Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗЕ́НГЕР (Sänger) Эйген

(22.9.1905, г. Прэсніц, Чэхія — 10.2.1964),

нямецкі вучоны ў галіне ракетна-касм. тэхнікі.

Чл.-заснавальнік Міжнар акадэміі астранаўтыкі, першы прэзідэнт Міжнар. астранаўтычнай федэрацыі (1950—53). Скончыў вышэйшую тэхн. школу ў Вене (1925). З 1936 кіраўнік Ракетнага НДІ у Траўэне. У 1942—45 у н.-д. цэнтры планетарызму ў Айнрынгу. З 1954 кіраўнік НДІ фізікі рэактыўных рухавікоў у Штутгарце (ФРГ). З 1963 праф. Тэхнал. ун-та ў Зах. Берліне. Навук. працы па тэхніцы ракетных палётаў, ракетных самалётаў, фатонных ракет, тэорыі касм. палёту. Аўтар праектаў арыгінальных лятальных апаратаў з вадкаснымі ракетнымі рухавікамі. Медаль Ю.Гагарына Міжнар. т-ва «Чалавек у космасе». Імем З. названы кратэр на Месяцы.

Тв.:

Рус. пер. — Техника ракетного полета. 2 изд. М., 1947;

К механике фотонных ракет. М., 1958.

т. 7, с. 61

ЗЕНДЖА́Н,

горад на ПнЗ Ірана. Адм. ц. астана Зенджан. Каля 200 тыс. ж. (1995). Чыг. станцыя на чыг. Тэгеран—Тэбрыз, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць; запалкавая, эл.-тэхн. (з-д электратрансфарматараў), харчовая. Саматужная вытв-сць дываноў, выраб скур.

Э.Зенгер.

т. 7, с. 61

ЗЕ́НЕЎСКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды на Беларусі. За 0,2 км на Пн ад в. Зенеўцы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Буйны ледавіковы валун ружова-бурага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў. Даўж. 4,7 м, шыр. З м, выш. 2,1 м, у абводзе 9,6 м, аб’ём 16 м3 маса каля 42 т. Прынесены ледавіком каля 220—110 тыс. г. назад са Скандынавіі. На бакавой паверхні захавалася 25 штучных паглыбленняў паўсферычнай формы (1—5 см у папярочніку, да 2,5 см глыбіні), зробленых чалавекам каля 2—2,5 тыс. г. назад. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.

В.Ф.Вінакураў.

т. 7, с. 61

ЗЕ́НЕФЕЛЬДЭР (Senefelder) Алоіз

(6.11.1771, Прага — 26.2.1834),

нямецкі вынаходнік у галіне паліграфіі. У 1796 прапанаваў вырабляць формы высокага друку шляхам хім. апрацоўкі вапняковага каменю. У 1798 распрацаваў спосаб плоскага друку — літаграфію. Пазней сканструяваў літаграфскі станок і ў 1806 адкрыў першую майстэрню ў Мюнхене. Выдаў кн. «Поўнае кіраўніцтва па літаграфіі» (1818).

т. 7, с. 61

ЗЕНІ́Т

(франц. zénith ад араб. земт, літар. шлях, напрамак),

пункт нябеснай сферы, у якім верт. лінія перасякае гэтую сферу над галавой назіральніка.

т. 7, с. 61

ЗЕНІТА́ЛЬНЫЯ ДАЖДЖЫ́, трапічныя дажджы,

дажджы канвектыўнага тыпу з частымі навальніцамі ў тропіках Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Прыкладна адпавядаюць пары года, калі Сонца ў поўдзень стаіць паблізу зеніту. Каля экватара, у зоне вільготных трапічных лясоў, назіраюцца 2 перыяды такіх дажджоў — веснавы і асенні, т. зв. раўнадзенственныя дажджы. Па меры аддалення ад экватара працягласць іх скарачаецца, перыяды збліжаюцца, і каля тропікаў яны аб’ядноўваюцца ў адзін летні дажджлівы сезон. З.д. звязаны з сезоннымі перамяшчэннямі ўнутрытрапічнай зоны канвергенцыі. Вынікам змяшчэння ўвільгатнення ад экватара да тропікаў з’яўляецца змена прыродных зон — ад вільготных трапічных лясоў да саваннаў і трапічных пустынь.

т. 7, с. 61

ЗЕНІ́ТНАЯ АДЛЕ́ГЛАСЦЬ,

вуглавая адлегласць нябеснага свяціла або зямнога прадмета ад зеніту; адна з каардынат у гарыз. сістэме нябесных каардынат. Абазначаецца Z; адлічваецца ўздоўж круга вышынь ад 0° да 180°. З выш. h звязана суадносінамі Z=90°-h.

