшчальных парод вылучаюць З. левыя, правыя, згодныя, нязгодныя, папярочныя, падоўжныя і косыя. Даўж. ад некалькіх метраў да многіх соцень кіламетраў, амплітуда ад некалькіх сантыметраў да многіх соцень кіламетраў (напр., З. Сан-Андрэас у Каліфорніі цягнецца на 1000 км, з амплітудай больш за 100 км).

т. 7, с. 114

ЗРУХ ФАЗ,

велічыня, якая характарызуе адставанне ў часе аднаго перыядычнага (ці квазіперыядычнага) працэсу ад другога. Выражаецца ў градусах, радыянах, долях перыяду ці даўжыні хвалі. Напр., у ланцугах пераменнага току з кандэнсатарам З.ф. паміж токам і напружаннем роўны 90°.

Паняцце «З.ф.» выкарыстоўваюць пераважна для гарманічных ваганняў, напр. паміж напружаннем і сілай току ў розных пунктах доўгай лініі, антэны і інш. Улік З.ф. важны таксама для сістэм з рэактыўнымі элементамі, прызначаных для зруху сігналаў ў часе (фазавярчальнікі, лініі затрымкі і інш.), у оптыцы (гл. Кагерэнтнасць) і інш. У агульным выпадку З.ф. розны для гарманічных складальных розных частот, што вядзе да скажэнняў формы сігналаў, напр.. ва ўзмацняльніках. Гл. таксама Вектарная дыяграма, Магутнасці каэфіцыент.

т. 7, с. 114