т. 7, с. 61

ЗЕНІ́ТНЫ АРТЫЛЕРЫ́ЙСКІ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць зенітных пушак (адной ці некалькіх) і розных тэхн. сродкаў для выяўлення цэлі, аўтам. наводкі, вядзення агню і знішчэння паветр. цэлей артыл. агнём. Асн. яго элементы: зенітныя пушкі з боекамплектамі, станцыя гарматнай наводкі, прылада кіравання артыл. зенітным агнём ці выліч. прылада, сінхронная перадача і сістэмы сачэння, агрэгаты электрасілкавання, якія могуць размяшчацца на базе адной (зенітная самаходная ўстаноўка) ці на розных транспартных адзінках.

З.а.к. з’явіліся ў розных арміях у час Вял.

Айч. вайны. Са з’яўленнем зенітных ракетных комплексаў развіваліся гал. чынам малакаліберныя (да 60 мм) самаходныя З.а.к., прызначаныя для знішчэння паветр. цэлей на малых вышынях. Найб. дасканалымі з’яўляюцца зенітныя пушачна-ракетныя комплексы (ЗПРК), здольныя знішчаць самалёты, верталёты, крылатыя ракеты і інш. на выш. да 3500 м і адлегласцях да 8 км. Падраздзяленні ППА Узбр. Сіл Беларусі забяспечаны малакалібернымі З.а.к. ЗСУ-23-4 «Шылка», ЗУ-23-2, С-60, а таксама ЗПРК 2К22 «Тунгуска».

В.М.Бялько.

т. 7, с. 61

ЗЕНІ́ТНЫ РАКЕ́ТНЫ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць функцыянальна звязаных баявых і тэхн. сродкаў для знішчэння паветраных цэлей зенітнымі кіроўнымі ракетамі (ЗКР); адзін з асн. сродкаў ППА. Сукупнасць функцыянальна і тактычна звязаных адзіным камандным пунктам З.р.к. утварае зенітную ракетную сістэму (ЗРС).

Распрацаваны ў канцы Вял. Айч. вайны, у 1950-я г. прыняты на ўзбраенне ў арміях СССР, ЗША і інш. Мае адну ці некалькі пускавых установак, сродкі выяўлення, апазнавання і цэлеўказання, а таксама кіравання ЗКР, тэхн. сродкі (трансп., рамонтныя і інш.) і крыніцы эл. сілкавання. Адрозніваюць наземныя і карабельныя З.р.к.; далёкага дзеяння (на адлегласці больш за 100 км), сярэдняй (ад 30 да 100 км) і малой (ад 10 да 30 км) далёкасці, бліжняга дзеяння (да 10 км); усепагодныя і неўсепагодныя; стацыянарныя і рухомыя (самаходныя, буксіравальныя і пераносныя). Падраздзяленні ППА Узбр. Сіл Беларусі забяспечаны З.р.к. малой далёкасці «БУК», блізкага дзеяння «ОСА-АКМ», а таксама ЗРС С-300 П (С-300-В), С-200-В («Вега») і інш.

З.А.Валевач.

Да арт. Зенітны артылерыйскі комплекс: зенітны пушачна-ракетны комплекс «Тунгуска-М».
Зенітны ракетны комплекс БУК-М1.

т. 7, с. 62

ЗЕНІ́Т-ТЭЛЕСКО́П,

астронама-геадэзічная прылада для вымярэння малых рознасцей зенітных адлегласцей зорак з мэтай вызначэння шыраты месца назірання (гл. Шырата геаграфічная). Складаецца з устаноўленага на азімутальнай манціроўцы рэфрактара, у факальнай плоскасці якога знаходзіцца акулярны мікрометр. Труба тэлескопа замацавана на гарыз. восі, вярчэннем вакол якой устанаўліваецца неабходная зенітная адлегласць візірнай лініі інструмента. На процілеглым баку гарыз. восі знаходзяцца процівага і круг для адліку зенітнай адлегласці. Нязменнасць нахілу трубы кантралююць дзвюма высокадакладнымі грунтвагамі. Вымярэнні на З.-т. — найб. дакладныя ў класічнай астраметрыі. Сярэдняя квадратычная хібнасць у вызначэнні шыраты ±0,001".

Я.У.Чайкоўскі.

Зеніт-тэлескоп.

т. 7, с. 62